Падзяліцца:
Падчас Вялікай Айчыннай вайны дыктараў вярталі з фронту, а ў эфіры прагучала 3270 перадач (аудыё)
15 Лістапада 2017
Падчас Вялікай Айчыннай вайны дыктараў вярталі з фронту, а ў эфіры прагучала 3270 перадач (аудыё) Асобная старонка ў гісторыі Беларускага радыё звязана з Вялікай Айчыннай вайной. Усяго праз 45 хвілін пасля паведамлення пра пачатак вайны ў эфір выйшаў выпуск беларускіх «Апошніх навін». Да народу звярнуліся кіраўнікі кампартыі і ўрада. А праз два дні па радыё прагучалі першыя ваенныя вершы Якуба Коласа "Шалёнага пса - на ланцуг!" і Пятра Глебкі «Смялей у бой!». Знаёмыя галасы дыктараў заклікалі слухачоў не паддавацца паніцы і хавацца ад бамбёжак у сховішчы. Пасля акупацыі Беларусі радыёстанцыя была вымушана прыпыніць сваю дзейнасць. Але ўжо 1 студзеня 1942-га ў Маскве, у будынку на Пушкінскай плошчы, пачала вяшчанне на кароткіх хвалях радыёстанцыя "Савецкая Беларусь". Сярод першых слоў у эфіры былі: "Слухай нас, родны беларускі народ! Слухай нас, родная беларуская зямля!". Да слухачоў звярнуўся з прамовай Янка Купала. З таго часу ў кожнай перадачы да беларусаў звярталіся вядомыя пісьменнікі, паэты, артысты, навукоўцы, ваеначальнікі. Усяго за ваенныя гады ў эфіры "Савецкай Беларусі" прагучала 3 270 перадач. Аднак, не толькі ў эфіры змагаліся з ворагам работнікі радыё. Многія пайшлі на фронт. Не вярнуліся з вайны выпускаючы рэдактар Міхаіл Сінюкевіч, артысты аркестра Рыгор Буданіцкі і Міхаіл Барсукоў. Даваеннага кіраўніка радыё Міхаіла Екельчыка і яшчэ некалькіх работнікаў фашысты пакаралі за падпольную работу. Некаторых журналістаў вярталі з фронту або з тылу для работы на радыё. Як, напрыклад, добра вядомых слухачам дыктараў Любоў Батвіннік і Уладзіміра Юрэвіча. Апошняга ўрадавая тэлеграма знайшла на адным з абаронных заводаў у Казані. Вяшчанне з тэрыторыі Беларусі аднавілася толькі ў пачатку 1944-га, калі ў Нова-Беліцу пад Гомелем прыбылі тры вагоны з перамяшчальнай радыёстанцыяй. У Мінску ж неабходнае абсталяванне было ўзарвана, разграбілі і будынак радыёстанцыі на вуліцы Рэвалюцыйнай, усё давялося аднаўляць з нуля. Стацыянарнае вяшчанне ў сталіцы аднавілася ў верасні 1944-га. Па матэрыялах кнігі І.Куркова «Мір жывога эфіру». На фота: партызаны брыгады імя Сталіна слухаюць перадачу радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» (ілюстрацыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны)
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: