Для многіх лета – гэта доўгачаканы адпачынак. Як мы яго бавім? Кожны па-рознаму. Але, калі верыць апытанням, большасць беларусаў не плануюць ехаць далёка. Кожны трэці марыць правесці яго на дачы, яшчэ трэць збіраюцца адпачываць дома, на канапе і з тэлевізарам. На адпачынак пакідаюць важныя справы, на якія не хапала часу, збіраюцца зрабіць рамонт і запасы на зіму.
А як жа мора? Беларусы купляюць туры ў Расію, Турцыю, Балгарыю, Егіпет, Грэцыю. Гэтыя краіны лідзіруюць па статыстыцы продажаў. У самастойных турыстаў геаграфія паездак нашмат шырэй.
Працоўны кодэкс гарантуе нам, як мінімум, 24 каляндарныя дні адпачынку. На практыцы ў многіх ён даўжэй. Гэта залежыць ад прафесіі, стажу, умоў працы. Наймальнікі прадастаўляюць дадатковыя дні, як запісана ў вашым кантракце. Самы працяглы – у настаўнікаў.
Кожны чалавек мае права на адпачынак. Менавіта таму практычна ва ўсіх краінах у заканадаўстве прапісаны мінімальны тэрмін, які аплачваецца. Але яго працягласць розная. Больш за іншых жыхароў планеты адпачываюць еўрапейцы. Прыблізна месяц. Хтосьці крыху больш, хтосьці менш.
У Фінляндыі за кожны адпрацаваны месяц даюць 2 з паловай дні адпачынку. За год атрымліваецца 30 дзён. Закон Швецыі гарантуе мінімум 25 адпускных дзён. 20 можна выкарыстаць летам, астатнія 5 – гэта так званы лыжны водпуск. Еўрапейцам даюць дадатковыя дні, каб адзначыць падзеі сямейнага жыцця, здаць экзамены, і нават каб заахвоціць работнікаў, якія не кураць і не маюць лішняй масы цела!
Працягласць адпускоў еўрапейцаў выклікае шок у людзей з амерыканскім светапоглядам. Злучаныя Штаты – адзіная з развітых краін свету, дзе адпачынак – гэта прывілея, а не права. У "Законе аб справядлівых працоўных стандартах" 1938 года ні словам не згадваецца пра аплату адпускоў, бальнічнага ліста і працы ў дзяржаўныя святы. Гэта прадмет перагавораў паміж працадаўцам і работнікам. Наймальнікі самі ўстанаўліваюць правілы. Многія амерыканскія кампаніі даюць ад 5 да 15 дзён, каб адпачыць. Пры гэтым чвэрць работнікаў наогул не ведаюць, што такое аплачаны адпачынак. А, напрыклад, каб атрымаць больш за 5 дзён у год, трэба адпрацаваць у кампаніі 5-8 гадоў. На практыцы на адным месцы мала хто затрымліваецца.
Працадаўцы наймаюць рабочых-імігрантаў не з міласэрнасці і спагады, а для павелічэння прыбытку. Людзі працуюць больш, атрымліваюць менш і не ведаюць што такое адпачынак. Яны вымушаны згаджацца, таму што няма альтэрнатывы. Часта гэта праца сем дзён на тыдзень па 12 гадзін без выхадных, адпускоў і бальнічных. У Амерыцы прынцып такі: працуй, пакуль не працягнеш ногі.
У ЗША склалася асаблівая працоўная культура. Людзі адчуваюць, што калі яны адважацца папрасіць адпачынак, іх будуць лічыць гультаямі. Таму многія гадамі не карыстаюцца сваім правам. Сярэднестатыстычны амерыканскі работнік выкарыстоўвае толькі палову свайго гадавога аплачанага адпачынку. Чаму так робяць? Людзі баяцца страціць працу альбо хочуць мець перавагу перад калегамі ў канкурэнтнай барацьбе за павышэнне па службе. Стрэс, які назапашваецца на працы, прыводзіць да нізкай прадукцыйнасці і праблем са здароўем. Фінансавыя страты ад гэтага вылічаюцца сотнямі мільярдаў долараў.
Праект "Закона аб аплатных адпусках" згубіўся ў кангрэсе ЗША. Бо кангрэсмены адносяцца да тых нешматлікіх амерыканцаў, хто мае гарантаваную колькасць дзён адпачынку, а яго працягласць такая, як у еўрапейцаў...
А ў краінах Азіі браць адпачынак цалкам наогул лічыцца дурным тонам, таму адпачываюць там менш, чым дазволена афіцыйна. Паўднёвая Карэя – краіна-працаголікаў. Больш за чвэрць яе жыхароў працуюць дзесяць і больш гадзін у суткі. Шасцідзённы працоўны тыдзень тут хутчэй норма, чым выключэнне. А замест 15 адпускных дзён, карэйцы выкарыстоўваюць толькі 6! Людзі ведаюць аб праве на адпачынак, але яны адчуваюць віну за тое, што не працуюць.
З кожным годам грамадзянам Мексікі даводзіцца працаваць усё больш. Нягледзячы на цяжкія будні, краіна займае перадапошняе месца ў свеце па працягласці адпускоў. Мексіканцы маюць толькі 6 свабодных дзён у год. Менш адпачываюць толькі філіпінцы: адпачынак там доўжыцца пяць дзён.
Так што, мы шчаслівыя людзі! Права на адпачынак нам дае Канстытуцыя. Вядома, збіраючыся ў водпуск, варта задумацца: як правесці яго з карысцю? Час – самае каштоўнае з таго, што чалавек можа траціць. Ёсць мноства спосабаў, як марнаваць вольны час, і ніводнага, каб яго вярнуць.