Падзяліцца:
«Паралелі. Алімпійскія традыцыі». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
23 студзеня 2018
«Паралелі. Алімпійскія традыцыі». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) 94 гады таму ў дадатак да летніх прайшлі першыя ў гісторыі Зімовыя Алімпійскія гульні – 24 студзеня 1924 года ў французскім Шамані пад патранажам Міжнароднага алімпійскага камітэта правялі “Міжнародны спартыўны тыдзень з нагоды VIII Алімпіяды”. На спаборніцтвах ля гары Манблан не было алімпійскай сімволікі, афіцыйна алімпійскі сцяг не ўздымалі, праўда, яго прыносілі на некаторыя спаборніцтвы. Гэты факт пазней пераканаў свет прызнаць спартыўныя спаборніцтвы ў Шамані алімпійскай падзеяй. Такім чынам, спартыўны тыдзень сталі называць першымі Зімовымі Алімпійскімі гульнямі. У Шамані разыгралі 15 камплектаў узнагарод у васьмі відах спорту: бабслеі, канькабежным спорце, лыжным дваябор’і, лыжных гонках, фігурным катанні, хакеі, лыжным патруляванні і скачках на лыжах з трампліна. Таксама праходзілі спаборніцтвы па кёрлінгу, але ў афіцыйную праграму яны ўключаны не былі. Цікава, што на першых гульнях дзяўчаты ўдзельнічалі толькі ў спаборніцтвах па фігурным катанні. І самай юнай стала нарвежка Соня Хені. На момант адкрыцця алімпіяды ёй было 11 гадоў і 295 дзён. У Францыі Соня заняла апошняе месца, аднак на другіх і трэціх Зімовых гульнях брала золата. Першым чэмпіёнам у гісторыі Зімовых Алімпійскіх гульняў стаў амерыканскі канькабежац Чарлі Джутроў, які выйграў забег на 500 метраў, хоць усе астатнія ўзнагароды на лядовай дарожцы заваявалі нарвежцы і фіны. Ва ўсіх лыжных дысцыплінах пераможцамі сталі спартсмены з Нарвегіі. Пры падліку ачкоў у скачках з трампліна суддзі ў 1924-м дапусцілі памылку. З-за яе бронзавым прызёрам быў абвешчаны нарвежац Хеўг, хоць на самай справе трэці вынік паказаў Хаўген, які выступаў за Амерыку. Справядлівасць аднавілі праз 50 гадоў. Хаўгену ўручылі яго ўзнагароду з першай зімовай алімпіяды ў 86 гадоў! Адзіным відам спорту ў Шамані, дзе практычна адсутнічала барацьба за золата, стаў хакей. Перамагла зборная Канады, якую прадстаўляла аматарская каманда ветэранаў з Таронта. Канадцы выйгралі пяць матчаў з агульным лікам 110:3. А матч са швейцарцамі завяршыўся з лікам 33:0! У 1936 годзе на Белай Алімпіядзе у нямецкім Гарміш-Партэнкірхене з’явілася традыцыя запальваць чашу з алімпійскім агнём на цырымоніі адкрыцця і тушыць яго ў дзень закрыцця. Зімовыя гульні 1952 года праходзілі ў Нарвегіі. Тады нарадзілася яшчэ адна традыцыя – эстафета Алімпійскага агню, якая зараз стала абавязковым элементам гульняў. Сёмая Белая Алімпіяда-56 у Італіі, у Карціна д’Ампеца стала знакавай. Менавіта тады з’явіліся першыя прамыя тэлевізійныя трансляцыі алімпійскіх спаборніцтваў. Адзін з самых кур'ёзных момантаў адбыўся ў 1972 годзе ў японскім Сапара. Калі на стадыён унеслі алімпійскі сцяг, адзін з гледачоў заўважыў, што парадак размяшчэння каляровых кольцаў, узаконены Алімпійскай хартыяй, быў пераблытаны. Тады высветлілася, што сцяг “з памылкай” вывешвалі на ўсіх Зімовых Алімпійскіх гульнях, пачынаючы з 1952 года. І за дваццаць гадоў ніхто нічога не заўважыў. З 1924-га па 1992-гі летнія і зімовыя алімпіяды праходзілі ў адзін год, але з 1994-га іх развялі. Цяпер прамежак паміж летнімі і зімовымі гульнямі – два гады. Дарэчы, Гульні-94 у Лілехамеры сталі першымі, на якіх Беларусь выступала як незалежная дзяржава. Да адкрыцця чарговых Зімовых гульняў засталося 16 дзён. Пройдуць яны з 9 па 25 лютага ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане. Зіма ў гэтай мясцовасці доўгая і снежная. Так што ўмовы для зімовых відаў спорту ідэальныя. Але снег у Азіі адрозніваецца ад еўрапейскага, ён больш сухі і шчыльны. Паўднёвая Карэя атрымала Зімовую Алімпіяду толькі з трэцяй спробы. У цырымоніях адкрыцця і закрыцця Гульняў будзе занята вельмі мала акцёраў. Арганізатары робяць упор на высокія тэхналогіі. Кажуць, што жыллё ў алімпійскай вёсцы зусім маленькае. Ложкі ў пакоях спартсменаў займаюць амаль усё месца. Пхёнчхан у перакладзе з карэйскай азначае мір і росквіт. Лепшага лозунгу для правядзення Алімпіяды не знайсці! Амаль 3000 атлетаў разыграюць 102 камплекты медалёў у спаборніцтвах па 15 відах спорту. Міжнародны алімпійскі камітэт уключыў у праграму некалькі новых дысцыплін: мас-старт у канькабежным спорце, біг-эйр у сноўбордзе, камандныя спаборніцтвы ў гарналыжным спорце і дабл-мікст у кёрлінгу. Розніца паміж Мінскам і Карэяй – шэсць гадзін. Так, біятланісты будуць выходзіць на старт вечарам, а ў Мінску тады будзе 13-14 гадзін. Таксама ў дзве гадзіны дня па Мінску пройдуць фіналы ў лыжнай акрабатыцы. Многія іншыя спаборніцтвы адбудуцца, калі ў Беларусі будзе ноч ці раніца. Напрыклад, аматарам гарналыжнага спорту трэба быць ля тэлевізара ў 5 гадзін раніцы.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: