
Двойчы разведзеная 46-гадовая жыхарка ЗША шукала шчасця на сайце знаёмстваў - інтэрнэт звёў яе з чалавекам, які жыве ў Афрыцы, яны ніколі не сустракаліся, але рэгулярна гадзінамі гутарылі па тэлефоне і пісалі адно аднаму лісты. Ён прадставіўся грамадзянінам ЗША з італьянскімі каранямі. Вярнуцца дадому яму пастаянна перашкаджалі абставіны непераадольнай сілы. То страціў крэдытную карту, то яго несправядліва абвінавацілі мясцовыя ўлады. Каб дапамагчы анлайн-жаніху, жанчына за паўтара года размоў паступова пераслала яму ўсе свае зберажэнні, а затым прадала нерухомасць на 500 тысяч долараў. Спробы сваякоў раскрыць амерыканцы вочы на меркантыльную сутнасць адносін не мелі ніякага плёну. Яна ўсё роўна верыла ў абяцанні мужчыны, якога ніколі не бачыла і якому пераслала амаль паўтара мільёна долараў!
Хтосьці падумае: чарговая амерыканская трагедыя... Але падобнае адбываецца не толькі за акіянам, але і ў нас, прычым даволі часта.
У Вілейскім аддзяленні крымінальнага вышуку завяршылася праверка справы аб махлярстве. У міліцыю звярнулася жанчына, якая патлумачыла, што пералічыла «амерыканскаму салдату» больш за тры тысячы долараў на паездку ў Беларусь. Пазнаёміліся праз інтэрнэт. Мужчына назваў сябе амерыканскім міратворцам у Афганістане, распавёў, што жонка яго загінула ў аўтакатастрофе, захацеў сустрэцца з беларускай. У Афганістан запрасіць не мог, а на білет у Мінск не было грошай. Нібыта зарплата паступае на рахунак у ЗША. Жанчына пагадзілася вырашыць грашовыя складанасці, пераслала долары, а калі зразумела тэхналогію падману, было позна.
Раскрыць такія справы вельмі складана, калі грошы пайшлі за мяжу, злачынцы навучыліся замятаць сляды, пераводзіць сродкі з аднаго рахунку на другі. Падобны выпадак быў і ў Маладзечне. Жанчына пералічыла 16 тысяч долараў ашуканцу, які назваў сябе “генералам арміі ЗША”.
Махляры насяляюць не толькі інтэрнэт, з імі можна сустрэцца ў рэальным жыцці і ў самых нечаканых месцах. Ахвярамі падману становяцца, як правіла, добрыя, прыстойныя, спагадлівыя і салідарныя людзі. Дзяўчына ехала на сваёй машыне ў Мінск. Спынілася на запраўцы, убачыла аўтамабіль з расійскімі нумарамі. З яго выйшаў прыемны мужчына, распавёў пра сваю бяду. Дзіця пашкодзіла банкаўскую картку, а наяўных няма нават на бензін. Папрасіў 200 рублёў, а ўзамен прапанаваў новы тэлефон, які нібыта ўтрая даражэйшы. Жанчына аддала грошы, прыехала дадому, а калі паспрабавала зарадзіць тэлефон, ён згарэў. Аказалася, што гэта імітацыя смартфона. Здавалася б, трук вядомы, але трапляюцца на яго ўсё новыя і новыя ахвяры.
Ужо 10 гадоў, як у Беларусі забаранілі рэкламу чараўнікоў, ведзьмакоў, прадракальнікаў, гіпнатызёраў, варажбітак і іншых асоб, якія заяўлялі пра свае неверагодныя здольнасці. Куды падзеліся гэтыя людзі? Хтосьці стаў выдаваць сябе за псіхолага, а хтосьці зусім не стаў маскіравацца. У інтэрнэце такіх аб’яў непачаты край. Цікавасць да гэтай тэмы падаграваюць тэлепраграмы пра звышздольнасці чалавека.
У Гродне распачалі крымінальную справу за махлярства. Варажбітка абяцала зняць праклён, але проста так ён не здымаўся. За паслугу ўзяла грошы і золата. Да жыхаркі Рэчыцы на вуліцы падышла вядзьмарка, сказала што трэба лячыцца ад дрэннай кармы. У выніку падманшчыца выцягнула 20 тысяч рублёў!
На слыху гісторыя жыхаркі Віцебска, якая пералічыла расійскім тэлевізійным экстрасэнсам каля 120 тысяч долараў. Аддала ўсе свае зберажэнні, пазычыла ў сваякоў і знаёмых. Усяго адправіла 38 грашовых пераводаў! Тлумачыць, што рабіла гэта нібыта пад гіпнозам.
Падобных сюжэтаў з нешчаслівым фіналам нямала. Але вучыцца на чужых памылках не ў кожнага атрымліваецца. Таму гісторыі паўтараюцца. Вось адна з апошніх. Махляр выманіў у мінчанкі 52 тысячы рублёў “на інвестыцыі ў прыбытковы бізнес”. Знаёмства адбылося праз інтэрнэт. Абмяркоўвалі, куды можна ўкласці грошы і як на гэтым зарабіць. Сустрэліся і ў той жа дзень аформілі на імя мінчанкі шэсць крэдытаў у розных банках. Усе грошы забраў новы знаёмы. Спачатку ён плаціў па гэтых крэдытах, але потым жанчыне сталі паступаць званкі з банкаў з просьбай пагасіць запазычанасць. У аператыўнікаў ёсць інфармацыя, што ад злачынных дзеянняў зламысніка пацярпелі і іншыя людзі...