Ірландская спявачка Шынейд О'Конар сур'ёзна напалохала сваіх прыхільнікаў - у відэазвароце яна распавяла пра цяжкую барацьбу з дэпрэсіяй, ад якой пакутуе ўжо даўно... Спявачка некалькі гадоў жыве ў адзіноце ў Амерыцы. Адзіны блізкі чалавек у яе жыцці — псіхіятр.
У яе чацвёра дзяцей. Яна не раз прасіла родных прыехаць да яе і забраць, але тыя не адказвалі. Шынейд О'Конар запісала відэа, каб сказаць усім людзям, наколькі цяжка жыць з такім дыягназам. Людзі, якія пакутуюць ад дэпрэсіі – “самыя ўразлівыя ў свеце”, ад іх у цяжкі момант часта адварочваюцца родныя і блізкія.
Спявачцы 50 гадоў. Сусветная папулярнасць прыйшла да яе ў 1990-х. Яна запісала 10 сольных альбомаў. Але хваробе не важна, звычайны ты чалавек ці знакаміты. “Я хачу жыць і не хачу паміраць”, — кажа спявачка ў сваім звароце і падкрэслівае, што складаней за ўсё жыць нават не з хваробай, а з тым, як на яе рэагуюць навакольныя. Людзі лічаць, што ты сам вінаваты ў сваіх праблемах.
Ірландка падкрэслівае: “Такіх, як я, мільёны, але не ва ўсіх ёсць такія ж магчымасці, як у мяне”. Спявачка заклікае людзей, у якіх хварэюць сваякі, паехаць і падтрымаць іх, бо часта яны змагаюцца са сваёй хваробай у поўнай адзіноце, думаюць, што ўсе ад іх адракліся.
Дэпрэсія — адна з асноўных прычын дрэннага стану здароўя і інваліднасці ва ўсім свеце. Яна прычыняе псіхічныя пакуты, негатыўна адбіваецца на здольнасці чалавека выконваць паўсядзённыя задачы, часам можа мець катастрафічныя наступствы для ўзаемаадносін з блізкімі і сябрамі. Гэта другая прычына смерці сярод людзей ва ўзросце 15-29 гадоў.
Больш за 300 мільёнаў чалавек на планеце сёння жывуць з дэпрэсіяй. Хаця многія яе нават не лічаць хваробай. А таму не звяртаюцца па лячэнне, якое неабходна, каб нармальна жыць.
Па прагнозах СААЗ, псіхічныя расстройствы да 2020 года ўвойдуць у пяцёрку захворванняў, якія вядуць да страты працаздольнасці. Ва ўзроставай групе старэйшых за 40 гадоў кожны дзясяты пакутуе ад дэпрэсіі, з іх дзве трэція — жанчыны. Ва ўзросце 65 гадоў дэпрэсія сустракаецца ў кожнага трэцяга, сярод падлеткаў да дэпрэсіўных станаў схільныя ад 15 да 40%!
Адной з прычын дэпрэсіі называюць зніжэнне выпрацоўкі гармону шчасця — сератаніну, які ўдзельнічае ў фарміраванні станоўчых эмоцый. Сератанін немагчыма прымаць у выглядзе таблетак, яго стварае сам арганізм. А дапамагаюць у гэтым вітаміны групы В, прадукты з павышаным утрыманнем магнію (сухафрукты, марская капуста), а таксама кіслоты амега-3, якіх шмат у марской рыбе.
75% людзей, якія пакутуюць ад глыбокай дэпрэсіі, не атрымліваюць адэкватнага лячэння. На думку спецыялістаў, гэта звязана не толькі з маштабамі медыцынскай дапамогі, але і з адсутнасцю ў людзей інфармацыі па гэтай праблеме. Вучоныя ўстанавілі: людзі, якія займаюць прэстыжныя пасады, упадаюць у дэпрэсію часцей і вылечыць іх значна складаней.
Для пачатку трэба заўважыць хваробу. І чым раней, тым лепш. Інакш чалавек прывыкае да прыгнечанага эмацыйнага стану і ўспрымае яго як норму. А наступствы дэпрэсіі, як правіла, цяжкія. Ёсць некалькі прыкмет, якія павінны насцярожыць: дрэнны настрой, затарможанасць, цяжка думаць і падбіраць словы. Бацькам раяць больш уважліва прыглядацца да змен у паводзінах дзіцяці, звяртаць увагу на парушэнні сну і апетыту. Гэта таксама могуць быць раннія прыкметы дэпрэсіі.
Для таго, каб не патрапіць у групу рызыкі, рэкамендуюць выконваць простае правіла: восем гадзін у суткі — на сон, восем гадзін — на працу, восем гадзін — на адпачынак. Некаторыя людзі спяць па пяць гадзін і перакананыя, што ім гэтага хапае. На самай справе яны таксама ў групе рызыкі.
Калі вам здаецца, што ў вас дэпрэсія — раскажыце пра гэта чалавеку, якому давяраеце, не маўчыце. Гэта хвароба, якая не пройдзе сама па сабе. Ёй павінен займацца ўрач-спецыяліст. Шмат рухайцеся, займайцеся спортам, не забывайце правільна харчавацца. Пазбягайце стрэсавых сітуацый і больш размаўляйце з людзьмі.