Падзяліцца:
27 Верасня 2017
Ёсць дзве рэчы, на якія людзі трацяць грошы без шкадавання - гэта адукацыя і падарожжы. У мінулым годзе жыхары нашай планеты зрабілі мільярд 200 мільёнаў турыстычных паездак. Колькасць міжнародных турыстаў расце прыкладна на 50 мільёнаў ужо восьмы год запар пасля глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу. Турызм стварае новыя працоўныя месцы і фактычна корміць многія краіны. Гэта сфера паказала незвычайную жыццяздольнасць, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, у тым ліку звязаныя з бяспекай. Прагноз на 2017 год таксама аптымістычны. Колькасць турысцкіх прыбыццяў па ўсім свеце зноў вырасце на 4%. Турысты з Кітая трацяць больш за ўсіх у свеце. Жыхары КНР застаюцца лідарамі па гэтым паказчыку з 2012 года. Вандруюць па ўсім свеце, але ў асноўным наведваюць Японію, Карэю і Тайланд. Таксама папулярнымі маршрутамі застаюцца ЗША і Еўропа. Такім чынам, жыхары Кітая летась інвесціравалі ў эканоміку іншых краін 260 мільярдаў долараў. На якую частку гэтых грошай магла б прэтэндаваць Беларусь? Перш чым лічыць магчымы прыбытак, трэба распрацаваць лагістыку, маршруты, забяспечыць харчаванне і пражыванне, правесці інфармацыйную кампанію. Несумненна, прывабны фактар – бязвізавы ўезд. Грамадзянам Кітая плануецца адмяніць візы для паездак у Беларусь на 30 дзён. Зараз над гэтым пытаннем актыўна працуюць дыпламаты дзвюх краін. Ёсць ідэя аб’явіць 2018-ы Годам турызму Беларусі і Кітая. А ў цэлым, пяцідзённым бязвізавым рэжымам для ўезду ў Беларусь ужо скарысталіся сёлета больш як 50 тысяч турыстаў. Зараз разглядаецца пытанне аб павелічэнні тэрміну. Гаворка ідзе пра 10 сутак. Ёсць планы распаўсюдзіць бязвізавы ўезд не толькі праз Нацыянальны аэрапорт "Мінск", але і праз іншыя пункты пропуску. За апошні год расіяне сталі радзей выязджаць за мяжу для адпачынку, але пры гэтым трацяць больш грошай на 40%, паказала даследаванне. 730 еўра замест 570. Пры гэтым скарачаецца колькасць турыстаў, якія выязджаюць за мяжу праз турагенцтвы. Адна з асаблівасцей самастойных падарожнікаў – імкненне да больш актыўнага адпачынку. Гэты трэнд павінна ўлавіць і наша індустрыя гасціннасці. Бо Беларусь стала адным з найбольш прывабных напрамкаў для расіян. Сёння турыстаў ўсё больш цікавяць не толькі адметнасці і якасныя паслугі. Людзям цікава, чым жыве краіна, якія ўнікальныя падзеі адбываюцца. Краіны, арыентаваныя на турыстаў, маюць свае брэнды. Брэнд Беларусі, які адлюстроўвае нашу ўнікальнасць, абяцаюць прадставіць да канца года. У ідэале іх павінны мець усе раёны. Бо тэрыторыі таксама змагаюцца за сваю пазнавальнасць, шукаюць брэнды ў гісторыі, геаграфіі, прыродных рэсурсах, фальклоры, традыцыях. Падобныя сімвалы выклікаюць цікавасць і становяцца магнітам для турыстаў. Калі такіх няма, іх можна прыдумаць. Прывяду два прыклады. Як прыцягнуць гасцей у глухую вёску, дзе няма ніякіх адментнасцей? Гэту задачу паспяхова вырашылі ў Інданезіі. Маленькая вёска Кампунг выглядала зусім непрыкметна, пакуль урад не выдзеліў 22 тысячы долараў на яе ператварэнне. Усе 232 дамы былі афарбаваны ў розныя колеры, на сценах з'явіліся яркія малюнкі. План спрацаваў. Рознакаляровая вёска стала вядомая ва ўсім свеце. Інвестыцыі ў рэканструкцыю былых трушчоб сталі акупляцца. Вырасла вытворчасць сувеніраў, стала больш пакупнікоў у мясцовай краме. А галоўнае, людзі сталі жыць лепш. У горадзе Мышкін Яраслаўскай вобласці Расіі ўдала абыгралі геаграфічную назву. Там стварылі Музей мышэй, абвясціўшы яго адзіным у свеце. З'явілася калекцыя малюнкаў мышэй: цацкі, посуд, скульптуры. Сабралі мультфільмы пра гэтых жывёл і легенды пра мышэй-падарожніц. Правялі міжнародны фестываль і адкрылі Палац мышы. На фоне выяў жывёлы актыўна фатаграфуюцца турысты, з'явіліся латкі з сувенірамі, і зараз гэта адладжаная індустрыя, якая прыносіць прыбытак. Зарабляць на турыстах можна нават на пустым месцы, як гэта зрабілі жыхары невялікай беларускай вёскі. Праз сацыяльную сетку яны выйшлі на міжнародную арганізацыю валанцёраў. Усё лета ля хаты жылі ў палатках маладыя людзі з розных краін. Пры гэтым палолі агарод, дапамагалі весці гаспадарку, хадзілі ў ягады і збіралі лекавыя травы. Гаспадарам – дапамога, падарожнікам – незабыўныя ўражанні. Турызм – самая крэатыўная сфера. Каб зарабляць, патрэбен не толькі вопыт і стартавы капітал, але найперш жаданне і фантазія. Са святам, Сусветным днём турызму!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: