Падзяліцца:
«Паралелі. Чаму вучаць у школе?» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
20 Жніўня 2018
«Паралелі. Чаму вучаць у школе?» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) Усё бліжэй пачатак навучальнага года – доўгачаканы дзень для тых, хто ўпершыню пераступіць школьны парог. Свята і для тых, хто зробіць чарговы крок па доўгай, але такой цікавай, поўнай адкрыццяў школьнай і студэнцкай дарозе. Сістэма адукацыі змяняецца. Часта кажуць, што яна павінна быць сучаснай, адпавядаць сусветным стандартам. А ці ёсць такія стандарты? Ці варта браць прыклад з іншых краін? Пытанне няпростае. Для гэтага трэба зразумець, як і чаму вучаць у школах свету. У Італіі вучацца 13 гадоў, абавязкова мяняюць школу два разы. Напрыклад, пасля пяці гадоў пачатковай школы, у 11 гадоў, дзеці пераходзяць у сярэднюю. І гэта ўжо школа з іншымі настаўнікамі і аднакласнікамі. Там лічаць, што такая сістэма вучыць дзяцей прыстасоўвацца да новых абставін жыцця і не баяцца перамен. Распарадак дня кітайскага школьніка здаецца неверагодна складаным. Пад’ём у пяць раніцы і самастойныя заняткі. З 8-00 і да 16-00 урокі, а потым да 21-00 – дадатковыя заняткі. Летнія канікулы пачынаюцца ў жніўні і доўжацца адзін месяц. Паасобнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак – распаўсюджаная практыка ў Вялікабрытаніі. І такія школы па-ранейшаму папулярныя. Сярод матываў ёсць такі: у хлопчыкаў і дзяўчынак розныя крытэрыі поспеху, не трэба іх сутыкаць паміж сабой. Фізічнаму выхаванню, як амаль усюды ў Еўропе, надаецца вельмі вялікая ўвага. Паколькі спорт успрымаецца яшчэ і як элемент добрага выхавання і інтэграцыі ў грамадства. Сама вучоба ў сярэдняй школе пачынаецца з тэсціравання, яно дапамагае вучням вызначыцца з далейшым відам дзейнасці. Па выніках тэстаў дзеці выбіраюць сабе прадметы для вывучэння. Паколькі вучні выбіраюць розныя дысцыпліны, то на занятках пастаянна аказваюцца ў новым калектыве. Такім чынам, паняццяў “клас” і “аднакласнікі”, як у нас, там проста няма. Лічыцца, што свабодны выбар прадметаў вырашае праблему прагулаў. Бо школьнікі ходзяць толькі на тыя ўрокі, якія ім цікавыя. Сістэма адзнак у Вялікабрытаніі 100-бальная. Пра амерыканскіх школьнікаў знята шмат камедыйных фільмаў і складзена анекдотаў. Напрыклад, пра тое, што кожны другі не можа паказаць Амерыку на карце. Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што амерыканскія школьнікі рана сталеюць, амаль усе ў 15 гадоў умеюць вадзіць машыну і шукаюць працу. Не працаваць і прасіць грошы ў бацькоў у гэтым узросце лічыцца дзіўным. У школе трэба абавязкова насіць форму. Зроблена гэта, каб пазбегнуць маёмаснай няроўнасці. Падлеткам могуць прапанаваць самім зрабіць сабе расклад. Зыходзяць з таго, што ў 14-15 гадоў вучань ужо мае свае інтарэсы і можа сам вызначыць, якія веды яму спатрэбяцца ў жыцці. Вучоба – гэта хутчэй індывідуальны працэс. А вось спорт, музыка, навуковыя мерапрыемствы, наадварот, аб’ядноўваюць. За школьную каманду на спаборніцтвах можа балець увесь горад. А пераможцы становяцца героямі і мясцовымі знакамітасцямі. У Францыі кожны семестр бацькі па пошце атрымліваюць табель паспяховасці сваіх дзяцей. Усе выкладчыкі пішуць сваё меркаванне. Бацькам адразу становіцца зразумела, за што хваляць, а на якія праблемы трэба звярнуць увагу. Акрамя таго, адзначаюць, колькі заняткаў вучань прапусціў, і колькі з іх не пацверджана дакументамі. У табелі пералічаны ўсе прадметы з адзнакамі па дваццацібальнай шкале. Кажуць, яна лепш адлюстроўвае ўзровень ведаў, больш дакладная, і пры ёй “не схалявіш”. Ёсць калонкі, у якіх указаны адзнакі за папярэдні семестр, каб ацаніць дынаміку. Паказаны сярэдні вынік па класе, каб параўнаць поспехі дзіцяці з іншымі. А яшчэ французскім школьнікам забараняюць карыстацца тэлефонамі. Школьнай формы няма. Затое ёсць шафы, дзе дзеці захоўваюць кнігі і спартыўную форму, каб не цягаць з дому. Навучальны год у Японіі традыцыйна пачынаецца ў красавіку. Школьнікаў і студэнтаў называюць аднымі з самых занятых і працавітых людзей у краіне. Нават у сярэдняй школе велізарная колькасць хатніх і праверачных заданняў. Канікулы карацей, чым у нас, але трацяць іх на падрыхтоўку да экзаменаў і напісанне работ. У Фінляндыі задача сістэмы адукацыі – стварыць камфортнае асяроддзе. Працягласць урока – на меркаванне выкладчыка, хатніх заданняў амаль няма. А ў будучым плануюць наогул адмовіцца ад урокаў у звыклым разуменні. Дзень перастануць дзяліць на прадметы, іх заменяць адзіным на выбар настаўніка, які зможа камбінаваць навукі. Напрыклад, экалогію можна аб’яднаць з эканомікай і палітыкай. Адзін занятак будзе доўжыцца каля трох гадзін з невялікімі перапынкамі. Напэўна, ідэальных школ няма. У любой краіне вучні бываюць незадаволеныя выкладчыкамі, сістэмай адзнак або графікам заняткаў. Але з часам мы разумеем, што школьная пара – лепшы час жыцця. І нават для дарослых першае верасня – гэта свята.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: