Падзяліцца:
«Паралелі. Добрыя навіны пра Беларусь!» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
29 Кастрычніка 2018
«Паралелі. Добрыя навіны пра Беларусь!» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) У сусветнай прэсе з’яўляецца ўсё больш станоўчых водгукаў пра Беларусь – пра нас пішуць як пра краіну, прывабную для турызму, з цікавым культурным жыццём, адзначаюць і поспехі беларусаў у развіцці сучасных тэхналогій. Рэйтынг лепшых краін для падарожжаў у наступным годзе выдавецтва «Lonely Planet» апублікавалі газеты і інтэрнэт-сайты ўсяго свету. Беларусь апынулася на восьмай пазіцыі. Складальнікі парэкамендавалі наведаць нашу краіну ў сувязі з прадоўжаным да 30 дзён бязвізавым рэжымам: «Мінск – гэта горад, куды вы павінны прыбыць, каб не атрымліваць візу. У бездакорна адрэстаўраваным Старым горадзе можна прагуляцца ля вытанчанай ратушы, наведаць модныя бары, далучыцца да святочных вечарын на пешаходных вуліцах». Пішуць, што сапраўдным адкрыццём для гасцей стане сталічная арт-сцэна. Таксама падкрэсліваюць, што горад стаў цэнтрам глабальных падзей і самітаў, а ў 2019 годзе менавіта ў Беларусі пройдуць Другія Еўрапейскія гульні. Выбарам «Lonely Planet» крыху засмучаны ў Новай Зеландыі. Бо гэта краіна ў новым рэйтынгу ў дзясятку не трапіла… У Беларусь запрашае і часопіс «National Geographic Traveler». На думку яго чытачоў, наша краіна стала найлепшай для агратурызму. Беларусь абышла ў галасаванні Італію, Бразілію, Кітай і ЗША. «Сельскі турызм – адзін з самых прывабных варыянтаў адпачынку ў Беларусі. Сёння тут больш за 2 тысячы аграсядзіб», – адзначаюць аўтары. Беларусь ужо была на першым радку рэйтынга лепшых краін для агратурызму, па версіі «National Geographic», у 2016 годзе. Штодзённая брытанская газета «The Guardian» запрашае чытачоў адправіцца ў Налібоцкую пушчу – убачыць світанак у адным з буйнейшых першародных лясоў Еўропы, туман над балотамі, безліч ягад і грыбоў, прайсціся па воўчай сцежцы, паназіраць за птушкамі і дзікімі жывёламі. Паведамляецца, што пяцідзённую паездку можна купіць у Вялікабрытаніі за 969 фунтаў, з улікам авіяпералёту, пражывання, трансфераў і суправаджэння. «Бі-бі-сі» звяртае ўвагу, што турысты ўсё часцей выбіраюць новыя маршруты і наведваюць месцы ва Усходняй Еўропе і Еўразіі. Аўтары агляду канстатуюць, што з пункту гледжання выдаткаў турыстаў найбольшае іх павелічэнне ў перыяд паміж 2010 і 2017 гадамі назіралася ў Азербайджане і Грузіі. Лічбы гавораць пра рост прывабнасці раней нязведаных месцаў. Гэта звязана і з намаганнямі ўрадаў па іх прасоўванні, і са з’яўленнем бюджэтных рэйсаў, і ў цэлым з папулярнасцю падарожжаў. Так, колькасць турыстаў у Азербайджане за гэтыя гады амаль падвоілася, а прыбыткі выраслі больш чым у чатыры разы. За той жа перыяд колькасць гасцей Грузіі вырасла ў тры разы. Што тычыцца нашай краіны, то, паводле ацэнак «Бі-бі-сі», за сем гадоў расходы турыстаў выраслі больш чым на 50%. Пры гэтым агульны аб’ём міжнародных турыстычных прыбыццяў у свеце вырас на 7 працэнтаў у 2017 годзе, што было самым высокім паказчыкам пасля глабальнага эканамічнага крызісу. Даходы ад міжнароднага турызму павялічыліся на 5 працэнтаў і дасягнулі 1,3 трыльёна долараў. Адна з найбольш папулярных і аўтарытэтных газет ЗША «Los Angeles Times» піша: «Маленькая Беларусь становіцца цэнтрам квітнеючай тэхналагічнай эканомікі. Відэагульні, дадаткі для мабільных тэлефонаў і праграмныя прадукты – усё гэта вырабляецца ў IT-парку ў Мінску, які стаў сапраўдным хай-тэк-хабам». Выданне адзначае, што развіццё Viber, надзвычай папулярнага месенджара, у асноўным адбылося ў Мінску. «World of Tanks», адна з самых папулярных у свеце анлайн-гульняў са 160 мільёнамі карыстальнікаў, таксама была распрацавана ў Беларусі. Кампанія PandaDoc, якая прыцягнула каля 20 мільёнаў долараў ад такіх інвестараў, як Microsoft, мае штаб-кватэру ў Сан-Францыска, але большасць супрацоўнікаў знаходзяцца ў Мінску. Амерыканскія кампаніі, якія супрацоўнічаюць з беларускім Паркам высокіх тэхналогій, задаволены вынікамі. Газета звязвае такія поспехі з высокай кваліфікацыяй беларусаў, падатковымі льготамі і спрыяльным візавым рэжымам. Усё больш краін свету прыходзяць да разумення, што спрошчаны візавы рэжым вельмі важны для прыцягнення і турыстаў, і інвестараў. Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка – дзяржава з вельмі складанай візавай сістэмай. Гэта прычына, па якой эканоміка губляе вялікія грошы. Мясцовая прэса шырока абмяркоўвае новыя правілы, якія значна палегчаць падарожжа. Іх нядаўна анансаваў прэзідэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Названы і шэраг краін, грамадзяне якіх змогуць наведваць ПАР без візы, у іх ліку і Беларусь.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: