Падзяліцца:
«Паралелі. Калі дача ў радасць». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
23 Красавіка 2018
«Паралелі. Калі дача ў радасць». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) З кожным цёплым днём усё больш запаўняюцца прыгарадныя электрычкі, расце попыт на насенне і расаду, – дачнікі вяртаюцца ў свае ўладанні. Хтосьці на выхадныя, а ў каго ёсць магчымасць – на ўвесь сезон да першага снегу. Слова “дача” утварылася ад дзеяслова “даваць”. Дачы давалі пры ўмове добраўпарадкавання зямельнага ўчастка, уключаючы будаўніцтва дома. У Расіі такія сядзібы спачатку былі прывілеяй для багатых. Але ў канцы XIX стагоддзя дачу ўжо маглі сабе дазволіць людзі рознага дастатку. У прыгарадах сталі з’яўляцца “пасёлкі для адпачынку” – спецыяльныя месцы для летняга пражывання. Сто гадоў таму дачнае жыццё стала масавай сацыяльнай з’явай, характэрнай толькі для Расіі. У савецкія часы дачы сталі перш за ўсё месцам для заняткаў садаводствам. Тут вырошчвалі гародніну і садавіну, адпачывалі ўсёй сям’ёй у выхадныя дні летам. У 30-х гадах мінулага стагоддзя з’явіліся так званыя “калектыўныя сады” для рабочых і служачых. На адной дачы магло мясціцца некалькі сем’яў. Масавае дачнае будаўніцтва разгарнулася ў 50-60 гады, калі ў краіне заставаліся цяжкасці з харчаваннем. Класічны ўчастак быў шэсць сотак, існавалі строгія абмежаванні на памеры пабудоў, напрыклад, нельга было ўзводзіць двухпавярховыя домікі, забаранялася рабіць падвалы. Акрамя таго, выдавалі невялічкія агароды для бульбы, на іх нельга было будаваць нічога. Потым гэты парадак змянілі. Большую частку абмежаванняў знялі. Сталі будаваць хто як хацеў, часта без праекта, з матэрыялаў, якія ўдалося знайсці. Таму некаторыя дачныя масівы сталі нагадваць бразільскія фавэлы. Дача – гэта наша ўнікальная з’ява. Слова перайшло ў іншыя мовы з рускай без перакладу, як, напрыклад, “sputnik” і “perestroika”. У якіх яшчэ краінах ёсць дачы і чым яны адрозніваюцца ад нашых? У нямецкай мове слова “дача” таксама ўжываецца без перакладу, у сучасную Германію перайшло з ГДР, дзе гараджанам пасля вайны раздавалі ўчасткі зямлі. Як і ўсюды ў Германіі, у дачным таварыстве строгі парадак і абавязковае выкананне правіл. Участкі невялікія, шэсць сотак, усе пасадкі рэгламентаваны. Палову тэрыторыі займае сад з лужком, чвэрць кветнік і толькі чацвёртую частку можна засаджваць агароднымі культурамі. Домікі ўсе невялікія, аднапавярховыя. Зараз дача ў немцаў у асноўным для адпачынку – смажаць шашлыкі, п’юць каву, сустракаюцца з сябрамі. На ўскраінах многіх еўрапейскіх гарадоў, такіх, як Прага, Варшава, Будапешт, сёння можна ўбачыць высокія зялёныя агароджы вышынёй пад два метры, за якімі віднеюцца дахі вельмі сціплых дамоў. Менавіта так выглядае большасць пабудоў. Іх адметная прыкмета – адсутнасць садоў і агародаў. Дачныя традыцыі ў Еўропе адрозніваюцца ад тых, якія існуюць на прасторах былога СССР. Немцы, французы і іншыя еўрапейцы праводзяць час за горадам толькі, каб адпачыць ад гарадской мітусні. На ўчастках усталёўваюць канструкцыі для гамакоў, у кожным садзе абавязковая печ або вогнішча для смажання каўбасак на грылі. Уся садовая мэбля складная і не займае шмат месца. Плошча дачных дамоў, у Еўропе іх яшчэ называюць бунгала, не больш за 15-20 квадратных метраў. Маленькі пярэдні пакой, санітарны блок, куханька, адзін ці два жылыя пакоі. Еўрапейскія дачы – тэрыторыя, закрытая ад пабочных вачэй, паколькі людзі едуць сюды не сустракацца з суседзямі, а схавацца ад іх. Тут пануе атмасфера прыватнасці. Калі заўважаць чужога чалавека, могуць выклікаць паліцыю. Дачы ёсць у Фінляндыі. Прычым, для фінаў яны адыгрываюць вельмі важную ролю. Выкарыстоўваюцца, як правіла, для летняга пражывання і адпачынку. Часта размешчаны на беразе возера ці ракі. Каля дома абавязкова маецца невялікая берагавая саўна. У двары звычайна знаходзіцца навес для грылю і драўляны стол з лаўкамі, каб адпачыць пасля парыльні. А вось градкі і цяпліцы там не ўбачыце – фіны аддаюць перавагу кветкам. Невялікія ўчасткі пад сады і агароды, як правіла, размяшчаюцца ў іншым месцы, на ўскраінах фінскіх гарадоў. Там вырошчваюць ураджай ягад, гародніны і садавіны. У Кітаі зямлю даюць у арэнду, таму ўласная дача – гэта недасяжная мара. Але калі кітайцу пашчасціла мець свой участак зямлі, то ён зробіць там цуд. Нідзе ў свеце зямля не выкарыстоўваецца так эфектыўна. Кожны сантыметр глебы апрацоўваецца. Кітайцы даглядаюць за кожную расліну, на адным участку збіраюць некалькі ўраджаяў. На працягу стагоддзяў жыхарам Кітая не хапала ежы, і яны навучыліся гатаваць нават тыя расліны, што гарчаць. Да гэтага часу ў кітайскай кухні вельмі шмат страў з раслін, якія не сустрэнеш нідзе. А для жыхароў краін СНД дача – і загарадны дом, і агарод, і месца адпачынку. Гэта свабода ад горада, ад руціны, ад этыкету, стылю адзення. Для беларусаў дача застаецца самым папулярным месцам летняга адпачынку. Вядома, ідэальны адпачынак для многіх – гэта паездка на мора, знаёмства з новымі мясцінамі. Але калі прыходзіць лета, усплываюць няскончаныя справы, незапланаваныя пакупкі, і дача зноў выручае.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: