
Міжнародная асацыяцыя менеджменту нерухомасці правяла аналіз, як аплачваюць камунальныя паслугі ў Беларусі і краінах ЕС, хто адказвае за ўтрыманне сумесных домаўладанняў - вынікі прымушаюць задумацца.
Чым з’яўляюцца для ўласнікаў кватэр цеплавая і электрычная энергія, вада і газ? У Еўропе гэта тавар, які купляюць па перадаплаце, авансам. Паказанні ўліку здымаюць дыстанцыйна. Няма авансу – пастаўка газу, вады, электрычнасці спыняецца. Таксама загадзя трэба аплачваць утрыманне ліфта, пад'езда, двара, рамонт дома. У нас гэта жыллёва-камунальныя паслугі, за якія можна плаціць праз месяц пасля спажывання. Самі грамадзяне сочаць за паказаннямі прыбораў уліку, раз у год можа прыйсці кантралёр. А найбольш «знаходлівыя» нават навучыліся падманваць дзяржаву, скажаючы паказанні лічыльнікаў.
Хто атрымлівае субсідыі на аплату камунальных паслуг і ўтрыманне агульнай маёмасці? У краінах ЕС толькі маламаёмныя, у якіх не павінна быць ва ўласнасці кватэры, дачы і аўтамабіля, калі ёсць – трэба прадаць і пагасіць даўгі. У нас усе катэгорыі насельніцтва, нават тыя, у каго па некалькі кватэр, могуць карыстацца льготамі, паколькі тарыфы фіксаваныя, у іх ужо закладзены субсідыі.
Адлічэнні на капітальны рамонт. У еўрапейскіх краінах гэтыя сродкі заўсёды захоўваюцца на разліковым рахунку аб'яднання уласнікаў, велічыня вызначаецца кіраўніком і зацвярджаецца агульным сходам. Уласнік абавязаны забяспечваць рамонт агульнай маёмасці. У Беларусі капітальны рамонт – гэта таксама жыллёва-камунальная паслуга, велічыню адлічэнняў вызначае ўрад, грошы пералічваюцца ў мясцовы бюджэт і адразу расходуюцца.
У выпадку пажару, стыхійнага бедства ў Беларусі шкоду пакрываюць мясцовыя ўлады. У ЕС – сам уласнік або страхавая кампанія, калі ёсць страхоўка. Таксама гаспадар кватэры заплаціць кампенсацыю пацярпелым, калі з яго балкона зваліўся лядзяш або тынкоўка.
Як вырашаюцца спрэчкі ўнутры сумеснага домаўладання? У Еўрапейскім саюзе толькі ў судах. У нас, як правіла, праз звароты ў розныя дзяржаўныя органы.
Канешне, у кожнай краіне свае правілы і традыцыі. Але можна зрабіць выснову, што ў Беларусі дзяржава нясе значныя выдаткі, каб забяспечыць выкананне Закона «Аб абароне спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг». Акрамя таго, плацім мы значна менш. У жыхароў таксама менш абавязкаў па ўтрыманні агульнай маёмасці. Але гэта не значыць, што ўсе задаволены якасцю паслуг. Наадварот, з работай жыллёва-камунальнай гаспадаркі звязана самая вялікая колькасць зваротаў у дзяржаўныя органы. Ацяпленне, рамонт, якасць і кошт паслуг, іх аплата хвалююць практычна кожнага. Праўда, калі верыць апошняму сацыялагічнаму апытанню, больш як 60 працэнтаў грамадзян задаволены работай арганізацый ЖКГ, а доля негатыўных ацэнак знізілася на 18 працэнтаў.
Як будзе далей удасканальвацца сфера ЖКГ? Адказы на многія пытанні даў рэспубліканскі семінар з удзелам Прэзідэнта. Адыход ад перакрыжаванага субсідзіравання павінен ажыццяўляцца за кошт павышэння эфектыўнасці работы галіны, далейшага зніжэння затрат, дыферэнцыяцыі тарыфаў і спалучацца з ростам даходаў насельніцтва. Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі павінны быць пад'ёмнымі для людзей.
Такія сферы, як цеплазабеспячэнне, водазабеспячэнне, капітальны рамонт дамоў, у любым выпадку павінны заставацца пад кантролем дзяржавы. Міністэрству ЖКГ даручана вырашыць пытанне цеплавой мадэрнізацыі жылых дамоў. Трэба разабрацца з фарміраваннем тарыфаў у энергетыцы, менавіта гэта сфера аказвае вялікі ўплыў на кошт паслуг, а значыць застаюцца рэзервы для эканоміі.
На семінары ішла размова і пра канкурэнцыю прыватных і дзяржаўных структур на рынку камунальных паслуг. Справа добрая, калі гэта спрыяе павышэнню якасці паслуг, а спажыўцы задаволены. Але ёсць і сумны расійскі вопыт, які нельга паўтарыць, калі прыватныя арганізацыі значна завысілі кошт тарыфаў, а людзі не могуць расплаціцца.
Яшчэ адно важнае пытанне – знайсці аптымальны баланс: за што адказвае дзяржава, а якія паслугі і ў якім аб’ёме аплачвае насельніцтва? Мы пераконваемся, што вопыт іншых краін не заўсёды падыходзіць нам. Але кожны чалавек павінен адчуваць сябе гаспадаром не толькі сваёй кватэры, а дома, вуліцы і горада, і, па магчымасці, уносіць свой уклад у іх утрыманне.