
Нават самы абачлівы чалавек – рызыкуе. Дома, на працы, падчас паездкі на аўтамабілі, мы рызыкуем сваёй маёмасцю і грашыма, а чалавек, які адкрыў уласную справу, рызыкуе ўдвая. Людзі прыдумалі ўніверсальны спосаб кампенсацыі страт – страхаванне.
Штогадовыя выдаткі чалавецтва на розныя страхоўкі наблізіліся да 5 трыльёнаў долараў. Глабальны страхавы рынак расце хутчэй, чым сусветная эканоміка. Найбольш актыўна людзі страхуюць уласнае жыццё. На гэта сумарна расходуецца да 2 трыльёнаў долараў штогод. Страхаванне маёмасці каштуе трохі менш. А на медыцынскія страхоўкі прыпадае прыкладна трыльён. Нягледзячы на гіганцкія страхавыя прэміі, прыбытак страхоўшчыкаў на глабальным рынку вагаецца ў межах 10 працэнтаў ад атрыманых сродкаў.
Адны страхоўкі заснаваныя на здаровым сэнсе, іншыя выклікаюць здзіўленне. Страхоўшчыкі ў роўнай ступені ўлічваюць усе запыты. У розных краінах дзейнічаюць страхоўкі ад скасавання шлюбу, ад узяцця пад варту, ад увядзення сухога закона, ад незапланаванага бацькоўства або шкоды ад дзеянняў іншапланецян. У ЗША застрахавана паўмільёна хатніх жывёл. Гэты від паслуг аказваюць ва ўсіх штатах краіны. І ёсць прыклады, калі на лячэнне катоў і сабак выплачвалі дзясяткі тысяч долараў.
Сярод прадстаўнікоў шоў-бізнесу пайшла мода страхаваць на велізарныя сумы часткі цела. Хутчэй у рэкламных мэтах, каб даць падставу таблоідам напісаць пра гэта. Але ёсць і рэальныя прыклады страхавых выплат. Брытанскі камедыйны акцёр Роўэн Аткінсан з серыяла “Містар Бін” застрахаваўся на выпадак дарожнага здарэння. Аварыя адбылася праз тры гады. На мокрай дарозе акцёр урэзаўся ў дрэва, нязначна пашкодзіў плячо. Памер страхавых выплат склаў паўтара мільёна долараў!
Самыя вялікія страхавыя выплаты пацягнула банкруцтва амерыканскага банка Lehman Brothers у 2007 годзе. Менавіта гэта падзея стала пачаткам глабальнага эканамічнага крызісу. Тады страхавыя кампаніі выплацілі 100 мільярдаў долараў.
У 2011 годзе ў Японіі моцнае землетрасенне і цунамі забралі жыцці больш як 15 тысяч чалавек і нанеслі сур’ёзны ўрон атамнай станцыі “Фукусіма-1”. Былі цалкам разбураны 90 тысяч будынкаў. Эканоміка Японіі панесла страты ў 350 мільярдаў долараў. А агульная сума страхавых кампенсацый дасягнула 42 мільярдаў.
Каля 40 мільярдаў склалі страхавыя выплаты пасля тэрактаў у Нью-Ёрку 11 верасня 2001 года і пасля разбуральнага ўрагану Катрына. Крушэнне круізнага лайнера Costa Concordia ля берагоў Італіі абышлося страхавым кампаніям у 3 з паловай мільярды долараў. Толькі аперацыя па падыманні патанулага лайнера каштавала каля мільярда. Для параўнання, агульная сума страхавых выплат у выніку катастрофы “Тытаніка” ў 1912 годзе склала каля 12 мільёнаў. Калі гэту суму перавесці ў цяперашнія цэны з улікам інфляцыі, страхавыя выплаты складуць менш за 300 мільёнаў долараў.
У 2009 годзе 17-гадовая брытанская дзяўчына атрымала цяжкія траўмы пасля таго, як у аўтамабіль яе сям’і ўрэзаўся грузавік. Адвакаты дабіліся кампенсацыі ад страхавой кампаніі ў 37 мільёнаў долараў на лячэнне і рэабілітацыю. Гэта абсалютны рэкорд страхавой сумы, выплачанай у якасці кампенсацыі фізічнай шкоды асобнаму чалавеку.
У Швейцарыі людзі расходуюць на розныя полісы больш, чым на ежу ў месяц. Тут, як і ўсюды, ёсць абавязковае і добраахвотнае страхаванне. З абавязковага – здароўе і машыны. У Германіі пераважае добраахвотнае страхаванне, але таксама ёсць абавязковыя страхоўкі. Напрыклад, паляўнічыя абавязаны страхаваць адказнасць пры наступленні няшчаснага выпадку.
Дарэчы, у Беларусі штогадовыя страхавыя выплаты ўжо вымяраюцца сотнямі мільёнаў долараў. У асноўным гэта тычыцца аўтатранспарту і медыцынскага страхавання. Несумненна, страхоўка патрэбна кожнаму, але не кожны яе купляе. Логіка такая: навошта траціць грошы, калі верагоднасць узнікнення страхавога выпадку невялікая. Сапраўды, па статыстыцы, яна рэдка перавышае 5 працэнтаў. Тым не менш, кажуць, што пераломны момант наступіў. І беларусы актыўна страхуюць не толькі дамы і машыны, але выбіраюць пенсійнае, медыцынскае і іншыя віды страхавання.