Падзяліцца:
«Паралелі. Нацыянальны спорт». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
14 Лістапада 2017
«Паралелі. Нацыянальны спорт». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) У свеце сотні відаў спорту, мільёны спартсменаў, а балельшчыкаў, верагодна, мільярды. Ёсць віды не проста папулярныя. Некаторыя называюць “нацыянальным спортам”. Напрыклад, баскетбол у Літве ці футбол у Бразіліі. Рэгбі імкліва набірае папулярнасць у Грузіі, канкурыруючы з футболам. Гэтаму спрыяюць гучныя поспехі нацыянальнай зборнай. А ва Украіне нядаўна ўступіў у сілу закон, які замацоўвае статус нацыянальных відаў спорту. Да іх аднеслі некалькі відаў баявых майстэрстваў, у тым ліку, хорцінг (назва паходзіць ад вострава Хорціца, дзе размяшчалася Запарожская Сеч) і баявы гапак, заснаваны на элементах традыцыйнага казацкага бою. На папулярнасць відаў спорту ў той ці іншай краіне ўплывае палітыка, традыцыі, якія засталіся з каланіяльных часоў, мода, якая прыйшла з суседніх краін. Крыкет зарадзіўся ў XVI стагоддзі ў Англіі. А потым у краінах, дзе панавалі англічане, усталёўваліся іх звычаі. Барбадас і Ямайка даўно атрымалі незалежнасць, але ў крыкет там гуляюць да гэтага часу. Хакей на траве прыйшоў у Індыю і Пакістан у канцы XIX стагоддзя, калі яны былі адзінай краінай і падпарадкоўваліся брытанскай кароне. Гульня англійскіх ваенных спадбалася мясцовым жыхарам. Хакей на траве ў Індыі і Пакістане заўсёды збірае аншлагі. Шэсцьдзясят тысяч гледачоў на стадыёне – гэта звычайная з’ява нават для радавога матча. Футбол папулярны ва ўсіх краінах Амерыкі, акрамя бліжэйшых суседзяў ЗША. У Пуэрта-Рыка, Дамініканскай Рэспубліцы і на Кубе, як у саміх Злучаных Штатах, любяць бейсбол. Для кубінцаў гэта культавы спорт, для дамініканцаў ён падобны на амерыканскую мару. Бейсбол – гэта шанс вырвацца з галечы, стаць багатым і знакамітым. Спорт стаў галіной дамініканскай эканомікі, тут размяшчаюцца знакамітыя бейсбольныя акадэміі. Іх уладальнікі – амерыканскія клубы, якія не саступаюць па даходах мадрыдскаму «Рэалу». Спытайце ў Google, які нацыянальны від спорту ў Фінляндыі? Адказ будзе вельмі нечаканы – таксама бейсбол. А як жа лыжныя гонкі, скачкі з трампліна, хакей? Чаму не лазневы спорт? Бо ў Фінляндыі праходзяць чэмпіянаты па спартыўнай саўне. Да спаборніцтваў дапускаюцца цвярозыя паўналетнія асобы, якія прайшлі медагляд. Кожныя 30 секунд на камяні выліваюць паўлітра вады. Тэмпература каля 100 градусаў. Перамагае той, хто больш вытрымае ў саўне. А бейсбол, дарэчы, у Фінляндыі таксама ёсць, але свой. Называюць яго “песапала”. Гэта камандная гульня з бітай нагадвае лапту. Зараз у Тайландзе папулярныя многія сучасныя віды спорту: гольф, тэніс, боўлінг. Але мясцовыя традыцыйныя віды, такія, як тайскі бокс і баі на паветраных змеях, да гэтага часу прыцягваюць увагу. Тайскі бокс – самы відовішчны від спорту ў краіне, яго першапачатковым прызначэннем была самаабарона. А баі на паветраных змеях любілі тайскія каралі, якія гулялі ў іх стагоддзямі, але і зараз відовішча збірае натоўпы гледачоў. Мэта спаборніцтва – прымусіць чужога паветранага змея прызямліцца на сваёй палове поля. Ці ёсць у Беларусі нацыянальны від спорту? Варыянтаў адказу шмат. Адны назавуць хакей ці футбол, іншыя – біятлон, тэніс ці лёгкую атлетыку. Не будзем забываць і гісторыю. Успомнім, напрыклад, старажытныя рыцарскія турніры. Хоць, па праўдзе кажучы, пасядзець за накрытым сталом і паляжаць на канапе каля тэлевізара – гэта захапленне, у якога таксама шмат прыхільнікаў...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: