Падзяліцца:
«Паралелі. Навучыцца радавацца зіме». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
14 лістапада 2018
«Паралелі. Навучыцца радавацца зіме». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) З кожным днём сонца ўзыходзіць у нашых шыротах пазней, а садзіцца раней, пры гэтым само нябеснае свяціла мы можам з-за хмар і не бачыць. Дзень будзе скарачацца больш як месяц, пакуль не паменьшыцца да 7 гадзін 22 хвілін у Мінску. Атрымліваецца, што людзі ідуць на працу, калі яшчэ цёмна, а вяртаюцца, калі ўжо сцямнела. Ад цемры стамляешся. Кажуць, яна шкодзіць здароўю. Аб праблеме дэфіцыту святла даўно ведаюць жыхары паўночных краін. За доўгія зімовыя ночы і кароткія цёмныя дні адказвае вось Зямлі, размешчаная пад нахілам, з-за чаго святло распаўсюджваецца неаднолькава ў розных шыротах. Стомленасць, прыгнечанасць, дрэнны настрой, частыя прастуды, цяжка ўставаць раніцай. Усё гэта сімптомы недахопу святла. Сонца восенню і зімой недастаткова актыўнае, а без ультрафіялетавага выпраменьвання немагчыма рэакцыя, якая прыводзіць да сінтэзу вітаміну D. Ён, у сваю чаргу, уздзейнічае на імунную сістэму і настрой. Людзі, якія скардзяцца на стомленасць і восеньскую дэпрэсію, часцей за ўсё на самой справе пакутуюць ад недахопу вітаміну D. Яшчэ ў старажытнай літаратуры скандынаваў называлі змрочнымі. Паўночныя гарады пад шэрым небам са змрочнымі людзьмі... Усё гэта, вядома, міф, перабольшанне. Пазнаёміўся я з сям’ёй, якая жыве на самай поўначы Нарвегіі, у Тромсё. У гэтым горадзе каля 70 тысяч жыхароў, размешчаны ён на беразе Паўночнага Ледавітага акіяна, яшчэ далей за Мурманск. А гэта значыць, што Тромсё – самы паўночны буйны горад у свеце. Тут экстрэмальны кантраст перыядаў года. Улетку дзень ніколі не канчаецца, а птушкі спяваюць круглыя суткі. Зімой два месяцы цёмна, сонца не падымаецца над гарызонтам. Як вы жывяцё, пытаюся? Як можна вытрымаць такую доўгую і цёмную зіму? Але мае знаёмыя не выглядаюць панурымі і прыгнечанымі, распавядаюць, як любяць свой горад, запалярную прыроду і паказваюць фатаграфіі з паўночным ззяннем. Даследаванне паказала, што стаўленне да зімы вельмі адрозніваецца ў жыхароў Паўднёвай і Паўночнай Нарвегіі. Самымі пазітыўнымі аказаліся жыхары Тромсё. Зімовая дэпрэсія сярод іх – рэдкасць. Навукоўцы вывучалі гэты феномен і, верагодна, знайшлі адказ на пытанне, чаму жыхарам Тромсё добра і ў цемры. Нават у перыяд палярнай зімы людзі шмат бываюць на паветры, і ім пры гэтым камфортна. Тут успрымаюць зіму як асаблівы час года, калі можна рабіць тое, што не атрымліваецца ў іншыя сезоны. Напрыклад, зімой больш часу праводзяць з блізкімі, з прыемнымі людзьмі. Жыхары не думаюць, што гэта цёмны і дэпрэсіўны перыяд, а ўспрымаюць яго як прыгожую пару года, поўную магчымасцей стварыць сабе свята. Рытм жыцця запавольваецца, у кафэ і рэстаранах раздаюць цёплыя пледы, паўсюль шмат свечак і адкрытага агню, што стварае атмасферу ўтульнасці. А яшчэ трэба памятаць: “не бывае дрэннага надвор’я, бывае дрэннае адзенне”. Ні цемра, ні мароз не перашкаджаюць адправіцца на прагулку, у пешы ці лыжны паход. Нарвежцы проста апранаюцца крыху цяплей, а дзеці гуляюць на вуліцы нават у халодны і цёмны час. Даследаванне паказала таксама, што людзі, якія пазітыўна ставяцца да зімы, у цэлым больш задаволены жыццём і здольныя спраўляцца з цяжкімі задачамі. Як бы ні любілі ў Тромсё зіму, сонца ўсё роўна вельмі чакаюць. Калі святло пачынае вяртацца – прыкладна 21 студзеня – у горад прыходзіць святочны настрой. Жыхары ядуць «сонечныя булачкі» і святкуюць вяртанне сонца. Дзяцей адпускаюць на канікулы, а на рабоце людзі збіраюцца ля вокнаў, каб разам сустракаць першыя прамяні сонца над гарызонтам. Што ж зрабіць, каб атрымліваць прыемныя эмоцыі ад прыходу зімы? Нарвежцы лічаць, што адчуваць сябе зімой крыху больш сонным – гэта нармальна, бо людзі больш спяць, калі цёмна. У гэты перыяд можна атрымаць асалоду ад спакою, пачытаць добрую кнігу, схадзіць у госці. І абавязкова шмат бываць на вуліцы, дыхаць свежым марозным паветрам і радавацца, калі вяртаешся ў цяпло.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: