Падзяліцца:
«Паралелі. Не май сто рублёў...» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
12 лютага 2018
«Паралелі. Не май сто рублёў...» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) Адзін мой сябар сказаў: “Калі б я атрымаў Нобелеўскую прэмію, то за гэтыя грошы купіў бы кожнаму з сяброў кватэру”; на жаль, не ўдалося праверыць, гэта былі эмоцыі або сур’ёзны намер. А вось Джордж Клуні падарыў чатырнаццаці сваім лепшым сябрам па мільёне долараў. Галівудскі акцёр прызначыў дату, сабраў разам старых сяброў і здзівіў кожнага з іх. Іх за накрытым сталом чакаў, акрамя пачастункаў, яшчэ і чамадан з мільёнам долараў наяўнымі. Акцёр патлумачыў гасцям, што гэта яго падзяка за тое, што яны калісьці дапамаглі яму ў жыцці, калі ён яшчэ не быў багатым і знакамітым. Клуні параіў траціць грошы на адукацыю дзяцей або пагашэнне доўгу па іпатэцы. Акцёр лічыць: важна аддаваць, пакуль мы жывыя і разам. Джордж Клуні хоць і не ўваходзіць у першую дваццатку самых багатых акцёраў у Галівудзе, але мае прыкладна 180 мільёнаў долараў. Ён не толькі падарыў па мільёне кожнаму з сяброў, але і аплаціў падаткі на падарунак. А гэта яшчэ па 300 тысяч долараў. Не ўсе сябры акцёра багатыя, некаторыя з іх звычайныя людзі, якім трэба працаваць, каб падтрымліваць свае сем’і. Сярод іх аказаўся бізнесмэн, які не захацеў браць грошы. На гэта Джордж Клуні адказаў: “Калі не возьмеш ты, тады не атрымае ніхто”. У выніку багаты сябар перадаў свой мільён на дабрачыннасць. Што такое дружба? У слоўніку напісана: гэта блізкія адносіны, заснаваныя на ўзаемным даверы, прыхільнасці, агульнасці інтарэсаў. Гэта глыбокая сувязь паміж людзьмі, якая прадугледжвае не толькі вернасць і ўзаемадапамогу, але і духоўную блізкасць, шчырасць і любоў. Дружба ўзнікае спантанна. Нельга прымусіць быць сябрам. Мы хочам быць упэўненымі, што сябар ніколі не здрадзіць і не падмане. Акрамя гэтага, для дружбы важныя агульныя каштоўнасці. Людзям, якія па-рознаму глядзяць на свет, не так лёгка быць разам. А можа гэта не зусім так? Колькі ёсць прыкладаў, калі сяброўства злучае самых розных людзей, рознага статусу поглядаў. Нас могуць аб’ядноўваюць перажытыя цяжкасці, а часам проста выпадак. Многія спрачаюцца, а ці магчыма сапраўдная дружба паміж людзьмі рознага ўзросту, паміж мужчынам і жанчынай? Ці можа быць у чалавека шмат сяброў? Чым можна ахвяраваць дзеля сяброўства? Хто бліжэй: сябар ці сваяк? Усё ж такі родных мы не выбіраем, а сяброўства – гэта наш здабытак. У кожнага свой адказ на гэтыя пытанні, асабісты вопыт. Калі ў чалавека ёсць сапраўдныя сябры, гэта моцна ўплывае нават на тое, наколькі шчаслівым ён сябе адчувае. І наадварот, калі дружба аказваецца несапраўднай, чалавек адчувае глыбокае расчараванне. Аднойчы я спытаў у знаёмага: “Як ты можаш сябраваць з чалавекам, які прыходзіць да цябе ў дом і крадзе рэчы?” Адказ тады здзівіў: “Мы сябруем ўсё жыццё, ведаю, што ён раскайваецца, гэта не зусім здрада, гэта залежнасць, клептаманія. А дружба для мяне важней за сярэбраныя лыжкі”. Што ж, нездарма кажуць, дружба даражэй за грошы. Сябры – гэта асаблівыя людзі. З імі мы можам быць адкрытымі. На іх заўсёды можам спадзявацца. Сябры даюць нам тое, што мы не знаходзім у сям’і, дзе нас акружаюць справы і клопаты. Да сяброў дзяцінства і юнацтва мы прывязваемся мацней за ўсё. Наша кола зносін звужаецца па меры сталення, а новыя сябры становяцца раскошай. Ці можна захаваць дружбу, калі сябры раз’ехаліся па розных гарадах ці краінах? Дружба на адлегласці ўсё ж такі ёсць. Тут усё залежыць ад жадання. Калі дружба па-сапраўднаму важная, ніякія адлегласці не будуць перашкодай. Важна працягваць тэлефанаваць і пісаць, абмяркоўваць вялікія справы і дробязі жыцця, не забываць пра важныя даты. А калі няма сяброў, то дзе іх знайсці? Магчыма, гэтыя парады камусьці дапамогуць. Знайдзіце новае захапленне. Так у вас з’явіцца нагода абмеркаваць з незнаёмымі людзьмі свае інтарэсы. Выкарыстоўвайце сацыяльныя сеткі, якія аб’ядноўваюць людзей з самымі рознымі мэтамі. Часцей выходзьце з дому. Размаўляйце з суседзямі. Будзьце адкрытымі і праяўляйце цікавасць. Акрамя таго, з узростам у нас усё менш вольнага часу, у тым ліку на сяброў. Псіхолагі раяць: арганізуйце свой час, у дружбе, як і ва ўсім, важная рэгулярнасць. Завядзіце свае маленькія рытуалы, якія будуць падтрымліваць вашы адносіны. Плануйце сустрэчы загадзя. Дружба патрабуе пастаянных укладанняў сіл і часу. Эмацыйную аддачу атрымае той, хто сам гатовы дзяліцца сваімі пачуццямі, праяўляць увагу і цярпенне. А яшчэ звяртайцеся да сябра па параду. Прапануеце сваю дапамогу, калі ён мае патрэбу. Калі вы сапраўдны сябар, вы ніколі не будзеце гаварыць дрэнна пра свайго сябра і дзяліцца яго сакрэтамі з іншымі людзьмі. Не забывайце казаць блізкаму чалавеку, што вы вельмі шануеце вашы адносіны.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: