З Пекіна дабрацца да Вялікай Кітайскай сцяны можна двума спосабамі - самастойна знайсці патрэбны вакзал, разгадаць квест “як набыць квіток”, потым трэсціся ў перапоўненых электрычках або аўтобусах, потым доўга ісці пешшу да аб'екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, купіць уваходных білет і такім жа чынам вярнуцца, або...
Я абраў другі варыянт – арганізаваная экскурсія “ўсё ўключана”. Забіраюць з атэля, давозяць да месца, выдаюць квіткі, кормяць у рэстаране. Атрымліваецца даражэй, але не крытычна. Скажу адразу, што заплаціць прыйшлося ў два разы больш, чым каштавала экскурсія. Прывезлі да сцяны, уручылі білет. А за пад'ёмнік туды-назад трэба плаціць асобна. Плюс 15 долараў. Адно з “цудаў свету” аказалася не такім старажытным, як я ўяўляў. Усё адноўлена, свежая цэгла, нават тратуарная плітка, як на мінскіх вуліцах. Прыйшоў час спускацца, а мой білет не прымаюць. Аказалася, уніз вязе фунікулёр іншай кампаніі. Або доўга пешшу па абрывах “казінымі дарогамі”, або яшчэ 15 долараў. Абед у рэстаранчыку сапраўды ўваходзіў у кошт, а напіткі не. Бутэлька вады аказалася “залатой”. І так на кожным кроку.
Ёсць маса людзей, якія хочуць прадаць за долар тое, што каштуе цэнт. У многіх краінах на гасцей глядзяць як на мяшок з грашыма. Ёсць і прафесійныя ашуканцы, якія “працуюць”, пакуль турыст адпачывае. Нарэшце, ёсць куткі свету, дзе з вялікай верагоднасцю могуць абрабаваць і пабіць.
27-гадовая Касандра Дэ Пеколь паставіла рэкорд і трапіла ў кнігу Гінэса як падарожніца, якая наведала ўсе краіны свету за мінімальны час. На гэта амерыканцы спатрэбілася паўтара года. Уся доўгая паездка ў цэлым прайшла спакойна, за выключэннем выпадку ў Перу, калі яе абрабавалі ў таксі. Некаторым шанцуе менш, знайсці непрыемнасці можна нават у першую паездку.
Мехіка. Турыста з Беларусі папярэдзілі: метро ў горадзе небяспечнае, могуць абрабаваць. Мужчына здзівіўся: “Ды хто з маім ростам і камплекцыяй да мяне асмеліцца падысці?”. Усё адбылося за секунды. На пероне яго акружылі больш за дзясятак маладых людзей, стварылі штучную цісканіну. Спартыўнага целаскладу мінчанін не мог ні ўздыхнуць, ні паварушыць рукой. У яго забралі тэлефон, усе грошы, а пусты кашалёк паклалі назад у кішэню.
Мадрыд. Зноў метро. Злачынцы тут не такія нахабныя, “працуюць” больш далікатна. Турыст едзе з сумкамі з аэрапорта. Да яго прыціскаюцца людзі, у кожнага пінжак на руцэ. Пінжак – гэта шырма, якая дазваляе незаўважна абчысціць кішэні. Калі ўбачылі такіх людзей, не сядайце з імі ў адзін вагон.
Індыя. Адзін з найстарэйшых відаў махлярства. Ашуканцы наймаюць дзяцей, каб прасіць у турыстаў грошы. Вас акружае цэлы натоўп маленькіх галодных дзетак, якія разыгрываюць спектакль, каб адцягнуць увагу: цягнуць рукі, крычаць, выціраюць слёзы. А самыя спрытныя ў гэты час забіраюць усё каштоўнае з сумак і кішэняў.
Парыж. У цэнтры горада, у самым людным месцы падыходзіць чалавек з картай і просіць паказаць дарогу да Луўра. Потым ён дзесяць разоў скажа “дзякуй”, пацісне руку, нават абдыме на развітанне і... схаваецца з вашым тэлефонам. Іншая хітрасць працуе ў большасці турыстычных куткоў Зямлі. Махляр прапануе закаханым зрабіць здымак на іх жа фотаапарат, а потым імгненна губляецца ў натоўпе разам з камерай.
Тайланд. Калі вы ўжо засяліліся ў гасцініцу, вам могуць патэлефанаваць у нумар уначы, каб “пацвердзіць інфармацыю па крэдытнай картцы”. Не трэба тлумачыць, што ніякую банкаўскую інфармацыю вы нікому паведамляць не абавязаны.
Балгарыя. Сёлета на курортах зноў з'явіліся ашуканцы, якія прапануюць памяняць валюту на балгарскія левы па вельмі выгадным курсе. Часта яны нават прадстаўляюцца работнікамі абменных пунктаў. Замест гэтага, турысты атрымліваюць грошы, якія даўно выйшлі з абароту. Так, за 400 еўра турыст атрымаў 800 балгарскіх леваў, якія хадзілі да 1992 года!
У Аргенціне і Бразіліі некаторым турыстам не пашанцавала з таксістамі. Вадзіцелю даюць буйную купюру, а ён кажа, што ў яго няма здачы. А вяртае ўжо іншую купюру – фальшывую. Часам таксісты, а таксама касіры і вулічныя гандляры маюць звычку вельмі павольна адлічваць здачу з надзеяй, што вы падумаеце, што вам усё выдалі, і пойдзеце.
У розных краінах турысты наступаюць на адны і тыя ж граблі. Вам прапануюць бясплатна пачысціць абутак, бясплатны масаж на пляжы, любую іншую паслугу. Не згаджайцеся! Заплаціце ў шмат разоў больш!
Вельмі важна ведаць культуру, традыцыі, законы. Тое, што можна рабіць у адной краіне, можа быць забаронена ў іншай. На іспанскай Маёрцы прыйдзецца заплаціць €750, калі памыць садавіну ці абутак ў душы, устаноўленым на пляжы. Прыйшоў на пляж з хатняй жывёлай – заплаці €1500. У Італіі на многіх пляжах забараняецца рэзерваваць месца, пакідаючы ручнік, парасон або крэсла. Можна папоўніць гарадскі бюджэт на €200. Акурак міма урны абернецца штрафам у €300.
Што раяць турыстам у складаных сітуацыях? Не паддавайцеся на правакацыю. Клічце па дапамогу. Не шукайце бясплатны сыр. Няма ніякіх прычын, на якіх мясцовыя жыхары будуць рабіць нешта бясплатна для багатага турыста. А таксама вучыце замежныя мовы!