У Лос-Анджэлесе на бульвары Санта-Моніка ў свой час ўсталявалі табло, якое адлічвае колькасць памерлых ад тытунёвай залежнасці - пачынаецца адлік 1 студзеня, а заканчваецца 31 снежня кожнага года. Лічба, якая паспявае “набегчы”, уражвае...
Курэнне стала масавым у канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя, калі была вынайдзена машына, што робіць цыгарэты. Стаўленне да курэння рэзка пагоршылася ў сярэдзіне XX стагоддзя, калі ўрачы з розных краін супаставілі гісторыі хвароб сваіх пацыентаў. Высветлілася, заўзятыя курцы ў шмат разоў часцей хварэюць на рак лёгкіх і маюць праблемы з сэрцам.
Калісьці вядомыя тытунёвыя кампаніі плацілі велізарныя грошы, каб іх цыгарэты паказалі ў новых серыях пра Джэймса Бонда і іншых папулярных фільмах. У такіх карцін заўсёды вялікая дзіцячая аўдыторыя. А дзеці, як устаноўлена, спрабуюць курыць найбольш раскручаныя цыгарэтныя брэнды. Праглядаючы старыя фільмы, мы павінны разумець, што спажываем праплочаную рэкламу цыгарэт. Можа быць, маюць рацыю людзі, якія прапануюць выдаліць сцэны курэння з фільмаў?
Штогод 31 мая адзначаецца Сусветны дзень без тытуню. Барацьба з курэннем стала прыярытэтнай задачай для ўсёй планеты. Узначальвае гэту работу Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Яшчэ ў 2003 годзе прынята Рамачная канвенцыя па кантролі над абаротам тытунёвых вырабаў. Амаль 200 краін, у тым ліку і Беларусь, узялі абавязацельствы ўвесці абмежаванні на рэкламу і продаж тытуню. Па ацэнках экспертаў, калі б прыняцце гэтай гістарычнай канвенцыі не адбылося, да 2020 года колькасць людзей, якія паміраюць ад хвароб, звязаных з курэннем, узрасла б у два разы.
З характарам забарон звязваюць поспех антытытунёвых кампаній. Лічыцца, што абмежаванне курэння на працоўных месцах дазваляе скараціць спажыванне тытуню сярод супрацоўнікаў у сярэднім на трэць. Рост цэн таксама становіцца выдатным стымулам кінуць курыць. 70-працэнтнае падаражэнне цыгарэт можа скараціць колькасць смяротных выпадкаў, звязаных з тытунём на чвэрць. А ўсебаковая забарона ўсіх відаў рэкламы і спонсарства здольны паменшыць спажыванне тытуню ў сярэднім на 7 працэнтаў.
Найбольш паспяхова барацьба з тытунёвай эпідэміяй ідзе ў тых краінах, якія першымі ўключыліся ў гэту справу. Не ўсе меры сябе апраўдалі. Тым не менш, колькасць курцоў у свеце стала зніжацца. Ірландыя адной з першых ўвяла ўсеагульную забарону на курэнне ў закрытых памяшканнях, дзе працуюць людзі, а таксама ў рэстаранах, пабах і кафэ. Курыць дазволена толькі ў спецыяльна адведзеных месцах у атэлях, на вуліцах, у турмах. Штраф за парушэнне адзін з самых высокіх у Еўропе – 3000 еўра.
Ісландыя ўвяла адпаведную забарону ў 1999 годзе, а праз 15 гадоў колькасць курцоў паменшылася ўтрая. У 2012-м нават прапаноўвалі законапраект, які прадугледжваў забарону на продаж цыгарэт. На думку аўтараў, у Ісландыі яны павінны прадавацца толькі ў аптэках па дазволе ўрача. Атрымаць рацэпт няпроста, спачатку курэц павінен прайсці лячэнне ад залежнасці, і, у выпадку няўдачы, яму выдаецца дазвол на пакупку цыгарэт. Гэты закон так і не быў прыняты, але перыядычна прапануецца зноў.
У сярэдзіне 90-х ісландскія падлеткі пілі і курылі больш за ўсіх у Еўропе. Сёння Ісландыя ўзначальвае табліцу еўрапейскіх краін, у якіх тынэйджары вядуць самы здаровы лад жыцця. Школьнікам паабяцалі ўключыць у праграму бясплатныя майстар-класы па любым відзе спорту або мастацтва, якім яны хацелі б навучыцца. Верагодна, справа ў тым, што танцы, музыка, маляванне або спорт таксама выклікаюць біяхімічныя працэсы ў арганізме, якія дазваляюць лепш спраўляцца са стрэсам. Такім падлеткам не патрэбны алкаголь ці курэнне.
Каралеве Даніі Маргарыце Другой споўнілася 77. Курыць яна шмат, пачала ў 15 гадоў і стала негатыўным прыкладам для сваіх грамадзян. І хоць каралева не змагла расстацца са шкоднай звычкай, яна падтрымала антытытунёвую кампанію. Зараз у Даніі нельга курыць ў грамадскіх месцах і на працы. Частаваць цыгарэтамі на вуліцы не прынята, каштуюць яны вельмі дорага. Шкодная звычка паступова становіцца нямоднай і рэдкай.
Самая паспяховая антытытунёвая кампанія ў свеце амаль паўстагоддзя дзейнічае ў Сінгапуры. За гэты перыяд колькасць курцоў у краіне скарацілася з 55 да 13 працэнтаў. Курыць нельга практычна паўсюдна, нават на вуліцы. Штраф – 1000 сінгапурскіх долараў. І ад пакарання не схавацца. Увесь горад аблытаны сеткай відэакамер. З-за мяжы можна ўвесці толькі адзін пачак, але за кожную цыгарэту трэба заплаціць пошліну.
У гарадах Японіі сталі з'яўляцца цэлыя вуліцы, дзе нельга курыць. У выніку забароненых месцаў так шмат, што перад курцамі стаіць выбар: альбо ў працоўны перапынак паабедаць, альбо патраціць ўвесь вольны час, каб дайсці да курылкі.
Першай краінай, якая забараніла курэнне на ўсёй сваёй тэрыторыі, стала гімалайскае Каралеўства Бутан. Тытунь і вырабы з яго забаронена прадаваць і ўжываць. Хочаш пакурыць – адпраўляйся за мяжу. А калі турыст пачастуе цыгарэтай мясцовага жыхара – аштрафуюць абодвух.
Пятая частка насельніцтва зямлі і чвэрць усіх курцоў жывуць у Кітаі. Гэта краіна лідзіруе па вытворчасці цыгарэт і памеры тытунёвых плантацый. Курэнне стала часткай нацыянальнай культуры. Адмовіцца ад цыгарэты – значыць пакрыўдзіць суразмоўцу. У краіне, дзе кураць 300 мільёнаў чалавек, антытытунёвыя кампаніі ідуць найменш паспяхова. Але гэта пакуль. У Пекіне выдзелілі тысячы інспектараў, якія штрафуюць парушальнікаў.
Пра шкоду курэння ведаюць абсалютна ўсе. Але, нягледзячы на гэта, курыць працягваюць многія. Шкодная звычка скарачае працягласць жыцця на 15-20 гадоў, і калі не развітацца з ёй сёння, заўтра можа быць позна...