Мабыць, няма такой краіны ў Еўропе, дзе не змагаліся б за турыстаў. Гэта вельмі выгадны бізнес. Людзі прыязджаюць на адпачынак, на экскурсіі і пакідаюць у краіне свае грошы, фактычна ствараюць працоўныя месцы. А перамагае ў гэтай барацьбе Іспанія. У мінулым годзе тут адпачывалі 75 мільёнаў замежных гасцей. Трэба разумець, што столькі людзей прыязджаюць не проста з-за таго, што ў Іспаніі добры клімат, цёплае мора, прыгожыя пляжы і шмат гістарычных помнікаў. Тут гасцініцы і рэстараны на любы густ і кашалёк, забавы для ўсіх катэгорый гасцей.
Рост колькасці турыстаў – гэта вынік сур'ёзных інвестыцый і прадуманай стратэгіі. Напрыклад, улады Іспаніі стварылі спецыяльную асацыяцыю, якая павінна прыняць меры па росце даходу краіны ад шопінг-тураў: плануецца на працягу бліжэйшых гадоў падвоіць працэнт турыстаў з краін, грамадзяне якіх трацяць больш за ўсё грошай. Тым самым іспанцы дадаткова атрымаюць 4 мільярды еўра.
Іспанцы навучыліся камерцыялізаваць сваю гісторыка-культурную спадчыну. Нават уваход у храмы ў многіх гарадах платны для турыстаў. Акрамя таго, гэта краіна, у якой кожны дзень адбываецца нейкая падзея, цікавая для гасцей. А калі няма ніякага свята, іспанцы спяшаюцца яго прыдумаць.
На штогадовым свяце віна на дрэвах развешваюць гіганцкія бурдзюкі, з якіх да позняй ночы ўсе жадаючыя могуць піць бясплатна пад музыку фальклорных калектываў, аркестраў і папулярных груп. Гастранамічныя святы і дэгустацыі нацыянальнай кухні праходзяць ва ўсіх рэгіёнах. А самыя ўнікальныя, як фестываль смаўжоў, збіраюць сотні тысяч гасцей з усяго свету.
А знакамітыя кірмашы ў гарадах Андалусіі! Паўсюль раз'язджаюць кабрыялеты, запрэжаныя коньмі, мужчыны і жанчыны апранутыя ў касцюмы ў стылі фламенка, гучыць традыцыйная музыка і ракой льецца віно. Раней красавіцкія кірмашы былі звычайным рынкам, а зараз ператварылася ў вялікае шматлюднае свята.
Вясна прыходзіць у Іспанію з водарам кветак. Гарады запрашаюць на фестывалі, вуліцы, плошчы і двары ператвараюцца ў дзіўныя дэкаратыўныя сады. Самае знакамітае свята двароў праходзіць у Кордаве. Яго суправаджаюць рытмы фламенка, водары язміну і квітнеючых апельсінавых дрэў. Жыхары дамоў у гістарычнай частцы горада з гонарам адкрываюць для наведвальнікаў свае ўнутраныя дворыкі, упрыгожаныя гаршкамі з геранню, язмінам і гваздзікамі, якія развешаны па пакрытых вапнай белых сценах. Днём гасцінныя ветлівыя гаспадары дазваляюць свабодна іх наведваць. Балконы многіх дамоў упрыгожваюцца свежымі кветкамі: іх гаспадары прымаюць удзел у штогадовым традыцыйным конкурсе і жадаюць, каб усе прызналі іх балкон самым прыгожым.
Штогод у Памплону на свята Сан-Фермін прыязджае да 3 мільёнаў турыстаў. Ужо восем стагоддзяў тут праходзяць гулянні, карнавалы, шэсці велізарных лялек, касцюміраваныя прадстаўленні, выступленні вулічных артыстаў, карыда і, вядома, забег раз'юшаных быкоў па гарадскіх вуліцах. Эрнэст Хемінгуэй так быў уражаны атмасферай фестывалю, што наведваў яго кожны год.
Падчас фестывалю тамаціна насельніцтва горада Буньёль, дзе пражывае ўсяго 9 тысяч чалавек, вырастае ў пяць разоў. Знакамітая таматная бітва доўжыцца роўна гадзіну, за гэты час у якасці снарадаў выкарыстоўваюць сотні тон памідораў.
Для знатакоў мастацтва паход у музей Прада – гэта таксама вялікая падзея, а для заўзятараў футбола свята – пабываць на матчы ў Берселоне або Мадрыдзе. Але бадай самае захапляльнае святкаванне праходзіць у Іспаніі ў гэтыя дні. На перадвелікодным тыдні, або Semana Santa па-іспанску, па ўсёй краіне праходзяць рэлігійныя працэсіі. Калоны людзей ад храма да храма праносяць платформы з фігурамі рэлігійнага зместу. Троны, ці вазы з фігурамі святых, могуць быць вельмі вялікіх памераў, важыць некалькіх тон, і здараецца, што адну платформу нясуць да 250 чалавек. Кожная працэсія мае свае касцюмы, уласны аркестр, людзі рыхтуюцца да свята цэлы год.
Традыцыйна Semana Santa пачынаецца ў Вербную або Пальмавую нядзелю і заканчваецца на Вялікадзень.
У турыстычным офісе любога горада можна знайсці кнігі і буклеты з падрабязным раскладам свята. Гэта адна з самых яркіх падзей у Іспаніі. Традыцыя гэтая налічвае некалькі стагоддзяў і строга рэгламентавана: распісаны маршрут, час вынасу платформы з царквы, прыпынкі на шляху і час праходу праз кафедральны сабор, колер адзення, музыка. Кульмінацыя тыдня – ноч з чацвярга на пятніцу, калі ідуць самыя знакамітыя працэсіі. Адна з іх – сіленсьё – праходзіць у поўнай цішыні. Змаўкаюць барабаны, аркестры, заціхаюць гледачы. Маўчанне асвятляецца тысячамі факелаў. Па эмацыйным ўздзеянні маўклівая працэсія, магчыма, самая моцная.
Перадвелікодны тыдзень у Іспаніі варта ўбачыць на свае вочы, гэта немагчыма апісаць. Дарэчы турыстам раяць браніраваць жыллё на Вялікдзень 2018 года ўжо зараз. Нават за паўгода ўсе гасцініцы могуць раскупіць.