Падзяліцца:
Паралелі. Паехаць у Бразілію і захацець вярнуцца зноў. Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага
7 Верасня 2016
Паралелі. Паехаць у Бразілію і захацець вярнуцца зноў. Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага – Што Вы бачылі ў Рыа? - спытаў я ў прызёра Алімпійскіх гульняў? – Ды нічога не бачыў, – быў адказ. – Нас так запалохалі, што мы з алімпійскай вёскі не выходзілі. І ў горадзе ні разу не былі. Падобнае казалі і іншыя нашы спартсмены. Што ж мы ведаем пра Бразілію, акрамя таго, што там робяць добрую каву, праводзяць самы вядомы карнавал, а футбол – нацыянальны від спорту? Бразілія пятая краіна ў свеце па плошчы і колькасці насельніцтва. Не ўсе жывуць багата, але калі нацыянальнае багацце падзяліць пароўну, атрымаецца добры ўзровень, якому пазайздросцяць многія краіны. Хоць розніца паміж беднымі і багатымі – каласальная. Не дзіўна, што ідэя правядзення Алімпіяды не карысталася папулярнасцю. Бразільцы выступілі не столькі супраць Алімпійскіх гульняў, колькі супраць скарачэння сацыяльных праграм, неразумна патрачаных грошай. Пры гэтым кожны бразілец верыць, што ў краіны вялікая будучыня, і ў хуткім часе яна стане лепш і бяспечней. Ці трэба ўсё гэта ведаць турыстам, гасцям, спартсменам? Не абавязкова. Калі не падымацца ў фавэлы, жыццё ў Рыа здаецца нармальным. А людзі тут – гасцінныя, ветлівыя, спагадлівыя. Незалежна ад узроўню жыцця, роду дзейнасці, колькасці грошай, ўзросту і сацыяльнага статусу, бразільцы вельмі шчаслівыя людзі. Яны атрымліваюць асалоду ад жыцця, весяляцца ад душы, усміхаюцца адно аднаму, лёгка заводзяць новыя знаёмствы. І яшчэ вельмі шчырыя і багатыя на эмоцыі. Любой дзяўчыне ў натоўпе пасярод вуліцы могуць крычаць кампліменты наконт яе фігуры, і гэта прыстойна. Бразільцы не спяшаюцца жаніцца і заводзіць дзяцей. Перад вяселлем пары сустракаюцца па пяць-дзесяць гадоў. Дзяцей пачынаюць планаваць пасля трыццяці. Поўнае імя бразільца складаецца мінімум з трох частак: імя, прозвішча маці і прозвішча бацькі. Пасля вяселля жанчына не мяняе прозвішча, а проста далучае прозвішча мужа да свайго. Людзі моцна прывязаныя да сваякоў, таму яны трымаюць кантакты нават з самай далёкай раднёй. Пры сустрэчы і развітанні бразільцы абдымаюцца і цалуюцца ў абедзве шчакі. Калі вы першы раз у жыцці бачыце чалавека, гэта не значыць, што вы не павінны яго абдымаць і цалаваць! Бразільцы вельмі любяць серыялы. Нават на пляжах ёсць вялікія экраны, каб жыхары іх не прапускалі. Серыялы з задавальненнем абмяркоўваюць у крамах прадаўцы з пакупнікамі. І чарга не злуецца, што трэба стаяць доўга. Усе гатовыя паслухаць і падтрымаць размову. Не дзіўна, што жыхары Бразіліі лічацца самым гаваркім народам. Бразільцы ладзяць шумныя гулянкі і выпіваюць нават у аўтобусах. Дома шумныя вечарынкі з музыкай доўжацца да раніцы, – і ніякіх праблем з суседзямі. Тут прынята так, а калі цябе нешта не задавальняе – гэта твае праблемы. І вядома, пад час карнавалу адпачывае ўся Бразілія. Бразільскі карнавал вельмі дэмакратычнае свята, а таксама прыбытковы бізнэс. У Бразіліі культ цела. Гэта краіна лідзіруе па колькасці пластычных аперацый, імплантаў, амаль усе насілі або носяць брэкеты. Практычна ў кожнага чалавека ў Бразіліі ёсць тату або нават некалькі. Пры гэтым Бразілія стала першай дзяржавай, якая забараніла наведванне салярыяў. У бразільцаў няма ў дамах дываноў на падлозе, а сцены ва ўсіх кватэрах белыя. У рэстаранах і крамах складана знайсці свініну і стравы з яе. Гонар Бразіліі – ялавічына. А паспрабаваць яе лепш за ўсё ў шураскарыях – мясных рэстаранах, дзе «усё ўключана». Перад паходам лепш не есці ўвесь дзень. Афіцыянты некалькі гадзін будуць падносіць усё новыя далікатэсы. А самае лепшае і апетытнае – у канцы, калі ўжо няма сіл нават паспытаць. Дарэчы, любімы напітак жыхароў Бразіліі не кава, а какава. Таксама Бразілія лічыцца найбуйнейшым вытворцам яблыкаў у свеце. Людзі, якія жывуць у Бразіліі, імкнуцца быць першымі. Яны вельмі любяць свой сцяг, ён ёсць у кожнага. А таксама папулярныя пледы, купальнікі, футболкі з выявай сцяга. Рыа – горад, які не хочацца пакідаць. Але каб ён адкрыўся, спадабаўся, трэба ўспрымаць яго правільна, непрадузята. Сёння ў Рыа-дэ-Жанейра адкрываюцца Параалімпійскія гульні. Пажадаем нашым спартсменам паказаць свой характар, прывезці ўсе медалі, пра якія мараць, і атрымаць асалоду ад гэтага фантастычнага горада. Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: