Падзяліцца:
23 сакавіка 2017
У Італіі прыняты закон, накіраваны на тое, каб прадухіліць разбазарванне велізарных аб'ёмаў харчовых прадуктаў, якія выкідваюцца кожны год. Дарэмная трата харчовых прадуктаў абыходзіцца эканоміцы і жыхарам краіны ў больш чым 12 мільярдаў еўра ў год. Гэта можа перавышаць 1% валавога ўнутранага прадукту. І гэта праблема тычыцца не толькі Італіі. Паводле ацэнак Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, у свеце губляецца трэцяя частка прадуктаў харчавання, а ў Еўропе – да 40%. Прадукты, якія выкідваюцца на нашым кантыненце, маглі б пракарміць 200 мільёнаў чалавек. У Італіі ўжо не ўпершыню заканадаўцы звяртаюцца да праблемы барацьбы з голадам. Раней Вярхоўны суд краіны пастанавіў, што крадзеж невялікай колькасці ежы з мэтай суцішыць голад не з'яўляецца злачынствам. Але найбольшую ўвагу італьянцаў прыцягвае ўвядзенне так званай «сямейнай сумкі», што павінна прывесці да сур'ёзных культурных зрухаў у грамадстве. У нашай мове такога паняцця няма, а ў англійскай тэрмінам doggy bag (сабачая торба) пазначаецца кантэйнер, звычайна папяровы, куды ў рэстаране складаюць рэшткі недаедзеных наведвальнікамі страў, якія яны могуць забраць дадому. Аднак у італьянскіх рэстаранах такой традыцыі ніколі не існавала. Гэта не прынята! І вось зараз рэстаратары будуць абавязаны прадастаўляць наведвальнікам такія паслугі. А што ў іншых краінах? У Францыі таксама прыняты меры, накіраваныя на скарачэнне аб'ёмаў утылізацыі высакаякасных прадуктаў. Напрыклад, уладальнікі супермаркетаў абкладаюцца штрафамі, калі яны не заключаюць кантракты з дабрачыннымі арганізацыямі, якія займаюцца размеркаваннем харчавання. У Германіі штогод выкідваюць 20 мільёнаў тон такіх адходаў. Прадукты часта аказваюцца ў кантэйнеры для смецця не таму, што сапсаваліся, а таму, што яны лішнія. Да нядаўняга часу праблему ігнаравалі. А цяпер некаторыя рэстараны за 15 хвілін да закрыцця распрадаюць ежу за чвэрць цаны. Для іх гэта выгадна, таму што ўтылізацыя абыходзіцца даражэй. У Германіі прадукты харчавання ў крамах танней, чым у іншых краінах Еўрасаюза. Адна з прычын – жорсткая канкурэнцыя на рынку, што вымушае супермаркеты зніжаць цэны і выстаўляць толькі бездакорны (хаця б вонкава) тавар. Па гэтай прычыне на паліцах няма месца пакамячанаму пакету малака або крыху счарнелым бананам. У Германіі прадукты выкідваюць, а ў іншых краінах людзі галадаюць. Вучоныя высветлілі, што сярэднестатыстычны жыхар Еўропы штогод выкідае каля 123 кілаграмаў, або 16% купленых прадуктаў. З іх 97 кілаграмаў можна было б выкарыстоўваць ў ежу. Каля 40% харчовых прадуктаў, якія вырабляюцца ў ЗША, таксама аказваецца ў сметніку. Напрыклад, амерыканскі фермер вырошчвае цыбулю. Ён вымушаны прадаваць большую частку ўраджаю буйным крамам, якія прымаюць толькі гародніну пэўнага памеру і выгляду. Калі яна мае нейкія вонкавыя дэфекты, магазін адмаўляецца ад закупкі. Такі тавар адпраўляецца прама на звалку. У ААН заявілі, што колькасць галадаючых у свеце дасягнула гістарычнага максімуму. З 1945 года ў свеце не было такога гуманітарнага крызісу. З-за наступстваў працяглых засух 37 краін маюць патрэбу ў знешняй харчовай дапамозе, 28 з іх знаходзяцца ў Афрыцы. Голад быў афіцыйна абвешчаны ў Паўднёвым Судане, сур'ёзную заклапочанасць выклікае становішча на поўначы Нігерыі, у Самалі і Емене. Канфлікты і беспарадкі ў Афганістане, Бурундзі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Іраку, М'янме і Сірыі таксама пагаршаюць сітуацыю з харчовай бяспекай для мільёнаў людзей і аказваюць уплыў на суседнія краіны, якія прымаюць бежанцаў. Па даных ААН, у свеце вырабляецца дастаткова харчавання, каб забяспечыць кожнаму жыхару планеты па 4 тысячы калорый у суткі. На справе на стол трапляе толькі 2 тысячы калорый. Экалагічны ўрон ад такога марнатраўства каласальны. Плошча сельгасугоддзяў, на якіх вырабляецца выкінутая ежа, роўная тэрыторыі Мексікі. Вадой, якая пры гэтым расходуецца, можна напаіць мільёны чалавек. 10% выкідаў парніковых газаў у атмасферу ў развітых краінах звязаны з вытворчасцю прадуктаў, якія потым адпраўляюцца на звалку.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: