Падзяліцца:
Паралелі. Перамагчы спрута. Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
20 снежня 2016
Паралелі. Перамагчы спрута. Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) “Магчымасць скрасці стварае злодзея”. Гэта вядомы выраз Фрэнсіса Бэкана, англійскага філосафа і палітыка, які жыў 400 гадоў таму. Па іроніі лёсу знакаміты мысліцель, член англійскага парламента, барон і віконт сам быў асуджаны і пазбаўлены права займаць дзяржаўныя пасады за хабар. Карупцыя старая як свет. Яшчэ ў першабытных грамадствах рабілі падарункі жрацам і важакам. Потым гэта стала правілам і нават нормай. Паступова ўзніклі асобы, надзеленыя уладнымі паўнамоцтвамі. А разам з гэтым спакуса карыстацца службовым становішчам у асабістых мэтах і атрымліваць дадатковы прыбытак. Ці можна канчаткова перамагчы карупцыю? У тэорыі можна, калі зрабіць усіх грамадзян законапаслухмянымі, а чыноўнікаў крыштальна сумленнымі. І ёсць прыклады, калі барацьба з карупццяй аказалася эфектыўнай. Адны краіны ўстанаўліваюць жорсткія законы, аж да смяротнага пакарання, для карупцыянераў. Іншыя павышаюць да непрыстойнасці зарплаты, каб браць хабар было нявыгадна. У любым выпадку без змены менталітэту людзей сур'ёзных поспехаў дабіцца цяжка. У рэйтынгу дзяржаў, найбольш абароненых ад карупцыі, лідзіруюць краіны Паўночнай Еўропы. У Швецыі няма такога паняцця «ў парадку выключэння», закон адзіны для ўсіх. Хаця да сярэдзіны XIX стагоддзя ў Швецыі карупцыя квітнела. Адна з задач шведскай сістэмы – паменшыць уплыў службовых асоб на прыняцце рашэнняў. Ствараць стымулы, а не забароны і дазволы. Парламент і ўрад устанавілі высокія этычныя стандарты для дзяржаўных служачых. Зарплаты высокапастаўленых чыноўнікаў спачатку перавышалі заробкі рабочых у 15 разоў, але паступова гэту розніцу сталі памяншаць. Складана адказаць, ці стала сумленнасць абсалютнай сацыяльнай нормай у Швецыі. Але бясспрэчна, што ўзровень карупцыі тут адзін з самых нізкіх. Пасля атрымання незалежнасці ў 1965 годзе Сінгапур быў беднай, адсталай краінай з паўсюднай карупцыяй. Выбары выйграў Лі Куан Ю. Прэм'ер-міністр стаў сімвалам барацьбы з карупцыяй. І пачаў гэту барацьбу з бліжэйшага акружэння. Ён абвясціў лозунг «Хочаш перамагчы карупцыю, будзь гатовы адправіць за краты сваіх сяброў і сваякоў». Знішчэнне карупцыі і павышэнне даверу да дзяржавы стала адной з галоўных задач лідара Сінгапура. Усіх чыноўнікаў і іх сем'і пазбавілі недатыкальнасці. Калі хтосьці жыў не па сродках, аўтаматычна пачыналася расследаванне. У выпадку, калі віна чыноўніка даказана, яго маёмасць падлягае канфіскацыі, чыноўнік плаціць вялізны штраф, садзіцца ў турму на працяглы тэрмін. Пры гэтым сумленным дзяржслужачым паднялі заробкі да ўзроўню топ-менеджараў прыватных карпарацый. Зараз Сінгапур адзін з лідараў у сусветных рэйтынгах па адсутнасці карупцыі, эканамічнай свабодзе і ўзроўні развіцця. Калі ўдалося перамагчы карупцыю ў маленькай пяцімільённай краіне, то што рабіць вялікім дзяржавам са сваімі традыцыямі, складанай палітычнай гісторыяй? Самая маштабная ў Еўропе аперацыя па барацьбе з карупцыяй у вышэйшых органах улады доўжылася 10 гадоў. І завяршылася поспехам толькі пасля таго, як прывяла да змены грамадскай свядомасці цэлай краіны. З'ява, якую зараз абагульнена называюць “мафія”, зарадзілася на поўдні Італіі ў XIX стагоддзі як рэакцыя на беззаконне і самавольства. Памяркоўнае стаўленне радавых італьянцаў да мафіі захоўвалася аж да 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Людзі стаміліся ад карупцыі чыноўнікаў і ўсеўладдзя мафіі. Штогод злачынныя групоўкі учынялі тысячы выкраданняў, замахаў, забойстваў. 1992 год стаў пераломным у барацьбе грамадства з карупцыяй, якая стала да таго часу сутнасцю палітычнай сістэмы Італіі. Усю краіну ўскалыхнулі звесткі пра маштаб праблемы. Паводле слоў вярхоўнага камісара па барацьбе з мафіяй, са 124 тысяч прадстаўнікоў мясцовых органаў улады 17 тысяч чалавек былі абвінавачаны ў саўдзеле ў забойствах, карупцыі, сувязях з мафіяй. Сярод іх – больш за 10 тысяч членаў муніцыпалітэтаў розных узроўняў. "Рынак хабару" вымяраўся мільярдамі ў пераліку на еўра. За два гады аперацыі «Чыстыя рукі» былі арыштаваны паўтары тысячы бізнесменаў і палітычных дзеячаў, прыцягнуты да следства 3 тысячы чалавек, у тым ліку 251 член парламента. Пад суд трапілі кіраўнікі найбуйнейшых італьянскіх кампаній. Усяго падчас следства ўчынілі самазабойства 10 палітыкаў. Вядучыя італьянскія партыі распаліся. Вядома, у Італіі не змаглі канчаткова перамагчы карупцыю, але гэта барацьба змяніла краіну. Ці будуць карысныя гэтыя прыклады нам? Беларусь вызначаецца настойлівасцю і паслядоўнасцю ў барацьбе з карупцыяй, якая здольная нанесці каласальную шкоду ўладзе і велізарны эканамічны ўрон грамадству. Таму пытанне барацьбы з ёй нельга лічыць знятым з парадку дня. Не ўсе метады, што выкарыстоўваюцца ў свеце, нам падыходзяць. Але важна разумець, што сістэма процістаяння гэтай з’яве дзейнічаць будзе эфектыўна, калі ў грамадстве ўсталюецца атмасфера абсалютнай непрымальнасці карупцыі ва ўсіх яе праявах...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: