
Чалавек, які заяўляе, што ў яго няма дрэнных звычак, хітруе: шкоду прыносяць не толькі цыгарэты, алкаголь і наркотыкі. Вакол нас шмат спакус. І калі няма сілы волі, узнікае залежнасць. Гульнявая залежнасць або лудаманія, пераяданне, тэхнаманія, тэлевізійная і інтэрнэт-залежнасць, шопінгаманія, настойлівае захапленне дыетамі і нават працагалізм. Да шкодных звычак адносяць таксама злоўжыванне словамі-паразітамі, пстрыканне суставамі, звычку грызці пазногці або аловак. І ўсе гэтыя звычкі не такія бяскрыўдныя, як здаецца на першы погляд.
Амерыканка Сіндзі Джэксан прызнана Кнігай рэкордаў Гінеса як жанчына, якая зрабіла больш за ўсіх пластычных аперацый. У 60 гадоў “жывая Барбі” амаладзіла літаральна ўсё: твар, фігуру, і нават валасы, зрабіла больш за 50 пластычных аперацый. Натуральнае жаданне добра выглядаць, сачыць за сабой перарасло ў небяспечную залежнасць – нарцысізм. Празмерная захопленасць сваёй асобай, павышаная ўвага да ўласнага “я”, перашкаджаюць адэкватна ўспрымаць рэчаіснасць. Узнікае імкненне да пастаяннага ўдасканалення свайго цела. Нарцысы гатовыя прымяняць любыя методыкі і не шкадуюць ніякіх грошай.
Чалавечы арганізм здольны атрымліваць задавальненне ад самых розных рэчаў, у тым ліку ад ежы. Кавалачак пірожнага, плітка шакаладу здольныя прыўнесці ў жыццё новыя фарбы. Калі падобнае стымуляванне ўваходзіць у звычку, развіваецца харчовая залежнасць. Паўсюль рэкламы ежы, людзі прывыкаюць заядаць стрэс і дрэнны настрой. А потым глядзяць у люстэрка і не могуць пазнаць сваё адлюстраванне. Іншая крайнасць – дыеты, якія прыводзяць да фізічнага і маральнага ўпадку.
Тэлебачанне стала самым распаўсюджаным спосабам схавацца ад праблем у свеце ілюзій. У сярэднім кожны чалавек прыкладна па 3 гадзіны ў дзень праводзіць перад тэлевізарам. Гэта палова нашага вольнага часу і каля 9 гадоў жыцця. Нярэдка гледачы скардзяцца на якасць перадач і фільмаў, але працягваюць гадзінамі іх глядзець. Любыя іншыя формы адпачынку саступаюць свае пазіцыі, увесь час запаўняецца праглядам тэлеперадач. Калі такога чалавека на тры дні адлучыць ад тэлевізара, ён стане агрэсіўным, будзе дрэнна працаваць, пачнуцца сямейныя канфлікты. Ёсць нават такія паняцці, як “грэйзінг” і “зепінг” – гэта значыць, прагляд больш як аднаго канала адначасова і пастаяннае без мэты пераключэнне тэлевізара.
Даследаванне паказала, што інтэрнэт-залежнасць маюць каля 10% карыстальнікаў ва ўсім свеце. Многія прызнаюць сваю праблему, дакучлівае жаданне падключыцца да інтэрнэту і няздольнасць своечасова адключыцца. Яны занадта шмат часу праводзяць у чатах і сацыяльных сетках, і гэта перашкаджае весці нармальнае жыццё.
Азартныя гульні – адна з формаў адпачынку, якая можа стаць сур'ёзнай праблемай. Гэта здараецца, калі захапленне набывае неадчэпны характар. Гэта не толькі наведванне казіно. Цягу выклікаюць гульнявыя аўтаматы, разнастайныя спартыўныя стаўкі. Каб гуляць, нават няма неабходнасці ўставаць з канапы: у сетцы вялікая колькасць агенцтваў, якія прымаюць стаўкі анлайн. Чалавек не спыняецца ні перад чым: ён здольны ўлезці ў даўгі, прадаць дом, пайсці на злачынства. Разбураюцца сем'і, у гульнямана з’яўляюцца праблемы на працы і дэпрэсіі. Ёсць выпадкі, калі занадта доўгая гульня завяршалася фатальна. Шмат пісалі пра кітайскую дзяўчынку, якая памерла ад стомленасці пасля многіх сутак бесперапыннай гульні на камп’ютары.
Оніаманія – з грэчаскай мовы “вар'яцтва ў пакупках”, непераадольнае жаданне нешта набываць, не звяртаючы ўвагі на неабходнасць і наступствы. Пакупкі становяцца і адпачынкам, і забавай. Арганізм хутка прывыкае да адрэналіну і пачынае патрабаваць яшчэ большую дозу. Здаецца, што шопінг павышае ўпэўненасць у сабе – чалавек можа купіць усё, што захацелася, а не тое, што неабходна. Але калі паходы па магазінах становяцца неадчэпнай ідэяй, гаворка ідзе пра залежнасць. І хоць афіцыйна Сусветная арганізацыя аховы здароўя не ўключыла шапагалізм у спіс псіхічных расстройстваў, наяўнасць праблемы прызнаецца і лечыцца спецыяльнымі метадамі. Залежны чалавек не абавязкова зацыклены на набыцці моднага адзення і аксесуараў, гэта могуць быць тавары для дома, антыкварыят, нейкія дробязі. Прадаўцы актыўна выкарыстоўваюць для прыцягнення пакупнікоў разнастайныя акцыі, розыгрышы, прэзентацыі. І чалавек адчувае цікавасць, радасць, задавальненне, увагу да сябе, якіх ён пазбаўлены ў звычайным жыцці. Так і ўзнікае залежнасць, ад якой даволі складана пазбавіцца. Многія пакупкі потым аказваюцца непатрэбнымі, прыходзіць расчараванне, у тым ліку з-за грошай, патрачаных дарма.
Тэхнаманія – гэта жаданне пастаянна абнаўляць тэлефоны, камп’ютары, тэлевізары і бытавую тэхніку, купляць самыя новыя мадэлі. Як правіла, гэта апраўдваецца новымі функцыямі, сучасным дызайнам. Гэта залежнасць таксама вядзе да дэпрэсій, зрываў, калі няма фінансавай або іншай магчымасці набыць жаданую рэч.
Праца таксама можа выклікаць залежнасць. Працаголікі не ведаюць выхадных і адпачынку. Калі няма магчымасці працаваць, яны становяцца неўраўнаважанымі, пры гэтым адмаўляюцца прызнаць сваю праблему і проста лічаць сябе працавітымі людзьмі. Паставіць дыягназ працаголіку досыць складана. Асноўная розніца паміж працавітым чалавекам і працаголікам у прыярытэтах. Калі першы працуе, каб забяспечваць годны ўзровень жыцця і раскрыць свае здольнасці, то для іншых праца з’яўляецца самамэтай. Нават дома яны ўвесь час думаюць і размаўляюць пра сваю работу.
Што ж рабіць з усімі гэтымі залежнасцямі? Ісці да ўрача? Напэўна, у цяжкай сітуацыі трэба. Але можна стаць рабом іншай звычкі: сядзець у чэргах у паліклініцы, ператварыцца ў іпахондрыка і атрымаць залежнасць ад лекаў...