Падзяліцца:
«Паралелі. Радыё ў падарунак?» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
17 Верасня 2018
«Паралелі. Радыё ў падарунак?» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) Мне заўсёды было больш даспадобы дарыць, чым атрымліваць; дарэнне – гэта асаблівы рытуал, у яго ўкладаеш эмоцыі, пачуцці да чалавека. Нядаўна мяне запрасілі на дзень нараджэння, і я зноў сутыкнуўся з праблемай. Што падарыць? Апошнім часам нават родным уручаюць канверт з грашыма, каб самі купілі, што ім трэба. Практычна, але банальна. Не той падарунак, які запомняць. Можна рызыкнуць: падарыць што-небудзь прыгожае, але зусім непатрэбнае. Не думаю, што такому падарунку будуць рады доўга. А калі выбраць нешта арыгінальнае і неабходнае, можна не ўкласціся ў разумны бюджэт. Гэта таксама дрэнна. Так мы паставім сяброў у няёмкую сітуацыю, калісьці яны прыйдуць у госці да нас і будуць вымушаны несці дарагі падарунак. Прыйшлося звярнуцца па парады да знаёмых. Але нічога новага мне не прапанавалі: кветкі, грошы, касметыка, хатнія дробязі... Стаў чытаць, што модна дарыць у іншых краінах, – і зусім заблытаўся. Усюды свае традыцыі і нацыянальныя асаблівасці. Так, у кожнай краіне ёсць неафіцыйна забароненыя падарункі. Не раз чуў, што нажы ў нас дарыць не прынята, затое парфуме ўсе будуць рады. А ў Францыі, наадварот, непрыстойна паднесці замужняй жанчыне духі – гэта можа зрабіць толькі муж. У Германні нельга дарыць канцылярскія прылады, асабліва штодзённікі – у гэтым можна разглядзець намёк на непунктуальнасць. Гадзіннікі не ўсіх узрадуюць. Напрыклад, у В’етнаме лічаць, што яны скарачаюць жыццё. Кветкі – таксама справа далікатная. Дзесьці нельга дарыць на свята хрызантэмы, а дзесьці – чырвоныя ружы. Ёсць краіны, дзе кветкі прыносяць толькі на жалобныя падзеі. Добрая традыцыя ў амерыканцаў. Усім гасцям, асабліва калі запрашаюць на вяселле, рассылаюць спіс жаданых падарункаў. Трэба гэты спіс абавязкова вярнуць, пазначыўшы падарунак, які вы купіце. Гэта лепш, чым калі госці прынясуць аднолькавыя сервізы. У нас гэта ідэя многім падабаецца, але пакуль ні на адным вяселлі я такой практыкі не бачыў. А яшчэ ў нас прынята адразаць этыкетку, а ў ЗША апошнім часам сталі ўручаць падарунак з чэкам ў скрынцы. Калі рэч прыйшлася не даспадобы, яе можна абмяняць або здаць. Пасля Каляд і Новага Года ў крамах выстройваюцца чэргі з тых, каму не спадабаліся прэзенты ад калег і сваякоў. Таму падарунак без чэка для амерыканца можа стаць непрыемным сюрпрызам. Важны не толькі сам падарунак, а як яго ўручыць. Кажуць, што ў Кітаі не прынята дарыць няцотную колькасць прадметаў. Ужо лепш два аднолькавыя – гэта азначае гармонію. Ветлівы кітаец ад падарунка тройчы адмовіцца, і трэба настойваць да таго часу, пакуль ён нарэшце не прыме яго. А яшчэ госць павінен апусціць вочы і папрасіць прабачэння за таннасць. А гаспадар, у сваю чаргу, будзе дзякаваць і расхвальваць. Яго трэба ветліва выслухаць і не перапыняць. А калі будзеце сыходзіць, трэба не забыць сказаць, што ў наступны раз вы прыйдзеце з больш дарагім падарункам. Такі этыкет гэтай краіны. У Японіі таксама любяць парныя падарункі, уручаць і прымаць іх трэба паважліва, трымаючы дзвюма рукамі. Пры гэтым упакоўцы трэба надаць не менш увагі, чым выбару самога падарунка. А ў некаторых краінах Блізкага Усходу, калі вас запрасілі ў госці, не трэба моцна захапляцца карцінамі, дыванамі і іншымі прадметамі ў доме. Звычай такі: гэту рэч вам адразу падораць і будуць чакаць потым аналагічны жэст у адказ. Вельмі зручна хадзіць у госці ў Аўстраліі. Абменьвацца дарагімі падарункамі наогул не прынята. Дастаткова ўзяць віно і кветкі для гаспадыні. А што падарыць чалавеку, у якога ўсё ёсць? Напэўна, на самай справе, важны не кошт, а ўвага. Успамінаю сітуацыю ў Італіі. Дзяўчына з багатай сям’і запрасіла сяброў на дзень нараджэння. У яе раскошны дом і такі ж аўтамабіль. Дык вось госці скінуліся па некалькі еўра і купілі самы просты радыёпрыёмнік. І трэба заўважыць, гэтаму падарунку імянінніца была вельмі рада. Перабраўшы ўсе магчымыя варыянты, я зазірнуў у інтэрнэт-краму. І гэта ідэя вельмі дапамагла. Адкрываеш раздзел падарункі, указваеш максімальную і мінімальную суму. І пасля нядоўгіх пошукаў, як мне здаецца, удалося знайсці арыгінальную рэч, якая павінна спадабацца канкрэтнаму чалавеку. І не забываем, што падарунак – гэта выражэнне пачуццяў, разам з ім варта дарыць і ўсмешку.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: