
Сярод маіх сяброў нямала заўзятых грыбнікоў. Колькі чуў шкадаванняў, што лета гэта няправільнае, лес пусты. Але вось прайшлі дажджы, і мне на тэлефон пасыпаліся фота з кошыкамі лісічак і маслякоў. Збор грыбоў – гэта радасць, азарт, наш нацыянальны від адпачынку. А ў суседняй Расіі, кажуць, што ў грыбных мясцінах у сезон некаторыя прадпрыемствы нават прыпыняюць працу, а заняткі ў школах пераносяць. Усе ідуць у лес, каб зарабіць. Адны з самых дарагіх – лісічкі. Нароўні з белымі гэтыя грыбы выдатна разыходзяцца ў Еўропе.
У многіх чамусьці склалася ўражанне, што за межамі СНД грыбы не збіраюць. Ці так гэта? Вядома, не ўсюды можна, як у нас, пайсці ў лес і набраць баравікоў, чырвонагаловікаў, апенак. Чуў, што ў Італіі для гэтага трэба мець дазвол, які выдаецца толькі тым, хто прайшоў навучанне і здаў экзамен. У Германіі шмат грыбоў прадаецца ў крамах і на рынках. Але, як правіла, гэта не мясцовы прадукт. Вязуць іх з Беларусі, Расіі, Польшчы і краін Балтыі. Ёсць меркаванне, што французы збіраюць толькі труфелі, а англічане ведаюць толькі шампіньёны. Але на Брытанскіх астравах ёсць і клубы грыбнікоў, і тэматычныя фестывалі. Сярод заўзятараў сустракаюцца і члены каралеўскай сям’і. Так, журналісты “злавілі” за гэтым заняткам прынца Чарльза.
Аказваецца ў гарачай Іспаніі таксама ёсць свой грыбны сезон. Ён кароткі – з кастрычніка па снежань. У кніжных крамах прадаюць раскошныя грыбныя атласы. У дапамогу нават выпусцілі мабільны дадатак, які паказвае самыя ўраджайныя месцы і найбольш зручныя маршруты. Праграма таксама змяшчае фатаграфіі атрутных грыбоў.
Тысячы жыхароў Мадрыда накіроўваюцца на машынах у грыбныя запаведнікі. Ёсць маршруты, якія пры жаданні можна прайсці з правадніком. У гэтым захапленні ўбачылі новы рэсурс для сельскага турызму. Бо само знаходжанне на прыродзе здымае стрэс, асабліва ў гарадскога чалавека, падсілкоўвае станоўчай энергіяй. Аднак у Іспаніі для збору грыбоў у запаведных зонах неабходны дазвол. Атрымаць яго можна па інтэрнэце, каштуе нядорага. Ён дае права збіраць не больш за шэсць кілаграмаў у дзень на чалавека. Атрыманыя сродкі ідуць на прыбіранне лясоў ад смецця і даюць мясцовым жыхарам магчымасць крыху зарабіць.
Арганізаваны выезд па грыбы ў Іспаніі падобны на экскурсію выхаднога дня. Турыстаў рассяляюць ў вясковай гасцініцы, дзе іх сустракае эксперт, чытае лекцыю пра грыбы, якія вартыя ўвагі менавіта ў гэтым рэгіёне. Вярнуўшыся з лесу, грыбнікі абмяркоўваюць “улоў”. У праграму таксама ўключаюць майстар-класы па грыбной кулінарыі і арганізуюць дэгустацыі ў мясцовых рэстаранчыках, дзе меню складзена з “грыбным акцэнтам”.
У Фінляндыі, нягледзячы на паўночныя шыроты, грыбны сезон доўжыцца да канца лістапада. Для фінаў – гэта конкурс “хто больш збярэ”. Для паездкі ў лес браніруюць месцы ў эка-атэлях і кемпінгах, у многіх з іх ёсць спецыяльная паслуга – “грыбны тур”. Дыпламаваны гід за тры гадзіны абяцае паказаць усе віды, што растуць у фінскіх шыротах. Па грыбы ў краіну штогод прыязджаюць тысячы замежнікаў. Распавядаюць байку пра італьянца, які ў Фінляндыі заснаваў фірму, закупляў грыбы, замарожваў і перапраўляў у Італію. Зарабіў мільёны!
Грыбы ў ЗША – спаборніцтва. Штогод Амерыканскі інстытут грыбоў публікуе новыя даныя: колькасць грыбнікоў, анонсы маючых адбыцца турніраў і спіс рэкордаў. Па правілах грыбы пэўнага віду збіраюць па таймеры на працягу некалькіх гадзін. Вось адзін з рэкордаў: у 1996 годзе за адведзены час пераможца сабраў 293 смаржкі. Мяркую, што ў нашых грыбнікоў дасягненні могуць быць больш сур’ёзныя!
Не магу не сказаць пра Францыю, дзе шмат розных грыбоў, але чорныя труфелі – асаблівы гонар. Гэта скарб Французскай Рэспублікі і адзін з самых рэдкіх грыбоў. Толькі на некалькі дзён у годзе – у кастрычніку, лістападзе і сакавіку, гурманы з усяго свету накіроўваюцца на паляванне ў “труфельных” правінцыях. Працэс збору выглядае так: грыбнік ходзіць па лесе з сабакам або свіннёй, а таксама з лапатай, і пачынае капаць там, дзе пакажа яму жывёла. Труфелі могуць знаходзіцца на глыбіні да 30 сантыметраў. Гэтыя грыбы каштуюць настолькі дорага, што практычна ўсе гаспадары кафэ і рэстаранаў будуць рады іх купіць.
Кастрычнік лічыцца нацыянальным грыбным месяцам у Японіі. У супермаркетах праходзяць распродажы, а ў рэстаранах – дэгустацыі. Менавіта ў Японіі расце прамы канкурэнт еўрапейскіх труфеляў – Мацутакэ. Кошт аднаго кілаграма ў Еўропе можа дасягаць чатырох тысяч еўра. Вучоныя-міколагі нават прапаноўвалі ўручыць Нобелеўскую прэмію таму, хто навучыцца вырошчваць яго самастойна.
Ёсць краіны, дзе збор грыбоў і ягад у лесе катэгарычна забаронены. Так мясцовыя ўлады ахоўваюць прыроду. Дзесьці трэба купляць “грыбны білет”, збіраць можна не больш за кілаграм на чалавека, інакш патрэбна ліцэнзія на прафесійную дзейнасць. Нібыта збор не для сябе, а на продаж. А ў нас поўная свабода. Бяскрайнія лясы, пейзажы, свежае паветра. Галоўнае –жаданне і каб было што збіраць.