Падзяліцца:
«Паралелі. Роднае слова» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
21 лютага 2018
«Паралелі. Роднае слова» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) «Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову; роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет; трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю», – так казаў народны паэт Беларусі Якуб Колас. Ён быў адным з заснавальнікаў сучаснай беларускай мовы і новай беларускай літаратуры. За некалькі месяцаў да смерці Якуб Колас напісаў свой знакаміты ліст-заклік аб крытычным стане беларускай мовы, радкі якога і па сённяшні дзень актуальныя: «Найвялікшым духоўным багаццем народа з’яўляецца яго мова. У мове адлюстроўвалася гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць, яго прырода, яго любоў і гнеў». Народны паэт звяртаў увагу на сітуацыю, якая існавала 60 гадоў таму, і якую можна назіраць і зараз: “Мала беларускiх афiш i плакатаў… Няўжо ж нашы аўтамабiлi, станкi, тканiны, цукеркi сталi б горшымi, калі б на iх былi беларускiя надпiсы. Хай толькi якасць не падводзiць!” Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца штогод 21 лютага. Дата абрана ў памяць аб падзеях 1952 года ў горадзе Дака. Зараз гэта сталіца Бангладэш, а тады народ толькі змагаўся за сваю незалежнасць і за тое, каб родная мова бенгалі была прызнана адной з дзяржаўных у гэтай краіне. ЮНЕСКА заклікае краіны свету, у мэтах дасягнення ўстойлівага развіцця, забяспечыць доступ да навучання як на роднай, так і на іншых мовах. Менавіта праз авалоданне першай або роднай мовай набываюцца асноўныя навыкі, мовы карэнных народаў з’яўляюцца носьбітамі культуры, каштоўнасцей і традыцыйных ведаў. Такім чынам, яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні ўстойлівай будучыні. Зараз у розных краінах людзі гавораць на шасці тысячах моў, і палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Гэта значыць, што тры тысячы моў маюць надзвычай абмежаваны ўжытак, яны рызыкуюць у бліжэйшы час страціць сваіх апошніх носьбітаў. Кожная мова мае сваю складаную сістэму гукаў, значэнняў і граматычных правілаў. Вядома, на некаторых мовах размаўляюць толькі мясцовыя жыхары, іншыя ж мовы маюць больш шырокае распаўсюджванне ў свеце. Адны з’яўляюцца пісьмовымі, іншыя – не; у розных мовах выкарыстоўваюцца свае сістэмы напісання, і кожнай мове ўласцівыя свае жэсты і рухі цела, што адлюстроўвае, у сваю чаргу, культурныя нормы. Разам з тым, у Міжнародны дзень усе мовы прызнаюцца ў роўнай меры, паколькі кожная – унікальная жывая спадчына, якую варта берагчы. Зараз людзі розных народнасцей, краін і кантынентаў карыстаюцца адной і той жа тэхнікай, п’юць тыя ж лекі, ездзяць на машынах аднолькавых марак, глядзяць адны і тыя ж тэлепраграмы. Далучэнне да выгод цывілізацыі вядзе да страты нацыянальнай спецыфікі. Тым больш важна ў такой сітуацыі захаваць сваю мову і развіваць мастацкую культуру, якая ўвасабляе ў вобразах традыцыі і рысы нацыянальнага характару. Сярод моў свету безумоўны лідар – англійская. Яна служыць галоўнай мовай зносін у Паўночнай Амерыцы, на Брытанскіх астравах, у Аўстраліі і Новай Зеландыі. А яшчэ цэлы мільярд зямлян ведае англійскую таму, што гэта глабальная мова бізнесу і навукі. Англійская – адна з афіцыйных моў у 60 краінах, у тым ліку, такіх буйных, як Індыя, Пакістан, Нігерыя, Філіпіны і Паўднёвая Афрыка. У Еўропе амаль 300 мільёнаў чалавек здольныя на ёй гаварыць. На фоне моўнай глабалізацыі ўсё больш краін прымаюць меры, каб умацаваць прэстыж сваёй нацыянальнай мовы ў свеце. У якасці прыкладу можна прывесці краіны з багатай культурнай спадчынай – Германію, Францыю, Расію. А што робім мы для захавання і развіцця нашай роднай мовы? Паводле перапісу насельніцтва, беларуская мова – родная для большасці жыхароў краіны. Сотні тысяч чалавек называюць роднай або ведаюць беларускую мову ў Расіі, Украіне, Польшчы. А ўсяго за межамі нашай краіны пражывае па розных падліках да 3 з паловай мільёнаў этнічных беларусаў. У 25 краінах дзейнічае больш за 200 зарэгістраваных арганізацый беларускай дыяспары. У многіх еўрапейскіх краіных можна вывучаць нашу мову ў школах і ўніверсітэтах. Выкладаюць яе, выпускаюць друкаваныя выданні альбо маюць беларускія бібліятэкі і ў больш далёкіх краінах: ЗША, Канадзе, Аргенціне. А найбольшыя магчымасці дае сёння інтэрнет. Так, Беларускае радыё слухаюць на ўсіх кантынентах, што пацвярджае і чытацкая пошта, і статыстыка наведвання нашага сайта. Мова – неад’емная частка нашага жыцця, самабытнасці, складу думак і паводзін. Можна ведаць шмат моў, але самая важная – мова нашага дзяцінства, на якой гавораць у сям’і, на якой упершыню чалавек пазнае навакольны свет. І гэты здабытак мы павінны перадаць наступным пакаленням.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: