Падзяліцца:
«Паралелі. Смакі лета». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
18 чэрвеня 2018
«Паралелі. Смакі лета». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) Большасць ведае, што перавагу трэба аддаваць прадуктам экалагічна чыстым, вітамінізаваным, з паніжаным утрыманнем тлушчу, солі і цукру, спажываць больш садавіны і гародніны. А яшчэ лепш, калі прадукцыя будзе вырашчана ў нас, а не ў далёкіх краінах. Прынята лічыць, што бананы і апельсіны – заморскія, а бульба, буракі і капуста – спрадвечна нашы. Не зусім так. Гісторыя бульбы налічвае не адно тысячагоддзе. Яе радзіма – Лацінская Амерыка. Дзякуючы сваім уласцівасцям і прастаце гатавання, бульба была вельмі папулярным прадуктам харчавання індзейцаў. А еўрапейцы з вялікім недаверам ставіліся да з’яўлення ў XVI стагоддзі гэтага каштоўнага прадукту. Сёння ў гэта цяжка паверыць, але бульба доўга заваёўвала папулярнасць. Спачатку ў Еўропе яе лічылі атрутнай, а ўрачы сур’ёзна называлі бульбу разносчыцай праказы і прычынай памутнення розуму. Нават знакамітая “Вялікая энцыклапедыя”, якую выдалі ў 1765 годзе славутыя вучоныя Францыі, і тая пісала, што бульба – гэта грубая ежа, прыдатная толькі для непатрабавальных страўнікаў. У той час бульба ў Францыі больш выкарыстоўвалася як дэкаратыўная кветка, якую насілі ў валасах і рабілі з яе букеты. Паступова ўся Заходняя Еўропа стала вырошчваць бульбу, у той час як Расія, нягледзячы на намаганні імператараў і грозныя ўказы ўрада, да сярэдзіны XIX стагоддзя ў асноўным абыходзілася рэпай. У Беларусі бульбу пачалі вырошчваць у сярэдзіне XVIII стагоддзя. З XIX-га пасадкі пастаянна пашыраліся, спажыванне расло, асабліва ў перыяд войнаў, калі не хапала збожжа. Зараз Беларусь, як мы ведаем, у сусветных лідарах і па вытворчасці бульбы, і па яе спажыванні. А рэспубліканскі генетычны банк бульбы абвешчаны нацыянальным здабыткам Беларусі. Яшчэ за 2000 гадоў да нашай эры ў Персіі і Вавілоне ведалі буракі як лекавую расліну. Іх шанавалі старажытныя грэкі, калі ў храмах прыносілі ахвяры богу Апалону, то буракі неслі на сярэбраным падносе. “Бацька медыцыны” Гіпакрат прызнаў іх карыснымі і ўключаў у склад дзясяткаў лекаў. Вельмі доўга людзі спрабавалі навучыцца атрымліваць цукар з буракоў. Напалеон абвясціў велізарную, у мільён франкаў, прэмію таму, хто вынайдзе такі спосаб. Цукровыя буракі былі выведзены пры жыцці Напалеона, але вось тэхналогія вытворчасці цукру з’явілася пазней. Раней у Азіі аддавалі перавагу карэнню, больш сытнаму і смачнаму, а ў Еўропе ўжываліся толькі вяршкі буракоў. Нашых продкаў, якія жылі ў Вялікім Княстве Літоўскім, нават называлі “бацвіняжамі”. За тое, што ў нашай кухні быў папулярны боршч з бацвіння буракоў. Але потым і беларусы ўсё больш сталі ўспрымаць буракі як караняплод. Качанная капуста – адна з самых старажытных культур, якая вырошчваецца ў Міжземнамор’і і Паўднёвай Еўропе больш за чатыры тысячы гадоў. Яе лічылі галоўнай раслінай сярод гародніны. Старажытныя грэкі і рымляне надавалі капусце велізарнае значэнне, лічылі лякарствам ад усіх хвароб. Так, ёй прыпісвалі здольнасць супакойваць галаўны боль, вылечваць глухату, пазбаўляць ад бяссонніцы і розных унутраных захворванняў. Зараз капуста выдатна сябе адчувае і ў тропіках, і ў прыпалярнай зоне, і ў кожным беларускім агародзе. Любімы далікатэс гэтай пары – клубніцы. Іх ядуць свежымі, вараць варэнне, робяць сокі і марожанае, заліваюць узбітымі вяршкамі або пасыпаюць чорным перцам. Цяжка ўявіць, але трыста гадоў таму людзі нават не ведалі такога слова. Суніцы заўсёды раслі ў нашых лясах, а клубніцы або суніцы садовыя – гэта гібрыд, які стварылі на пачатку XVIII стагоддзя. У Галандыі скрыжавалі еўрапейскія і чылійскія суніцы, у выніку атрымалі буйную і духмяную ягаду. Наша любімая морква – гэта таксама прадукт галандскай селекцыі. Раней морква была чорнай. Гатунак аранжавага колеру, які стаў сусветным стандартам, з’явіўся досыць позна ў Нідэрландах. Цыбуля прыйшла да нас у выніку доўгага падарожжа з горных раёнаў Сярэдняй Азіі. Для нашых продкаў гэта быў асаблівы прадукт, адзін з нямногіх, які захоўваў вітаміны ўсю доўгую зіму. Раней еўрапейцы ўключалі цыбулю ў штодзённы рацыён. А сёння многія ад яе варочаюць нос, аддаюць перавагу вітамінам з аптэкі. Агурок вядомы больш за шэсць тысяч гадоў. Спачатку яго навучыліся ўжываць у Індыі, а потым палюбілі ва ўсім свеце. Бліжэйшыя сваякі агурка – гарбуз, дыня, кавун. Таму ён павінен адносіцца да ягад, але з кулінарнага пункту гледжання агурок успрымаецца як гародніна. Многія народы лічаць агуркі сваёй нацыянальнай ежай. І мы таксама. Помнік агурку стаў адным з сімвалаў Шклова. Ён апрануты ў пінжак і заўсёды ў добрым настроі. Жыхары Шклова ведаюць: калі хочаш разбагацець, трэба пацерці кішэню агурка.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: