Падзяліцца:
«Паралелі. Стрэс у вялікім горадзе». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
5 верасня 2018
«Паралелі. Стрэс у вялікім горадзе». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) Стрэс у кожнага чалавека мае індывідуальныя прычыны і праяўляецца па-рознаму; аднак ёсць мноства агульных фактараў, якія пагаршаюць ці, наадварот, згладжваюць стан трывогі і турботы. Напрыклад, адчуванне небяспекі ў месцы, дзе знаходзішся, страх страціць працу і нават колькасць сонечных гадзін у дзень уплываюць на наш стан. Нямецкія аналітыкі падзяліліся вынікамі цікавага даследавання. Складзены рэйтынг гарадоў з самым нізкім узроўнем стрэсу. Вывучалі навакольнае асяроддзе, напрыклад, дарожны трафік або забруджанасць паветра, узровень даходаў, стан злачыннасці, гарадскую інфраструктуру і нават узаемаадносіны паміж людзьмі. Лідарам аказаўся Штутгарт. Ключавым стала тое, што ў горадзе шмат паркаў і зялёных зон адпачынку, бяспечна на вуліцах, нізкі ўзровень беспрацоўя. Сярод самых спакойных і зручных гарадоў не так шмат сталіц. Магчыма, правінцыяльны рытм жыцця больш гуманны. Далей ад праблем, іншыя хуткасці, пешшу да цэнтра і назад, нізкапавярховыя дамы са сваімі кветнікамі і агародамі. Вось толькі не хочуць многія людзі ціхага шчасця. Мараць перабрацца ў сталіцу, бліжэй да заводскіх труб, растварыцца ў натоўпе, жыць у кватэры на высокім паверсе. У лік гарадоў, жыхары якіх найбольш часта сутыкаюцца з рызыкай апынуцца ў стрэсавай сітуацыі, уваходзяць Багдад і Кабул. Мяркую, не трэба тлумачыць чаму. Хоць, акрамя бяспекі, там шмат іншых праблем, якія робяць іх некамфортнымі для жыцця: гендарная няроўнасць, беспрацоўе, стан грамадскага траспарту і псіхічнага здароўя. Сярод стрэсавых гарадоў і сталіца Індыі. Стрэс атрымліваеш адразу, калі трапляеш у Дэлі. Бачыш неверагодную колькасць людзей, машын, бадзяжных жывёл. Паток транспарту не скарачаецца нават глыбокай ноччу, таму перайсці дарогу пры поўнай адсутнасці святлафораў – гэта таксама сур’ёзная праблема. Але, мабыць, галоўная бяда – якасць паветра. З-за частага смогу паездка па горадзе ператвараецца ў катаванне. Узровень злачыннасці ў сталіцах Лацінскай Амерыкі – першае, што выклікае стрэс. Самаўпэўненым падарожнікам мясцовыя жыхары адразу ж параяць схаваць тэлефоны, зняць ўпрыгажэнні, насіць заплечнік спераду. Нават па цэнтральных вуліцах пажадана хадзіць толькі днём і нікуды не зварочваць. Але ёсць месцы, куды наогул не варта трапляць. Жыццё ці кашалёк? Каб захаваць жыццё, нават паліцэйскія рэкамендуюць аддаць рабаўнікам тое, што яны патрабуюць. Бачыў, як у метро ў Мехіка рабавалі турыста. Добра адрэпеціраваная сцэна: за некалькі секунд з розных канцоў перона збягаецца натоўп мужчын, акружаюць ахвяру, імітуючы цісканіну. А праз імгненне гэты натоўп бясследна раствараецца. У замежніка прамацалі ўсе кішэні, скралі тэлефон, дасталі з сумкі кашалёк, забралі грошы, праверыўшы ўсе аддзяленні. І самае дзіўнае – паспелі пакласці пусты кашалёк назад і зашпіліць сумку. Вядома, такую сітуацыю немагчыма ўявіць у Мінску. І гэта наша шчасце. Улады шмат зрабілі, каб ператварыць сталіцу ў сучасны еўрапейскі горад, камфортны для жыцця. Але, як у любым мегаполісе, ёсць праблемы, якія трэба вырашаць. Або вучыцца прыстасоўвацца. Тое, што мы прывыклі называць “дрэнным настроем”, “восеньскай дэпрэсіяй” або нават “кепскім характарам”, на самай справе можа аказацца наступствам пастаяннага стрэсу ў вялікім горадзе. Цяжар адказнасці, штодзённае напружанне, недасыпанне перашкаджаюць паўнавартасна працаваць, мець зносіны з блізкімі і сябрамі, атрымліваць задавальненне ад жыцця. Гіпадынамія, нездаровае харчаванне, звычка заседжвацца ў сацыяльных сетках далёка за поўнач рана ці позна пачынаюць адбівацца на самаадчуванні. На наш зрок і слых абвальваецца цэлы вадаспад інфармацыі, якая можа несці і негатыўны сэнс. Нас раздражняюць “пробкі” на дарогах, перапоўнены транспарт, вулічны шум, дакучлівая рэклама, бетонныя сцены і глухія агароджы. Не кожны ўмее пазбаўляцца ад негатыўных эмоцый і перажыванняў, часта людзі зрываюцца на калегах і на сваіх блізкіх. На нейкія фактары мы не ў сілах паўплываць, але ёсць рэчы, якія можна перагледзець і змяніць. Гэта графік, у якім працуем і адпачываем, мікраклімат дома і ў калектыве. Любы ўрач пацвердзіць: заядаць стрэс і запіваць яго алкаголем – не выйсце. А яшчэ важна мяняць звыклыя абставіны, з’ехаць з горада хаця б у адпачынак. А калі вернецеся дадому, адчуеце сябе абноўленым духоўна і фізічна, з’явяцца новыя ідэі і мэты. Напэўна, гэта лепшы спосаб змагацца з праблемамі вялікага горада – уцячы з яго на нейкі час.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: