Падзяліцца:
Паралелі. Сёння - свята вясны! Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага
21 верасня 2016
Паралелі. Сёння - свята вясны! Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага Сіноптыкі кажуць, што пачатак вясны бывае каляндарны – 1 сакавіка, астранамічны – 20 сакавіка і кліматычны, калі адбываецца пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз нуль градусаў. Сёлета кліматычная вясна прыйшла ў Беларусь выключна рана (25–28 студзеня), гэта на два месяцы раней, чым звычайна. Усё гэта справядліва для нашых шырот, для паўночнага паўшар'я. А ў Паўднёвай Амерыцы вясна пачынаецца сёння. Вясна – сімвал маладосці, жыцця, сонца і яркіх фарбаў. У Аргенціне 21 верасня, Дзень вясны, таксама супадае з Днём студэнта. Уся моладзь адпраўляецца на пікнікі і экскурсіі. У Балівіі гэта Дзень любові і дружбы – найлепшы час паказаць свае пачуцці, таму што сама вясна лічыцца сімвалам любові. У Чылі высаджваюць кветкі і дрэвы і чысцяць дом, каб выкінуць усё непатрэбнае, што назапасілі за зіму. Дзень пачатку вясны – адно з любімых свят уругвайцаў. Ва ўсіх вялікіх гарадах праходзяць парады з дэкарыраванымі платформамі, яркімі кветкамі і вясёлай музыкай. Уругвай – маленькая краіна ў параўнанні з суседзямі-гігантамі – Бразіліяй і Аргенцінай. Па тэрыторыі меншая, чым Беларусь, жыве тут тры з паловай мільёны чалавек. Амаль усё насельніцтва – імігранты або нашчадкі імігрантаў з Еўропы. Уругвай называюць паўднёваамерыканскай Швейцарыяй: у цэлым бяспечна, жыццё павольнае і камфортнае, добры клімат, няма шкодных вытворчасцей, шмат эўкаліптаў і хваёвых лясоў. Многія амерыканцы і еўрапейцы захоўваюць зберажэнні ў банках Уругвая. Тут шмат казіно. А паколькі ў Бразіліі казіно забаронены, то бразільцы прыязджаюць згуляць у рулетку. Усе аргенцінцы хочуць мець тут дачу. Багатыя і знакамітыя імкнуцца на ўругвайскія курорты, асабліва ў Пунта-дэль-Эстэ, дзе пабудавалі вілы «зоркі» кіно і шоў-бізнесу з усяго свету. Футбол – рэлігія Уругвая. Нацыянальная зборная двойчы была чэмпіёнам свету. А першы чэмпіянат праходзіў менавіта ў гэтай краіне ў далёкім 1930-м годзе. Яшчэ Уругвай лічыцца радзімай танга. Толькі гэты факт нельга ніколі падкрэсліваць у прысутнасці аргенцінцаў. Уругвайцы вельмі любяць дзяцей, тут шмат вялікіх сем'яў. Але адпачынак па доглядзе дзіцяці ўсяго тры месяцы. Адпаведна, у дзіцячы сад можна аддаць трохмесячнага малыша. Адукацыя бясплатная, усім дзецям у школе выдаюць ноўтбукі, тут самая вялікая ў Лацінскай Амерыцы колькасць карыстальнікаў Інтэрнэту. Уругвайскі стандарт – гэта ўчастак зямлі, на якім стаяць два дамы: вялікі – для ўсёй сям'і і маленькі – для дзяцей. Праўда, у дамах няма ацяплення, толькі коміны. Таму нават у дарагіх дамах на столях цвіль. Ёсць народная забава: памый дом хлоркай пасля зімы. Самыя прэстыжныя прафесіі – натарыус і архітэктар. Бяруць за працу велізарныя ганарары. А ў цэлым працаваць шмат тут не прынята. Затрымаўся пасля 17 гадзін – наймальніка за перапрацоўку аштрафуюць. Раскажам і пра іншыя штрафы. Уругвай стаў першай лацінаамерыканскай краінай, дзе было забаронена курэнне ў зачыненых грамадскіх месцах. Штраф звыш тысячы амерыканскіх долараў за першае парушэнне і ў два разы больш за паўторнае. Таксама штрафуюць тых, хто не прыйшоў галасаваць на выбарах, для службовых асоб штраф двайны. Уругвайская ялавічына – найлепшая ў свеце. Свініна для іх – гэта ўжо не мяса, таксама, як і курыца. Тут можна паспрабаваць крывяную каўбасу двух відаў. Ёсць звычайная, як у нас, а ёсць салодкая – з апельсінамі. Смачна! Рыбу ядуць мала, амаль няма рыбных рэстаранаў. Піца – квадратная і прадаецца метрамі. Алкаголь танны, але на вуліцах рэдка можна сустрэць п'янага. У лясах шмат грыбоў: і рыжыкі, і масляты. А вось сыраежкі не збіраюць, яны лічацца неядомымі. А яшчэ тут не ядуць агуркі. Нават у «Макдональдсе» перарабілі рэцэпты, каб абыходзіцца без марынаваных агурочкаў. Затое ніводзін дэсерт не абыходзіцца без дульсе дэ лечэ. Гэта вараная згушчонка. Нават дзіцячае харчаванне выпускаюць з ёй. Уругвай займае першае месца ў свеце па спажыванні матэ, які нагадвае нашу травяную гарбату. Усе і паўсюдна – на вуліцы, у тэатры, на працы – ходзяць з тэрмасам і калабасам. Калабас – гэта маленькі гарбуз. Ён расце пустым. У яго засыпаюць лісце матэ, заліваюць ваду з тэрмаса і п'юць праз спецыяльную лыжачку. Вось так жывуць у краіне на іншым канцы зямлі, дзе ўсё наадварот. У нас дзень, у іх яшчэ ноч. У нас восень, у іх першы дзень вясны. Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: