Падзяліцца:
24 мая 2017
Лакі Дайманд Рыч з Новай Зеландыі ў 2006 годзе трапіў у “Кнігу рэкордаў Гінеса - ён стаў першым чалавекам на Зямлі, які пакрыў татуіроўкамі 100 працэнтаў свайго цела і гэты вынік зараз немагчыма пераўзысці. Цыркавы артыст патраціў больш за тысячу гадзін на нанясенне тату. Пасля ўсталявання рэкорда Рыч сутыкнуўся з праблемай адсутнасці свабоднага месца на целе, але прыдумаў выйсце. Ён пачаў наносіць тату паверх папярэдніх чарнілам іншага колеру. 20 гадоў і 200 тысяч долараў спатрэбілася амерыканцу Мэту Гону, каб на целе не засталося свободнага ад малюнкаў месца. Калі рабіў наколкі на твары і рэбрах, было так балюча, што хацелася крычаць і бегчы. Ён прызнаецца, што дзяўчатам падабаецца, але працяглых адносін з іх ніхто не хоча. З працаўладкаваннем таксама ўсё не проста. Зарабляе толькі тым, што наведвае тату-фестывалі. Для такіх людзей прыдумалі тэрмін «тату-залежнасць» або «сіняя хвароба» – пастаяннае непераадольнае жаданне ўпрыгожваць сваё цела. Ці шмат такіх дзівакоў? Мабыць нямала, калі кожны другі чалавек, які зрабіў татуіроўку, вяртаецца ў тату-салон, каб набіць новую. Татуіроўкі існуюць тысячагоддзі. Іх знайшлі нават на старажытных муміях. З сярэдзіны васямнаццатага да пачатку дваццатага стагоддзя татуіроўкі былі папулярнымі сярод англійскай эліты. У маці Уінстана Чэрчыля была выява змяі вакол запясця. На афіцыйных прыёмах яна закрывала яе брыльянтавым бранзалетам. У самога Чэрчыля быў якар на руцэ. Калісьці тату былі такімі дарагімі, што толькі багатыя людзі маглі іх сабе дазволіць. Калі татуіроўкі сталі больш даступнымі, іх сталі лічыць “непрыстойнымі” аж да іх рэнесансу ў сярэдзіне дваццатага стагоддзя. У ЗША ў свой час дзейнічала забарона на татуіроўкі, лічылася, што гэта спрыяе распаўсюджванню гепатыту. У Японіі яны доўгі час былі па-за законам. Малюнак на целе быў сімвалам прыналежнасці да злачынных груповак. Нягледзячы на адмену забароны, людзей з татуіроўкамі нават сёння часта не пускаюць у спартзалы і басейны. Зараз татуіроўкі ўвайшлі ў моду. Усё больш людзей ва ўсім свеце наносяць іх на цела, каб падкрэсліць сваю індывідуальнасць. Кожны сёмы жыхар планеты ўжо зрабіў татуіроўку, а дзве трэція лічаць іх прывабнымі. Іх робяць хлопчыкі, дзяўчынкі, дарослыя, у тым ліку багатыя і знакамітыя. Каля 45 мільёнаў амерыканцаў маюць хаця б адну татуіроўку. Жыхары ЗША трацяць на гэта мільярды долараў у год. Прычым жанчын з тату ў Злучаных Штатах больш, чым мужчын. Папулярнае захапленне – “тату-турызм”. Многія адпраўляюцца на адпачынак у Інданэзію, а заадно робяць тату, таму што паслугі салонаў там самыя танныя. Яшчэ адна масавая з'ява – тату ў падарунак. Большасць людзей з малюнкамі на целе ў Ісландыі і Новай Зеландыі прызналіся, што паход да майстра ім аплацілі сябры. А ў Індыі татуіроўкі сталі вельмі папулярным падарункам дзецям ад бацькоў. Іх тут часта ўспрымаюцца як атрыбуты раскошнага жыцця зорак кіно. Такая мода не абмінула сучасную Расію. Многія з задавальненнем дадаюць да свайго іміджу гэты нязмыўны штрых. Хоць даследаванне паказала, што працадаўцы застаюцца кансерватыўнымі. У многіх кампаніях татуіроўкі забаронены дрэс-кодам. Людзі, якія шукаюць публічную працу, часта атрымліваюць адмову. З сямі мільёнаў італьянцаў, якія маюць татуіроўкі, кожны пяты шкадуе аб рашэнні зрабіць іх. Некаторыя перанеслі інфекцыі або алергічныя рэакцыі. Чатыры працэнты нават адважыліся на касметычную працэдуру па выдаленні малюнкаў на целе. Цяпер татуіроўкі можна нават праслухоўваць. Набіраюць папулярнасць тату ў выглядзе гукавых хваль. Гэта можа быць фрагмент песні, голас роднага чалавека, першае слова дзіцяці і нават брэх любімага сабакі. Гук пераносіцца на электронны носьбіт, які перапрацоўвае яго ў графічны малюнак гукавой хвалі. Татуіроўшчык пераводзіць эскіз на скуру, акуратна зафарбоўвае гукавую хвалю пры дапамозе машынкі з тонкай іголкай, каб у дакладнасці перадаць гукавую дарожку. Для таго, каб праслухаць зробленую татуіроўку, трэба ўстанавіць спецыяльны дадатак на мабільны тэлефон. Для тых, хто збіраецца зрабіць татуіроўку, важна ведаць яшчэ адзін факт: падчас яе нанясення скура будзе прабіта іголкамі прыкладна ад 50 да 3000 разоў за хвіліну ў залежнасці ад формы і памеру. А калі потым захочаце вывесці малюнак, балючую працэдуру прыйдзецца прайсці некалькі разоў.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: