Падзяліцца:
10 мая 2017
Паводле інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, амаль два мільярды жыхароў планеты (каля 30%) маюць лішнюю масу цела. У Беларусі яна ў кожнага чацвёртага. А, напрыклад, у 2011 годзе такіх людзей сярод беларусаў быў толькі 21%. Варта задумацца... Праблема найбольш актуальная ў дачыненні да дзяцей і моладзі. Звыклая карціна: малое заплакала – бацькі далі цукерку. Часта дзяцей перакормліваюць, прапануюць порцыі не па ўзросце, аддаюць перавагу паўфабрыкатам або фаст-фуду. Школьнікі і студэнты, замест паўнавартаснага абеду ў сталовай, аддаюць перавагу чыпсам, піражкам і газіроўцы. А дзе ўзяць гадзіну ў дзень для фізічнай нагрузкі, калі ўвесь вольны час праводзіш за камп’ютарам? У выніку кожнае дзясятае дзіця ў Беларусі мае складанасці з масай цела. Праблема гэта паступова становіцца актуальная для ўсіх. Колькасць людзей з атлусценнем перавышае колькасць тых, хто мае паніжаную масу цела. Такое становішча назіраецца ва ўсіх рэгіёнах свету, акрамя некаторых раёнаў Азіі і Афрыкі, дзе застаецца праблема голаду. Самыя поўныя людзі ў свеце жывуць у дзяржавах Акіяніі – Самоа, Кірыбаці, Тонга. На некаторых астравах людзей з лішняй масай больш за 90 працэнтаў! Рэзкі рост атлусцення ў нацый паўднёвай часткі астравоў Ціхага акіяна ў значнай ступені звязваюць з масавым імпартам танных, апрацаваных прадуктаў з ЗША, замест больш лёгкіх традыцыйных, такіх як бананы, какосы і рыба. Пытанне лішняй вагі ўжо некалькі дзесяцігоддзяў застаецца галоўнай праблемай амерыканскай сістэмы аховы здароўя. Спажыванне нездаровай ежы з высокай каларыйнасцю, адсутнасць фізічнай актыўнасці, пераяданне, харчовая рэклама і стрэсы павялічваюць колькасць тоўстых людзей у Амерыцы. Тут самы высокі ўзровень атлусцення сярод развітых краін у свеце. Амерыканцы ўсё часцей пакутуюць ад ішэмічнай хваробы сэрца, высокага крывянога ціску, інсультаў і дыябету. У параўнанні з ЗША ў Германіі справы не настолькі дрэнныя. Але любоў людзей да піва і тлустай ежы плюс адсутнасць фізічнай актыўнасці прывялі таксама да высокага ўзроўню атлусцення. За апошнія 20 гадоў аўстралійцы выраслі ў сярэднім на сантыметр, але пры гэтым прыбавілі больш за 3 кілаграмы. Лішнія кілаграмы – вялікая праблема і для Егіпта, асабліва для жанчын. Гіпадынамія і культ ежы, якой павінна быць шмат. Прычым, як правіла, гэта каларыйныя стравы. У Ізраілі ўзровень атлусцення павялічыўся ўтрая за апошнія тры дзесяцігоддзі. І зноў вінаваты «хуткая ежа» і сядзячы лад жыцця. Традыцыйныя крамы са свежымі прадуктамі тут замянілі супермаркеты і гандлёвыя аўтаматы. Танныя апрацаваныя прадукты сталі ў Харватыі нормай і замянілі здаровую ежу. Сардэчна-сасудзістыя праблемы сталі вядучай прычынай смерці сярод жыхароў краіны. Яны спажываюць у дзень на 700 калорый больш за рэкамендаваную норму. Атлусценне ў Вялікабрытаніі ідзе па тым самым сцэнарыі, што і ў Амерыцы. У выніку з-за гэтай праблемы тут памірае больш людзей, чым у любой іншай краіне Еўропы. Але зроблены першы правільны крок. Міністэрства аховы здароўя распрацавала праграму, якая прадугледжвае зніжэнне ўтрымання цукру ў ласунках на 20% да 2020 года. Дабрабыт, звязаны з вялікімі запасамі нафты, прывёў да значных змен у ладзе жыцця жыхароў Персідскага заліва. Рост даходаў, міжнародныя сеткі хуткага харчавання, лёгкі доступ да аўтамабіляў, багацце прадуктаў і хуткая ўрбанізацыя ўнеслі Катар, Кувейт, Бахрэйн і Эміраты ў спіс краін, дзе асабліва шмат людзей з лішняй вагой. Сусветная арганізацыя аховы здароўя вызначае лішнюю масу цела і атлусценне, як «ненармальнае або празмернае назапашванне тлушчу, якое ўяўляе небяспеку для здароўя». Людзі ядуць усё больш і больш. Што прыводзіць да сур'ёзных наступстваў ва ўсім свеце. Але ёсць краіны, дзе, наадварот, поўных людзей вельмі мала. Генетыцы жыхароў Бангладэш многія могуць пазайздросціць. Мужчыны важаць у сярэднім 58 кілаграмаў, жанчыны – 45. Тоўстыя людзі тут рэдкасць. А на в'етнамцаў ніякі фаст-фуд не дзейнічае. Многія з задавальненнем сілкуюцца ў папулярных харчовых сетках, але фігуру не губляюць. Атлусценне ніколі не было актуальнай праблемай для японцаў. З агульнай статыстыкі выбіваюцца толькі барцы сумо. У Бразіліі шмат стройных мужчын. Дапамагаюць добрыя гены і заняткі спортам. А вось мясцовыя жанчыны змагаюцца з лішнімі калорыямі менш паспяхова. За апошнія тры дзесяцігоддзі ніводная краіна не дабілася поспехаў у зніжэнні ўзроўню атлусцення. Адзінае выключэнне – Францыя. Вынікі найбольш прыкметныя сярод падлеткаў. Там прынята спецыяльная дзяржпраграма. У навучальных установах прыбралі аўтаматы са шкоднай ежай. Для дзяцей і іх бацькоў праводзяць заняткі па культуры харчавання. Са школьнікамі працуюць псіхолагі і дыетолагі. Ніхто не можа прымусіць харчавацца правільна, кожны чалавек прымае рашэнне сам. Важна толькі памятаць, што ад гэтага залежыць самае дарагое – наша здароўе.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: