Падзяліцца:
Паралелі. Трэба толькі захацець! Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
12 верасня 2017
Паралелі. Трэба толькі захацець! Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) Людзей, якія валодаюць дзвюма мовамі, называюць білінгвамі - да іх адносіцца большасць жыхароў зямлі, у тым ліку і беларусы, якія маюць дзве дзяржаўныя мовы. Тыя, хто ведае тры мовы, – палілінгвы, а больш за тры – паліглоты. Ёсць краіны, дзе валоданне некалькімі мовамі – норма. Напрыклад, Швейцарыя з яе чатырма дзяржаўнымі мовамі. Жыхары Нідэрландаў – таксама паліглоты. Акрамя роднай галандскай, вельмі шмат людзей ведаюць нямецкую і французскую мовы, а па-англійску свабодна гавораць больш за 90% жыхароў. Калі ў Нідэрландах чалавек не размаўляе па-англійску, ён, хутчэй за ўсё, замежнік. Значная частка насельніцтва Уганды і Камеруна свабодна валодае чатырма мовамі, шмат паліглотаў жыве ў Індыі. Гаворка ідзе менавіта пра добрае веданне, здольнасць у любы момант пераключыцца з адной мовы на другую. А вось брытанцы дрэнна ведаюць замежныя мовы, 78% жыхароў гавораць толькі па-англійску. Такая ж сітуацыя і ў Расіі, дзе толькі невялікі працэнт насельніцтва свабодна валодае іншай мовай. Кожная мова ўнікальная. Але ёсць такія, уплыў якіх распаўсюдзіўся па ўсім свеце. Самая значная па колькасці носьбітаў – кітайская. На ёй размаўляюць паўтара мільярда чалавек. У тым ліку больш за 20 мільёнаў – за межамі Кітая. Асабліва шмат людзей валодаюць кітайскай у Сінгапуры і Малайзіі. Яе ведаюць 5 мільёнаў мігрантаў, якія пераехалі ў Новы Свет, і мільён жыхароў Еўропы. Безумоўны сусветны лідар – англійская. Яна служыць галоўнай мовай зносін у Паўночнай Амерыцы, на Брытанскіх астравах, у Аўстраліі і Новай Зеландыі. А яшчэ цэлы мільярд зямлян ведае англійскую таму, што гэта глабальная мова бізнесу і навукі. Англійская – адна з афіцыйных моў у 60 краінах, у тым ліку, такіх буйных, як Індыя, Пакістан, Нігерыя, Філіпіны і ПАР. У Еўропе амаль 300 мільёнаў чалавек здольныя на ёй гаварыць. Французская мова – культурны канкурэнт англійскай. Ёй валодаюць больш за 300 мільёнаў чалавек у свеце. Лічба ўражвае, але больш за палову ўсіх франкамоўных жывуць у іншых частках свету, за межамі Еўропы. У першую чаргу ў краінах, якія калісьці былі французскімі калоніямі. Пасля рашэння аб выхадзе Вялікабрытаніі з ЕС з новай сілай паўстала пытанне аб умацаванні пазіцый іншых моў кантынентальнай Еўропы. Зараз у 27 краінах Еўрасаюза (без Вялікабрытаніі) валодаюць нямецкай 140 мільёнаў, французскай – 120 мільёнаў, а вось англійскай – 200 мільёнаў чалавек. Напрыклад, у Германіі разумеюць французскую толькі 14% жыхароў, англійскую – 58%. У Францыі валодаюць нямецкай толькі 7%, а англійскай – 40%. Такім чынам, жыхары дзвюх найбуйнейшых краін кантынентальнай Еўропы вымушаны пераходзіць на англійскую, паколькі не разумеюць мовы суседзяў. Насельніцтва Расіі – больш за 140 мільёнаў чалавек, аднак за яе межамі ведаюць рускую мову яшчэ столькі ж. Калі вы будзеце размаўляць па-руску ў Германіі, не здзіўляйцеся, што многія вас зразумеюць. У гэтай краіне рускую мову ведаюць больш за 8 мільёнаў. Дзесяцімільённая Партугалія – толькі чацвёртая ў свеце па колькасці людей, якія размаўляюць па-партугальску. Наперадзе Бразілія, Ангола і Мазамбік. У іншых краінах Еўропы валодаюць партугальскай 6 мільёнаў. А, напрыклад, у Люксембургу – кожны пяты! У Іспаніі жыве 46 мільёнаў чалавек, яшчэ 30 мільёнаў ведаюць іспанскую ў іншых краінах Еўропы, перш за ўсё, у Францыі і Італіі. 5 мільёнаў чалавек размаўляюць па-іспанску ў Афрыцы, не паспелі забыць яе і тры мільёны філіпінцаў. Але галоўная цытадэль іспанскай – Амерыка. Амаль паўмільярда носьбітаў! Гэта не толькі Карыбы, Паўднёвая і Цэнтральная Амерыка. Кожны шосты жыхар ЗША гаворыць па-іспанску. У паўднёвых штатах ужо ўсталявалася фактычнае двухмоўе ў бізнесе, гандлі, сферы паслуг, палітыцы і грамадскім жыцці. Лепш за ўсё асвоіць новую мову ў дзяцінстве. З узростам узнікаюць складанасці, трэба больш працаваць. Але пасля чацвёртай мовы з’яўляецца своеасаблівая лёгкасць да вывучэння, мозг набывае звычку і спецыфічныя навыкі. Што да беларусаў, то ў нас вялікі патэнцыял. Білінгвы, людзі, якія валодаюць з дзяцінства дзвюма мовамі, прасцей засвойваюць замежныя, у іх выдатная памяць, яны хутчэй схопліваюць матэрыял, іх вопыт моўных зносін куды шырэй, чым у чалавека, які валодае адной мовай. Трэба толькі захацець!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: