Падзяліцца:
«Паралелі. Ці заменяць робаты людзей?» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
9 студзеня 2018
«Паралелі. Ці заменяць робаты людзей?» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) Больш за сто гадоў таму, у самым пачатку эпохі аўтамабілебудавання ўласнае аўто было раскошай. Генры Форд прапанаваў лозунг “аўтамабіль для ўсіх” і стаў выпускаць самыя танныя ў той час машыны. Для гэтага ён выкарыстаў канвеер. Новая сістэма механізавала працэс зборкі. Менш работнікаў – менш выдаткаў. Новыя тэхналогіі палягчаюць наша жыццё і паступова замяняюць людзей на іх працоўных месцах. Сёння фермер у адзіночку на сучасных машынах можа апрацоўваць столькі зямлі, з чым раней спраўлялася цэлая вёска. Прафесія машыністкі цалкам знікла, таму што з’явіліся камп’ютары. Яшчэ не так даўно здавалася, што прафесія касіра будзе вечнай. А сёння зарплату выдаюць банкаматы. Усё менш працы ў прадаўцоў квіткоў, якія можна купіць праз інтэрнэт. Верагодна, у будучым знікнуць і касіры ў супермаркетах. Такія крамы без кас і прадаўцоў ужо ёсць. Каб зрабіць пакупку, неабходна ўстанавіць мабільны дадатак. А за парадкам сочаць камеры назірання. Дзверы ў краму адчыняюцца пасля сканіравання адбітка пальца. Пакупкі таксама сканіруюцца смартфонам і заносяцца ў базу кліента. Пакупнікам зручна, паколькі аплаціць рахунак трэба ў канцы месяца. Праўда, адна з першых такіх крам у Швецыі была зачынена з-за крадзяжоў і неаплаты рахункаў за тавары. Хоць запазычылі і ўкралі жыхары невялікага гарадка не так шмат для Швецыі – на некалькі тысяч еўра. Дапрацаваць ідэю вырашылі ў Японіі. Да 2025 года там адкрыюць цэлую сетку аўтаматызаваных міні-крам, якія будуць працаваць без прадаўцоў і касіраў. Замест іх з'явяцца робаты, якія змогуць прыняць грошы ў кліентаў, выдаць ім здачу і чэк, дапамогуць скласці тавары ў пакеты. Яшчэ раней аўтаномныя крамы з'явяцца па ўсім Кітаі. Яны будуць працаваць 24 гадзіны ў суткі без выхадных і свят. “Свет звар’яцеў! Навошта я вучуся на будаўніка?” – ускліквае на форуме чытач артыкула “3D-прынтар заменіць будаўнікоў”. Ужо зараз зразумела, што тэхналогія трохмернага друку стане неад’емнай часткай будаўнічай справы. Цалкам магчыма, што праз некалькі гадоў кожны жадаючы зможа купіць 3D-прынтар для будаўніцтва дома. Інжынеры ўжо распрацавалі ўнікальны цэмент, які дазваляе друкаваць вырабы любых формаў. У ЗША ствараюць велізарны прынтар, які зможа друкаваць не толькі сцены, але і праводку разам з сантэхнікай. А ў Кітаі не сталі чакаць амерыканцаў і сабралі ўласны 3D-прынтар, які здольны ўсяго за некалькі гадзін надрукаваць будынак вышынёй да 6 метраў. Замест чарніла ён выкарыстоўвае цэмент, узмоцнены шкловалакном. Тэхналогія на 50% танней, чым класічныя метады будаўніцтва. Каманда іспанскіх вучоных прадставіла біяпрынтар для трохмернага друку скуры чалавека. Біячарніла змяшчае жывыя клеткі. Па такім жа прынцыпе даследчыкі спадзяюцца аднаўляць і іншыя органы чалавека. Штучны інтэлект, рабатызацыі і іншыя інавацыі не толькі дапамагаюць вырашаць складаныя задачы, але і прымушаюць людзей мяняць працу. Робаты сталі больш таннымі. Гэта дазваляе замяняць імі людзей не толькі на вытворчасці, але і ў офісах. Працэс аўтаматызацыі закранае і фізічную, і інтэлектуальную працу. Вось некаторыя прафесіі, якія ў ХХІ стагоддзі могуць знікнуць або сур'ёзна мадэрнізавацца. Персанал у сферы абслугоўвання. Робаты надзейней, хутчэй і мацней. Ім не трэба плаціць, яны не памыляюцца з-за няўважлівасці і не змогуць з-за дрэннага настрою нагрубіць кліенту. Мы ўжо выкарыстоўваем тэрміналы для аплаты паслуг, аўтаматы па продажы ежы, аўтаматызаваныя паркоўкі. Верагодна, з’явяцца аўтаматычныя бібліятэкі і рэстараны без афіцыянтаў. Абавязкі спецыялістаў кол-цэнтраў ужо зараз выконваюць аўтаадказчыкі. Каб атрымаць інфармацыю, нам прапануюць націснуць кнопку “1”, “2” і гэтак далей. Акрамя таго, усё больш паслуг будуць выконваць мабільныя дадаткі. Нават такая творчая прафесія, як журналіст, можа стаць менш запатрабаванай. Аналітыкі прагназуюць, што вялікую частку навін будуць генерыраваць камп’ютары аўтаматычна. Часопіс Forbes ўжо сёння карыстаецца паслугамі робатаў-журналістаў. Набліжаецца дзень, калі пачнуць у прамысловых маштабах выпускаць робатаў-фармацэўтаў. Эфектыўнасць і прадукцыйнасць машын у дзясяткі разоў пераўзыходзіць аналагічныя чалавечыя паказчыкі. Робаты ніколі не стомяцца. У групу знікаючых прафесій рызыкуюць трапіць вадзіцелі. Гіганты аўтамабільнай індустрыі актыўна займаюцца сістэмамі аўтаматычнага кіравання. У Стакгольме ўжо запускаюць аўтобусы без руля і без вадзіцеля, прычым бясплатныя. Транспарт будзе выкарыстоўваць тэхналогію GPS. Аднак пакуль вадзіцель ўсё яшчэ будзе знаходзіцца ў салоне на выпадак надзвычайнай сітуацыі. Нават такія паважаныя прафесіі, як урач і настаўнік, могуць сур’ёзна трансфармавацца пад уплывам сучасных тэхналогій. Вядома, паверыць ва ўсе гэтыя здагадкі складана. Тым не менш, штогод новыя тэхналогіі ліквідуюць у свеце мільёны працоўных месцаў. Ёсць прагноз, што да канца нашага стагоддзя 70% сучасных прафесій будуць аўтаматызаваны. Гэта значыць, замена людзей робатамі – пытанне часу.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: