
Добра памятаю, як у дзяцінстве бацькі казалі, што тэлевізар можна глядзець толькі дзве гадзіны ў тыдзень. Тады не было кругласутачных дзіцячых каналаў, а вольны час праводзілі ў двары, сябравалі, хадзілі на стадыён, чыталі кнігі. Цяпер нават падчас канікул двары пустыя. Дзеці сядзяць дома са сваімі камп’ютарамі. Нават тэлефануюць адно аднаму рэдка. Жывыя эмоцыі і словы замяняюць лайкі і смайлікі. Дзеці вучацца трымаць у руках смартфон раней, чым лыжку.
Адна маладая мама распавядала, што трохмесячнае дзіця вельмі капрызнае. І, каб супакоіць, яна ўвесь час уключае яму тэлевізар. Ведаю бацькоў, якія купілі сыну планшэт на яго першы дзень нараджэння. Каб не плакаў, не перашкаджаў, не патрабаваў увагі. Дарослым прасцей жыць, калі дзіця цэлы дзень глядзіць мультфільмы.
Неверагодна, але сярэднестатыстычны карыстальнік праводзіць амаль дзве гадзіны ў сацыяльных сетках штодня. А гэта больш за пяць гадоў жыцця. Яшчэ тры з паловай гадзіны ў дзень або дзевяць гадоў жыцця людзі марнуюць ля тэлевізара. У тым ліку тры гады траціцца на зусім непатрэбныя праграмы, пераключэнне каналаў і паўторы перадач. Акрамя таго, ёсць мноства мабільных дадаткаў, камп’ютарныя гульні, штодзённы і нават штогадзіны інтэрнэт-сёрфінг. А яшчэ трэба працаваць і адводзіць час на сон. Колькі тады застаецца, каб проста жыць?
Лічбы гэтыя ашаламляюць, паколькі на іншыя віды дзейнасці застаецца непараўнальна менш часу. У прыватнасці, людзі за ўсё сваё жыццё глядзяць тэлевізар у пяць разоў даўжэй, чым займаюцца спортам, шопінгам, наладжваюць адносіны. Аказваецца, сумарна паўтара года жыцця вылятае толькі на прагляд фільмаў, якія мы ўжо шмат разоў бачылі. Што тычыцца свят, то прагляд тэлевізара – гэта асноўны занятак. Прычым, палову гэтага часу займаюць паўторы, і людзі лічаць, што ў святы – гэта нармальна. Большасць глядзяць фільмы, якія за доўгія гады вывучылі на памяць. Многія сем’і ядуць перад тэлевізарам. А больш за ўсё часу марнуюць перад экранам пенсіянеры.
Нярэдка гледачы скардзяцца на якасць перадач і фільмаў, але працягваюць гадзінамі іх глядзець. Любыя іншыя формы адпачынку саступаюць свае пазіцыі, увесь час запаўняецца праглядам тэлеперадач. Калі такога чалавека на тры дні адлучыць ад тэлевізара, ён стане агрэсіўным, будзе дрэнна працаваць, пачнуцца сямейныя канфлікты. Ёсць і больш цяжкія формы тэлевізійнай залежнасці – прагляд звыш аднаго канала адначасова і пастаяннае без мэты пераключэнне тэлевізара. Як тут не ўспомніць перавагі радыё, якое можна слухаць і адначасова займацца любымі іншымі справамі!
Даследаванне паказала, што інтэрнэт-залежнасць маюць каля 10% карыстальнікаў ва ўсім свеце. Многія прызнаюць сваю праблему, надакучлівае жаданне падключыцца да інтэрнэту і няздольнасць своечасова адключыцца. Яны занадта шмат часу праводзяць у чатах і сацыяльных сетках, і гэта перашкаджае весці нармальнае жыццё.
Сучаснае жыццё такое, што рэдкія людзі не маюць профіля ў адной або некалькіх сацыяльных сетках. Інтэрнэт дапамагае нам абменьвацца інфармацыяй, сябраваць, знаходзіць аднадумцаў. Праз сеткі можна таксама знайсці працу, паколькі кампаніі часта размяшчаюць на сваёй старонцы інфармацыю пра вакансіі. Хтосьці праз сетку знайшоў не проста сяброў па перапісцы, а сваю другую палову. Сацыяльныя сеткі дапамагаюць падарожнічаць, і пры гэтым эканоміць грошы. Таленавітыя людзі атрымліваюць папулярнасць і прызнанне. Многія навучыліся праз інтэрнэт зарабляць. Сацыяльныя сеткі аказваюць дапамогу праваахоўным органам у пошуку злачынцаў, і такіх прыкладаў становіцца ўсё больш.
Магчымасцей сапраўды шмат, але ёсць і вялікі мінус – праблема залежнасці ад сацыяльных сетак. Бо іх распрацоўшчыкі робяць усё, каб чалавек праводзіў там як мага больш часу, а пажадана яшчэ і нешта купіў.
Мець зносіны ў сетках значна прасцей, чым у жыцці. Можна зарэгістравацца пад выдуманым іменем, размясціць чужую фатаграфію. Можна пісаць усё, што заўгодна, абражаць і “троліць”. Людзі, якія так сябе паводзяць, перакананыя, што ім не прыйдзецца за гэта адказваць. Камусьці падабаецца падглядваць за чужым жыццём, замест таго, каб жыць сваім, і гэта паступова ўваходзіць у звычку.
Ёсць меркаванне, што “з галавой” у віртуальную рэальнасць сыходзяць людзі, якія не ўпэўнены ў сабе, у іх мала сяброў, да іх меркавання ў рэальным жыцці не вельмі прыслухоўваюцца. Бо чалавек, у якога ёсць сям’я, праца, хобі, мае меншы шанс атрымаць такую залежнасць. Хто заняты сур’ёзнай справай, у таго няма вольнага часу на пустое.