
Аварыя на ядзерным рэактары Чарнобыльскай АЭС, якая адбылася 31 год таму, – самая буйная тэхнагенная катастрофа на нашай планеце. Яна закранула лёсы мільёнаў людзей. Цяжар наступстваў найбуйнейшай у сусветнай гісторыі радыяцыйнай аварыі для Беларусі значна большы, чым для Украіны і Расіі. Іх пераадоленне патрабуе пастаянных комплексных намаганняў. Лячэнне, аздараўленне, стварэнне належных умоў для працы і жыцця насельніцтва на пацярпелых тэрыторыях сталі ў Беларусі доўгатэрміновай, навукова абгрунтаванай сістэмнай дзяржаўнай палітыкай. Толькі першыя пяць гадоў наступствы аварыі ліквідаваў былы Савецкі Саюз. А з яго распадам увесь цяжар фінансавых і іншых праблем лёг на Беларусь. Урад абвясціў пацярпелыя раёны зонай экалагічнага бедства, а сусветная супольнасць прызнала, што наступствы аварыі для Беларусі носяць характар тэхнагеннай катастрофы.
Чарнобыль – самая Вялікая памылка чалавецтва. І, дарэчы, самая дарагая. Але былі і іншыя. Праз 25 гадоў пасля Чарнобыля 11 сакавіка 2011 года ў выніку дзевяцібальнага землетрасення і цунамі ў Японіі ядзерная ўстаноўка электрастанцыі Фукусіма страціла здольнасць астуджаць рэактары з атамным палівам. Гэта прывяло да радыеактыўнага заражэння вялікай тэрыторыі і акваторыі. Каля двухсот тысяч жыхароў былі эвакуіраваны, каб прадухіліць цяжкія захворванні ў выніку апраменьвання.
У жніўні 1975 года ў заходняй частцы Кітая, падчас тайфуну прарвала дамбу Баньцяа. Плаціна была пабудавана ў 1950-х гадах для вытворчасці электраэнергіі і прадухілення паводак. Інжынеры распрацавалі яе з запасам трываласці на тысячу гадоў. Але ў фатальным 1975 годзе за адзін дзень выпала больш ападкаў, чым бывае за год. Пасля некалькіх дзён яшчэ больш моцных дажджоў плаціна не выстаяла. Адразу загінула 26 тысяч чалавек і яшчэ больш за 145 тысяч памерлі пазней у выніку голаду і эпідэмій.
2 снежня 1984 года ў выніку ўцечкі таксічнага рэчыва з завода па вытворчасці пестыцыдаў у горадзе Бхапал Індыя была прызнана эпіцэнтрам адной з самых гібельных тэхнагенных катастроф на вытворчасці ў гісторыі. Выкід дзясяткаў тон таксічнага газу адбыўся ўначы ў раёне, дзе жыў амаль мільён чалавек. Бхапальская катастрофа – найбуйнейшая па колькасці ахвяр у сучаснай гісторыі. Адразу загінула 18 тысяч чалавек, а колькасць пацярпелых, па некаторых ацэнках, перавышае паўмільёна.
У снежні 1952 года на працягу пяці дзён дым ад вугальнага гарэння і фабрычных выкідаў накрываў Лондан шчыльным пластом. Наступіла халоднае надвор'е, і жыхары масава пачалі паліць у печы вугаль, каб сагрэць дамы. Спалучэнне вытворчых і камунальных выкідаў у атмасферу прывяло да густога туману і дрэннай бачнасці, а 12 тысяч чалавек памерлі ад удыхання таксічных выпарэнняў.
У сакавіку 1954 года Злучаныя Штаты правялі выпрабаванне ядзернай зброі на атоле Бікіні ў Ціхім акіяне. Выбух быў у тысячу разоў больш магутны, чым ў Хірасіме. Гэта было часткай эксперыменту ўрада ЗША. Шкода, нанесеная выбухам, была катастрафічнай для навакольнага асяроддзя на плошчы ў тысячы квадратных кіламетраў.
За 37 гадоў вытворчасці пластмас японская нафтахімічная кампанія скінула 27 тон металартуці ў воды заліва Мінамата. Жыхары яго выкарыстоўвалі для лоўлі рыбы, не ведаючы пра зліў хімічных рэчываў. Атручаная ртуццю рыба нанесла сур'ёзны ўрон здароўю дзяцей, якія нарадзіліся ў маці, што ўжывалі рыбу з заліва ў ежу, і забіла больш за 900 чалавек у рэгіёне.
У Ніягара-Фолз, штат Нью-Ёрк, каля сотні дамоў і мясцовая школа былі пабудаваны на месцы звалкі прамысловых і хімічных адходаў. З часам хімікаты трапілі ў верхнія пласты глебы і ваду. Калі зрабілі аналіз, то выявілі ўтрыманне васьмідзесяці двух хімічных злучэнняў, адзінаццаць з якіх былі канцэрагеннымі рэчывамі. У жыхароў сталі з'яўляцца такія сур'ёзныя хваробы, як лейкемія, а ў 100 сем'ях нарадзіліся дзеці з сур'ёзнымі паталогіямі.
10 ліпеня 1976 адбылася прамысловая катастрофа на поўначы Італіі, недалёка ад Мілана. Небяспечнае воблака шкодных злучэнняў трапіла ў атмасферу. Прадпрыемства дзесяць дзён хавала факт уцечкі хімічных рэчываў. У мясцовых жыхароў сталі ўзнікаць сардэчныя паталогіі. Колькасць выпадкаў захворвання на рак таксама ўзрасла, што было даказана даследаваннямі.
13 лістапада 2002 года ўзарваўся нафтавы танкер Prestige, 77 тысяч тон гаручага трапіла ў акіян, што стала найбуйнейшым у гісторыі Еўропы разлівам нафтапрадуктаў. Страты склалі 12 мільярдаў долараў.
Тэхнагенныя катастрофы адбываюцца часта з-за недарэчнага супадзення падзей і прыводзяць да непапраўных наступстваў. Чалавецтва ў XXI стагоддзі мае ўсе шансы знішчыць сябе. Гэта можа адбыцца не абавязкова ў выніку вайны. Ці хопіць нам калектыўнага інстынкту самазахавання, каб супрацьстаяць гэтаму?