Падзяліцца:
17 Студзеня 2017
Любая пакупка ва Уругваі нагадвае матрошку. Дапусцім, вы купілі піражок. Яго заварочваюць у пакет. Потым кладуць у каробку, якую абгортваюць плёнкай. Потым усё гэта кладуць у пакет без ручак. Затым у пакет з ручкамі, а лепш адразу ў два для надзейнасці. Уяўляеце, колькі пакетаў прыносяць у дом і выкідваюць на працягу года жыхары Уругвая? Паўтара мільярда! Або на аднаго чалавека каля 500 пакетаў за год. І гэта не так шмат, калі параўнаць са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Кожны жыхар ЗША спажывае за год паўтары тысячы поліэтыленавых пакетаў. Менавіта ў гэтай краіне 60 гадоў таму з’явіліся першыя фасовачныя пакеты. Цэлафанавая упаковачная мода разышлася па ўсім свеце. І зараз агульнасусветны аб'ём выпуску поліэтыленавых пакетаў вылічаецца трыльёнамі штук за год. Па тысячы пакетаў на кожнага зямляніна! Поліэтыленавыя пакеты – сур'ёзная экалагічная праблема. У перыяд іх з'яўлення мала хто задумваўся пра шкоду. Сёння ўвесь свет кажа пра іх як пра сапраўднае бедства. Для іх вытворчасці выкарыстоўваюць неўзнаўляльныя рэсурсы (газ, вугаль і нафту), а перыяд натуральнай утылізацыі пакетаў складае ад 400 да 1000 гадоў. Пакеты становяцца не толькі крыніцай устойлівага забруджвання навакольнага асяроддзя, яны забіваюць мільёны птушак, кітоў, цюленяў, чарапах. Пакеты з рэшткамі ўпакаванай у іх ежы трапляюць у дыхальныя шляхі жывёл. У Аб'яднаных Арабскіх Эміратах вярблюды часта праглынаюць пластык і паміраюць у пакутах. У Бангладэш пагрозу ад пакетаў убачылі яшчэ і ў тым, што пластык засмечвае вадасцёкавую сістэму, а гэта прыводзіць да сур'ёзных паводак з чалавечымі ахвярамі. Пазбавіцца ад выкарыстанага пакета амаль немагчыма. Да нядаўняга часу існавала толькі два шляхі вырашэння праблемы: пахаванне і спальванне. Але, як высветлілася, і адзін, і другі наносяць непапраўную шкоду навакольнаму асяроддзю. Закапаныя ў зямлю і выкінутыя на сметнік мяшкі перашкаджаюць узбагачэнню глебы кіслародам, а пры іх спальванні выдзяляецца вуглякіслы газ і шэраг іншых атрутных рэчываў. Паўсюдная і бясплатная раздача пакетаў прывяла да вялізнага росту іх спажывання. Калі сітуацыя стала крытычнай, урады розных краін свету пачалі пошук альтэрнатыўных рашэнняў. Прапаноўваліся самыя розныя варыянты: ад увядзення новых падаткаў да поўнай забароны поліэтыленавай упакоўкі. Яшчэ ў 1994 годзе Данія стала першай краінай, якая ўвяла падатак на пластыкавыя пакеты. І цяпер кожны жыхар краіны спажывае ў год – вы не паверыце – усяго 4 поліэтыленавыя пакеты! Гэта не значыць, што датчане абыходзяцца зусім без пластыку. Яны не купляюць аднаразовыя пакеты-майкі, з якімі мы прывыклі ісці з крамы, а потым выкідваць. У Ірландыі падатак на пластык стаў вельмі эфектыўнай мерай: праз год колькасць смецця скарацілася на 95%, а 90% пакупнікоў добраахвотна перайшлі на даўгавечныя экалагічныя пакеты і сумкі. Першай краінай у Еўропе, дзе былі забаронены пластыкавыя пакеты, што не раскладаюцца, стала Італія. З 2011 года там уступіла ў сілу забарона, у адпаведнасці з якой крамы павінны прапаноўваць пакупнікам толькі сумкі з тканіны, пакеты з паперы або з матэрыялаў, якія паддаюцца перапрацоўцы. З 1 студзеня ў Францыі больш няма бясплатнай поліэтыленавай ўпакоўкі нават у аддзелах з гароднінай і садавіной. Статыстыка паказвае, у тых краінах, дзе выкарыстанне пакетаў не рэгулюецца, вельмі хутка расце іх спажыванне. І наадварот, усё больш краін уводзяць забароны на вытворчасць, імпарт або продаж пластыкавых пакетаў. Самыя сур’ёзныя пакаранні ў Танзаніі – штраф $2000 або год турмы. Спецыялісты адзначаюць, каб адмовіцца ад пластыкавых пакетаў, трэба выкарыстоўваць іншыя віды сумак, якія бываюць таксама не бясшкодныя. Як адзначаюць эколагі, які б пакет ні выкарыстоўваўся, галоўнае для памяншэння ўздзеяння на прыроду – прымяняць яго максімальна магчымую колькасць разоў. Што з міжнароднага вопыту можна выкарыстаць у Беларусі эфектыўна і безбалюча? Спыніць бясплатную раздачу пакетаў у крамах. Але гэта не перашкаджае гандлёвым сеткам выгадна прадаваць пакеты, а тыя, што з лагатыпам, – гэта яшчэ і бясплатная хадзячая рэклама. Занадта настойліва на касе ў крамах прапануюць набыць пакет. Гэта значыць, што няма закона, які б забараняў гэта рабіць. Але, мабыць, галоўная перашкода – усведамленне экалагічных праблем у грамадстве яшчэ не на тым узроўні, каб адмовіцца ад выгод цывілізацыі, такіх, як бясплатныя пакеты, або зусім забараніць іх.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: