Падзяліцца:
«Паралелі. Жыццё ў цішыні». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
27 Лістапада 2017
«Паралелі. Жыццё ў цішыні». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) У Японіі за тыдзень я сустрэў толькі двух чалавек, якія размаўлялі па тэлефоне. На вакзале ўсхваляваная жанчына сустракала кагосьці, але размінулася. Прыйшлося патэлефанаваць. Іншы выпадак быў у аэрапорце. Салідны мужчына ў дарагім касцюме адпачываў у крэсле, калі завібрыраваў тэлефон. Чалавек вельмі збянтэжыўся, але вымушаны быў адказаць. Верагодна, званіў бос. Ён падняўся з крэсла, выцягнуўся, змайстраваў шчырую ўсмешку і стаў кланяцца, нібыта начальнік знаходзіўся побач. Новыя тэхналогіі сувязі па-асабліваму ўпісаліся ў культуру японцаў. Напэўна, дома яны, як і мы, размаўляюць па тэлефоне, абмяркоўваюць навіны, справы. Але на вуліцы, у грамадскіх месцах размаўляць не прынята. Гэта можа перашкодзіць іншым людзям. Як не прынята пхацца і парушаць асабістую прастору. У сучаснай Японіі ўсе маўчаць. Гук у тэлефонах выключаны, як у тэатры. Усе перапісваюцца праз месенджары і сацыяльныя сеткі. А каб не прапусціць паведамленне, ходзяць у навушніках. У такійскім метро заўсёды шматлюдна. Але ў вагонах поўная цішыня. Ніхто ні з кім не размаўляе. Кожны заняты сваім смартфонам, шмат у каго па некалькі гаджэтаў. Больш за ўсё здзівіла дзяўчына, якая трымала ў руках чатыры смартфоны, па два ў кожнай руцэ, і адначасова імі кіравала. Такі трук не ўсякі можа паўтарыць. Па адным перапісвалася, па другім нешта шукала ў інтэрнэце, у трэцім была гульня, у чацвёртым... Я так і не зразумеў, навошта ёй патрэбен быў яшчэ і чацвёрты тэлефон? Японцы беражліва ставяцца да традыцый. Адна з іх – ансэн. Так называюць гарачыя вулканічныя крыніцы для купання на свежым паветры, а таксама атэлі з саўнай і купальнямі, напоўненымі мінеральнай вадой. У японскую лазню ходзяць і ў адзіночку, і кампаніямі. У пакоі для адпачынку – знаёмы нам рытуал: можна выпіць крыху піва або сакэ, якія там жа прадаюцца ў аўтамаце. І зноў поўная цішыня. Сябры сядзяць побач за сталом і не размаўляюць. Яны перапісваюцца праз вайбер! А зараз уявіце сабе нашых людзей, якія пасля лазні сядзяць за агульным сталом, п’юць піва і маўчаць, толькі перапісваюцца адзін з адным праз тэлефон... Як ні дзіўна, але гэта цішыня прыходзіць і да нас. Навошта лішні раз размаўляць, калі можна напісаць? Узгадайце, як вы віншуеце блізкіх з Новым годам і днём нараджэння? Зараз тэлефануюць ўсё радзей, а СМС і іншыя тэкставыя паведамленні адпраўляюць ўсё больш. Фантасты ўжо стварылі партрэт чалавека будучыні. Людзі страцяць мышцы, аб’ём мозга паменшыцца, паколькі ўся інфармацыя будзе ў камп’ютары, затое стануць большымі вочы і выцягнуцца пальцы рук, каб зручней працаваць за клавіятурай.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: