Падзяліцца:
«Паралелі. А вам спадабаецца, калі ваш горад будзе «здаровы»? Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
11 Мая 2019
«Паралелі. А вам спадабаецца, калі ваш горад будзе «здаровы»? Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) «Ініцыятыва «Здаровыя гарады і пасёлкі» павінна перарасці ў маштабны дзяржаўны праект», – даручыў Прэзідэнт у пасланні беларускаму народу і парламенту. – «Усе населеныя пункты краіны, якія прэтэндуюць на званне здаровага горада ці пасёлка, павінны атрымаць паўнавартаснае здароўезберагальнае асяроддзе. Без курэння і алкаголю, са спартыўнымі пляцоўкамі, бяспечнымі ўмовамі жыцця, чыстай вадой і паветрам...» Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала урбанізацыю адным з галоўных выклікаў у XXI стагоддзі: ва ўсім свеце колькасць гараджан перавышае колькасць жыхароў сельскіх раёнаў. Жыццё ў горадзе можа быць звязана з характэрнымі рызыкамі: толькі 12% гарадоў ва ўсім свеце дасягаюць мэтавых паказчыкаў па барацьбе з забруджваннем навакольнага асяроддзя, а да 2050 года 70% насельніцтва планеты будзе жыць у гарадах. Рух «Здаровы горад» стаў глабальным. У Беларусі ў праект уцягнуты 40 населеных пунктаў. Ёсць станоўчы вопыт па паляпшэнні стану здароўя і якасці жыцця насельніцтва. Напрыклад, у Астраўцы ў перспектыўны план развіцця горада ўключана стварэнне «сцежкі здароўя», веладарожак, адаптаваны міжнародныя праекты «Школа, якая садзейнічае ўмацаванню здароўя» і «Актыўнае даўгалецце». У Паставах значна ўмацавалася і пашырылася спартыўная база горада, павялічылася колькасць бюджэтных і спонсарскіх сродкаў, што выдзяляюцца на спартыўнае жыццё; створаны аб’яднанні па інтарэсах для папулярызацыі актыўных формаў правядзення вольнага часу; вырасла загрузка спартыўных збудаванняў. Як паказвае аналіз, практычна ва ўсіх гарадах, якія прынялі актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта, назіраецца паляпшэнне паказчыкаў здароўя насельніцтва: скарачаецца колькасць выпадкаў сацыяльна значных захворванняў, нараджальнасць пачынае перавышаць смяротнасць, дзясяткі тысяч дзяцей і падлеткаў уключаюцца ў працэс прафілактыкі наркаманіі, алкагалізму, курэння, дарожна-транспортных здарэнняў; ствараецца сацыяльнае асяроддзе; матывуецца насельніцтва да выбару здаровага ладу жыцця. Што ж такое здаровы горад? Якія праблемы гарадскога жыцця трэба вырашыць у першую чаргу? Гэта спрыяльнае асяроддзе, добрая экалогія. З гэтага пункту гледжання цікавы міжнародны рэйтынг самых экалагічна чыстых гарадоў планеты. Параметры ацэнкі: атмасфера, якасць пітной вады, утылізацыя смецця, здароўе насельніцтва. Звернем увагу на некаторых лідараў рэйтынгу. Нямецкі Фрайбург вядомы як экагорад, адзін з самых чыстых і зялёных. Славіцца высокімі стандартамі жыцця, прыгожымі краявідамі і дарогамі, свабоднымі ад машын. У швейцарскім Цюрыху паспяхова ўкаранёны “зялёныя” віды транспарту і біялагічнае паліва, а колькасць машын скарачаецца. У Капенгагене і Вене пастаянна з’яўляюцца новыя паркі і зялёныя зоны, праводзяцца шматлікія сацыяльныя кампаніі, якія прапагандуюць хадзьбу і язду на веласіпедзе як альтэрнатыву аўтамабілю. Чыкага – адзін з буйнейшых гарадоў ЗША, але мае рэпутацыю вельмі чыстага горада. Тут рэалізуецца праект па азеляненні дахаў па ўсім горадзе, іх ператвараюць у сады, каб палепшыць якасць паветра. Улады горада таксама заахвочваюць сваіх жыхароў карыстацца грамадскім транспартам дзеля скарачэння шкодных выкідаў. На вяршыні спіса самых чыстых гарадоў – канадскі Калгары. Тут шмат заводаў, але горад ацанілі не за якасць паветра, а за меры, якія прымаюць улады, каб выратаваць свой горад ад забруджвання. Дзякуючы сучасным праектам, Калгары практычна цалкам змаглі пазбавіць ад выкідаў. А звалак смецця няма нават на ўскраінах. Нямецкія аналітыкі падзяліліся вынікамі цікавага даследавання. Складзены рэйтынг гарадоў з самым нізкім узроўнем стрэсу. Вывучалі навакольнае асяроддзе, дарожны трафік і забруджанасць паветра, стан злачыннасці, гарадскую інфраструктуру і нават узаемаадносіны паміж людзьмі. Лідарам аказаўся Штутгарт. Ключавым стала тое, што ў горадзе шмат паркаў і зялёных зон адпачынку, бяспечна на вуліцах, нізкі ўзровень беспрацоўя. Сярод самых спакойных і зручных гарадоў не так шмат сталіц. Магчыма, правінцыяльны рытм жыцця больш гуманны. Далей ад праблем, іншыя хуткасці, пешшу да цэнтра і назад, нізкапавярховыя дамы са сваімі кветнікамі і агародамі. Вось толькі не хочуць многія людзі ціхага шчасця. Мараць перабрацца ў сталіцу, бліжэй да заводскіх труб, растварыцца ў натоўпе, жыць у кватэры на высокім паверсе. Здаровыя гарады – гэта рацыянальнае гарадское планаванне, пашырэнне доступу да бяспечнай транспартнай сістэмы, азеляненне і абсталяванне грамадскіх месцаў. Усё гэта дазваляе знізіць смяротнасць на дарогах, павысіць якасць паветра, садзейнічаць павышэнню фізічнай актыўнасці насельніцтва. Жыць у такім месцы ўтульна і камфортна. А ствараюць здаровыя гарады не толькі ўлады, але і самі жыхары.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: