Падзяліцца:
«Паралелі. Беларускія назвы на карце свету». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
10 Красавіка 2019
«Паралелі. Беларускія назвы на карце свету». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) Неяк у самалёце разгаварыўся з суседкай. Абмеркавалі пералёты, надвор’е, словам, раззнаёміліся. «А я ж таксама жыву ў Мінску», – сказала яна. Я не паверыў, пакуль не ўдакладніла: «У Польшчы, у горадзе Мінск-Мазавецкі. Гэта зусім побач з Варшавай, гарадок маленькі, тысяч сорак жыхароў. Прыязджайце, паглядзіце.» «І Вы да нас!» Мне было настолькі цікава, што пры першай магчымасці стаў шукаць інфармацыю пра двайніка беларускай сталіцы. Аказалася, назва Мінска-Мазавецкага, як і беларускага, утварылася ад ракі, на якой ён стаяў. Але польскі цёзка нашмат маладзейшы, яму 600 гадоў. Нейкіх асаблівых падзей тут не здаралася, але ёсць гістарычныя будынкі, помнікі. Яшчэ ў Мінску-Мазавецкім праходзіць шмат фестываляў, а жыхары суседняй Варшавы любяць прыязджаць сюды, каб адпачыць ад вялікага горада. Даведаўся я, што на карце свету ёсць яшчэ адзін Мінск. Гэта вёска ў Краснаярскім краі Расіі, у якой дзве вуліцы і менш за сто жыхароў. У канцы XIX стагоддзя беларускіх сялян пачалі перасяляць у Сібір асвойваць новыя землі. За 30 гадоў з Беларусі з’ехала велізарная колькасць людзей, якія паверылі ў расказ царскіх агентаў пра новае лепшае жыццё. Зараз называюць розныя лічбы. Хтосьці кажа пра 600 тысяч, а хтосьці налічыў паўтара мільёна беларускіх перасяленцаў. Сяліліся яны ад Цюмені да Іркуцка, стваралі там новыя вёскі і давалі ім назвы, якія нагадвалі пра радзіму. Вось так з’явіўся свой Мінск у Краснаярскім краі. Наогул, знайсці ў Расіі вёскі з беларускімі назвамі досыць лёгка. Такіх прыкладаў, напэўна, сотні. Але ёсць у дзвюх краінах і гарады з аднолькавымі або вельмі падобнымі назвамі: Іванава, Любань, Светлагорск, Белаазёрск. У ЗША вельмі шмат гарадоў з тымі ж назвамі, якія ўсім вядомыя ў Еўропе. Калі вывучыць карту розных штатаў, можна знайсці дзясяткі Лонданаў і Санкт-Пецярбургаў, шматлікія мястэчкі з назвамі Адэса і Рым. Тут ёсць свае Масква, Афіны, Мілан і Парыж. З беларускімі цёзкамі ў ЗША цяжэй, хіба што можна сесці на цягнік у Вашынгтоне і даехаць да Александрыі. Дарэчы, цёзкі ў беларускага аграгарадка ёсць таксама ў Егіпце, Грэцыі, Вялікабрытаніі, Паўднёвай Афрыцы, Румыніі і Украіне. Затое ў Злучаных Штатах маюцца вуліцы Мінская і Беларуская, прычым у розных населеных пунктах. Але больш за ўсё пашанцавала Брэсту. Толькі ў Еўропе налічылі як мінімум 13 гарадоў, вёсак і камун з такой назвай. Самы старажытны – французскі Брэст. Ён заснаваны ў часы Рымскай імперыі ў 856 годзе. За ім ідзе Брэст беларускі, дата згадкі ў “Аповесці мінулых гадоў” – 1019 год. Гэта значыць, сёлета мы адзначаем 1000-годдзе нашага славутага горада. Ёсць свой Брэст у Польшчы, Германіі, Чэхіі, Македоніі, Сербіі, Албаніі, Балгарыі, Чарнагорыі, Харватыі. Энтузіясты адшукалі населеныя пункты з такой назвай таксама ў ЗША і Канадзе. У Беларусі ёсць аматары, якія задумалі наведаць усе гарады свету па імені Брэст. І трэба сказаць, паспяхова рэалізавалі гэту ідэю. І, нарэшце, успомнім пра гарады-пабрацімы. Дружалюбныя сувязі таксама адбіліся ў назвах. У Мінску ёсць плошча Бангалор і Сяндайскі сквер, дзе можна любавацца красаваннем японскай сакуры. А вось плошчы, вуліцы і завулкі ў гонар беларускай сталіцы маюцца не толькі ў гарадах-пабрацімах, але і па ўсім свеце. Іх каля ста, большасць у былых савецкіх рэспубліках, а ў Расіі яны ёсць у розных гарадах ад Калінінграда да Паўднёва-Сахалінска.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: