Падзяліцца:
«Паралелі. Будынак, які змяніў цэлы горад». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
29 студзеня 2019
«Паралелі. Будынак, які змяніў цэлы горад». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) Сінгапур – адзін з самых развітых, тэхналагічных і камфортных для жыцця гарадоў свету, яго называюць футурыстычным храмам навукі і тэхналогій, піянерам па ўкараненні інтэлектуальных сістэм. Горад-дзяржава лічыцца самым зручным для вядзення бізнесу месцам у свеце і ўжо шмат гадоў узначальвае рэйтынг Doing Business Сусветнага Банка. Тут вялікая працягласць жыцця, высокія даходы і нізкі ўзровень злачыннасці. Спакойна гуляць па вуліцах можна як днём, так і ноччу. І ў адрозненне ад іншых азіяцкіх мегаполісаў, ён не падобны на «каменныя джунглі». Улады горада вырашылі, што трэцюю частку прасторы трэба аддаць раслінам. Тут мноства паркаў, а сады на дахах дамоў – звыклая з’ява. Пры гэтым Сінгапур не мае сваіх прыродных рэсурсаў, ён імпартуе нават прэсную ваду. Складана паверыць, што яшчэ паўстагоддзя таму гэта была бедная краіна, а на месцы неверагодных небаскробаў стаялі балоты і рыбацкія хаткі. Аўтарам сінгапурскага эканамічнага цуду называюць першага прэм’ер-міністра краіны Лі Куан Ю. Гэта яго рэформы за некалькі дзесяцігоддзяў ператварылі Сінгапур з адсталай вёскі ў цэнтр тэхналогій і бізнесу. Не дзіўна, што самая прэстыжная ў свеце прэмія ў галіне развіцця гарадоў носіць імя першага прэм’ер-міністра Сінгапура. Гэта «Оскар» за дасягненні ў горадабудаўніцтве. Уручаецца раз у два гады гарадам, якія, як і Сінгапур, дасягнулі вялікіх поспехаў ва ўкараненні інавацый і паляпшэнні гарадскога асяроддзя. Першым лаўрэатам гэтай прэміі заслужана стаў Більбао. Да сярэдзіны 90-х гэта быў даволі пануры прамысловы порт на поўначы Іспаніі, які не ўяўляў ніякай цікавасці. Эканамічны крызіс паставіў пад пагрозу ўсю прамысловасць, прадпрыемствы закрываліся адно за адным, расло беспрацоўе, акрамя таго, на горад абрынулася разбуральная паводка. І так даволі шэры і брудны горад пачаў прыходзіць у заняпад. Тады і жыхары, і ўлады зразумелі, што неабходныя перамены. За нейкія 10-15 гадоў ён змяніўся так моцна, што знайсці сляды правінцыйнага мінулага стала практычна немагчыма. Гэты феномен нават атрымаў назву «эфект Більбао». У 1991 годзе была распрацавана праграма для «перазапуску» горада. Яна была разлічана на 20 гадоў. Змены закранулі кожны куток. Більбао павінен быў ператварыцца з прамысловай сталіцы ў культурную. Для гэтага ўлады вырашылі запрасіць лепшых архітэктараў. Горад прапанаваў Фонду падтрымкі сучаснага мастацтва Гугенхайма поўнае фінансаванне будаўніцтва новага музея. Праект распрацаваў адзін з найбуйнейшых архітэктараў сучаснасці Фрэнк Геры. Музей адкрыўся ў 1997 годзе, а яго ўзвядзенне абышлося ў 170 мільёнаў долараў. Фантастычны будынак, абліцаваны тытанавымі пласцінамі, імгненна стаў вядомым ва ўсім свеце. За складаную геаметрыю і нязвыклыя формы спецыялісты назвалі яго пачаткам новай эры архітэктуры. Можна сказаць з упэўненасцю: горад атрымаў штуршок для развіцця менавіта дзякуючы музею Гугенхайма. Сродкі акупіліся з неверагоднай хуткасцю: за тры гады пасля адкрыцця турысты прынеслі ў гарадскі бюджэт паўмільярда еўра. Натхнёныя такім поспехам, улады працягнулі пераўтварэнні. З’явіўся новы аэрапорт, была ўдасканалена сістэма метро, запрацаваў сучасны трамвай, а прамысловыя раёны атрымалі другое жыццё. Зараз кожны год Музей сучаснага мастацтва Більбао наведвае больш за мільён турыстаў, а горад зарабляе мільярды. Цяпер Більбао – адзін з самых прыгожых і ўтульных гарадоў Іспаніі. Калі гуляеш па яго вуліцах, здаецца што лепшыя архітэктары і мастакі свету прыехалі сюды, каб змяніць горад. Праект музея Гугенхайма прызнаны сусветнымі ўрбаністамі самым удалым прыкладам уздзеяння яркага архітэктурнага аб’екта на эканоміку і імідж горада. Эфект Більбао вядомы ва ўсім свеце, і многія гарады спрабавалі выкарыстаць яго, стваралі экстравагантныя грамадскія будынкі, але большасць пераймальнікаў не дасягнулі заўважнага поспеху. Ці ёсць у Беларусі прыклады, калі сучасныя будынкі змянілі жыццё горада? Каб адказаць на гэта пытанне, уявім сабе нашу сталіцу без «Мінск-Арэны». Калі б 10 гадоў таму Беларусь выйграла конкурс «Еўрабачанне», яго не было б дзе праводзіць. Не было сучаснай пляцоўкі для чэмпіянату свету па хакеі і чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні, які так прыгожа завяршыўся ў нядзелю. Дзякуючы гэтаму збудаванню, мы атрымалі магчымасць праводзіць прэстыжныя спаборніцтвы, для гасцей узвялі гасцініцы, паступова быў палегчаны візавы рэжым. Разам з новабудуоўлямі адраджаўся гістарычны цэнтр. Думаю, кожны горад, вялікі і малы, заслугоўвае, каб у ім з’явіўся будынак, які здольны змяніць жыццё.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: