Падзяліцца:
Паралелі. Чым мы здольныя ахвяраваць дзеля экалогіі? Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага
24 Верасня 2019
Паралелі. Чым мы здольныя ахвяраваць дзеля экалогіі? Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага Беларусь чарговы раз далучылася да міжнароднай акцыі “Дзень без аўтамабіля”. Такім чынам яе ўдзельнікі сказалі “не” выхлапным газам і гарадскім пробкам, звярнулі ўвагу на шкоднае ўздзеянне транспарту, праблемы аварыйнасці на дарогах. У краіне назіраецца надзвычай высокі ўзровень аўтамабілізацыі. Парк налічвае некалькі мільёнаў машын, матацыклаў і новых сродкаў мабільнасці. Цэнтральныя вуліцы перагружаны. Колькасць транспарту становіцца зараз не толькі паказчыкам камфорту, а стварае рэальныя праблемы для гараджан. І гэта датычыцца не толькі сталіцы. Прыватны аўтапарк павялічваецца з кожным годам і дадае цяжкасцей жыхарам абласных цэнтраў, іншых буйных гарадоў. І ўсё ж гэтыя праблемы ў нас не такія вострыя, як у іншых краінах. Хочацца сказаць «дзякуй» тым, хто праектаваў шырокія вуліцы і праспекты. А таксама гарадскім уладам, якія прынялі выклік і актыўна займаюцца пытаннямі інфраструктуры. Вялікія заторы – з’ява не частая. Нам пазайздросцяць жыхары гарадоў свету, дзе аўтамабіляў больш, чым здольны змясціць дарогі. У бразільскім Сан-Паўлу самым хуткім і надзейным грамадскім транспартам стаў верталёт. Вядома, слова “грамадскі” трэба ўзяць у двукоссе, гэта транспарт для абраных. Але рэальнасць такая, што пастаянныя шматкіламетровыя пробкі можна толькі абляцець. Немалую ролю ў вырашэнні такіх праблем дваццацімільённага мегаполіса адыгрывае абмежаванне руху ў час пік па нумарах аўто. У панядзелак забаронена выязджаць аўтамабілям з нумарамі, якія заканчваюцца на 1 і 2, у аўторак на 3 і 4, і гэтак далей да пятніцы. У выхадныя абмежаванняў няма. Штраф каля 50 долараў. Сталіца Расіі пастаянна ўваходзіць у дзясятку, і нават у тройку, гарадоў свету, жыхары якіх больш за ўсё часу праводзяць у заторах. Пробкі штодня забіраюць у масквічоў у сярэднім 49 хвілін. Амаль столькі ж часу губляюць жыхары Пекіна, Джакарты, Дубліна, Бухарэста, Мехіка і Бангкока. Мы добра разумеем, што Дзень без аўтамабіля – гэта толькі заклік звярнуць увагу на гарадскія праблемы, нагадаць, што ўклад аўтатранспарту ў забруджванне паветра складае 72 працэнты. Але хто адмовіцца ад асабістага аўтамабіля зусім? Можа быць, канадцы? Бо гэта краіна славіцца высокай экалагічнай культурай. Але не так. Чатыры канадцы з пяці не гатовы нават на час адмовіцца ад кіравання дзеля экалогіі. Абсалютная большасць заяўляе, што калі б давялося адмовіцца ад аўтамабіля на тыдзень, яны будуць хадзіць пешшу, толькі б не ездзіць на веласіпедзе і грамадскім транспарце. І толькі адзін працэнт жыхароў Канады змог бы адмовіцца ад выкарыстання аўтамабіля назаўсёды. Пры гэтым жыць без фаст-фуду згодны 36 працэнтаў апытаных, без кавы – 14, а без тэлевізара – шэсць. Ад чаго яшчэ гатовы адмовіцца людзі дзеля захавання навакольнага асяроддзя? “Зялёная ліхаманка” ахапіла Германію. Як паказала апытанне, дзеля экалогіі большасць яе жыхароў гатовы адмовіцца ад авіяпералётаў на кароткія адлегласці, купляць менш прадуктаў, а таксама згодны не карыстацца аўтамабілем у цэнтры горада. Людзі нават гатовы змірыцца з тым, што могуць падаражэць авіябілеты і мяса, але катэгарычна супраць, каб раслі цэны на аўтамабільнае паліва. І толькі кожны пяты жыхар Германіі гатовы плаціць больш за энергію, калі яна атрымана з аднаўляльных крыніц, такіх як сонца і вецер. Цэлы год эколагі вывучалі стаўленне кітайцаў да “зялёнай эканомікі”. Аказалася, што большасць ведае гэту тэму, свабодна валодае асноўнымі тэрмінамі, але праблема заключаецца ў тым, што амаль ніхто з апытаных не спяшаецца мяняць сваё жыццё. Толькі 7 працэнтаў прызналіся, што гатовыя адмовіцца ад пакупкі машыны дзеля змяншэння свайго ўкладу ў забруджванне навакольнага асяроддзя. А дзве трэція людзей, у якіх машына ўжо ёсць, нават не гатовы карыстацца ёй радзей. А ад чаго гатовы адмовіцца мы? На інтэрнэт-форумах шмат гавораць на гэту тэму, разважаюць пра экалагічны лад жыцця, прынцып “нуль адходаў” і свядомае спажыванне. Прапануюць адмаўляцца ад пластыкавых пакетаў, ад звычкі пакідаць кран адкрытым, выкарыстоўваць энергазберагальныя лямпы, прыглядацца да шэрынгавых сэрвісаў як альтэрнатывы асабістаму аўтатранспарту. Хтосьці прапануе менш купляць друкаванай прадукцыі, а замест гэтага чытаць навіны ў інтэрнэце, слухаць радыё і аўдыякнігі. Сустрэў і такое меркаванне: “Ні ад якіх выгод цывілізацыі адмаўляцца не хачу! У тым ліку ад аўтамабіля. І не таму, што не люблю прыроду, а проста ведаю, што мая адмова нічога не зменіць, пакуль чалавецтва не навучыцца вырабляць гэтыя выгоды без шкоды прыродзе і беражліва выкарыстоўваць тыя рэсурсы, што яшчэ засталіся”. Як бачым, усе людзі розныя, і ўсё ж тых, хто задумваецца аб захаванні навакольнага асяроддзя і гатовы ўнесці асабісты ўклад, становіцца ўсё больш. Гэта факт, які складана аспрэчыць.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: