Падзяліцца:
«Паралелі. Дэмаграфічны выклік». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
18 Лістапада 2019
«Паралелі. Дэмаграфічны выклік». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) Многія краіны свету перажываюць дэмаграфічны крызіс, яго сутнасць – у перавышэнні смяротнасці над нараджальнасцю і старэнні насельніцтва. Доля жыхароў Лацінскай Амерыкі і краін Карыбскага басейна ўмерана ўзрастала да нядаўніх часоў, але пачала зніжацца. Доля насельніцтва Паўночнай Амерыкі ў апошні час таксама зніжалася. Хутка скарачаецца доля Еўропы: ў 1950 годзе яна складала амаль 22 працэнты ад агульнай колькасці насельніцтва свету, а да 2100 года можа апусціцца ніжэй за 6 працэнтаў. У бліжэйшыя 30 гадоў змяншэнне насельніцтва ў шэрагу краін Усходняй Еўропы складзе больш за 15 працэнтаў.
Аўстрыя адной з першых у Еўропе сутыкнулася з феноменам нізкай нараджальнасці. Гэта адбылося яшчэ ў XIX стагоддзі. Дэмаграфічная сытуацыя ў краіне застаецца складанай і можа дадаткова пагоршыцца, нягледзячы на тое, што выдаткі на сямейную палітыку – адны з самых высокіх у Еўропе.
Венгрыя ў пачатку 1990-х перажыла змену сямейнай мадэлі. Раней у краіне былі пераважна двухдзетныя сям’і, а затым адбылося рэзкае падзенне нараджальнасці, якое не спыняецца да гэтага часу. Склаліся такія ж тэндэнцыі, як і ў большасці еўрапейскіх краін: павелічэнне сярэдняга ўзросту нараджэння першага дзіцяці і зніжэнне сярэдняй колькасці дзяцей.
Адной з прычын нізкай нараджальнасці ў Італіі называюць эканамічную сітуацыю, калі жанчыны вымушаны працаваць і адмаўляюцца ад нараджэння дзіцяці. Характэрнай асаблівасцю Польшчы стаў высокі ўзровень працоўнай міграцыі, асабліва сярод моладзі, што таксама негатыўна адбіваецца на нараджальнасці.
Зараз амаль 40 працэнтаў людзей на планеце жывуць у дзвюх краінах – Кітаі і Індыі. Акрамя таго, у Азіі і Афрыцы ёсць шэраг перанаселеных краін, для якіх высокая нараджальнасць стала сур’ёзным сацыяльным выклікам. Доля насельніцтва Афрыкі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя складала толькі 9 працэнтаў насельніцтва свету, цяпер яна падвоілася, а да канца стагоддзя можа павялічыцца да 40 працэнтаў.
Дэмаграфічныя праблемы не абмінулі і Беларусь. З 1993 года пачалося натуральнае змяншэнне насельніцтва. І грамадства адчула негатыўны ўплыў гэтай з’явы. Змяншэнне колькасці дзяцей і падлеткаў вядзе да праблем фарміравання працоўных рэсурсаў і рэсурсаў для Узброеных Сіл. У выніку – зніжэнне эканамічнай актыўнасці, павелічэнне дзяржаўных расходаў на сацыяльную абарону. Каб выправіць сітуацыю, быў прыняты шэраг праграм дэмаграфічнай бяспекі, выкарыстоўваліся розныя метады эканамічнай і сацыяльнай падтрымкі, каб стымуляваць жаданне сям’і мець дзяцей.
У гэтым годзе завяршаецца дзеянне праграмы «Сямейны капітал». Гэта доўгатэрміновая мера ў сістэме дзяржпадтрымкі шматдзетных сем’яў.
Удзельнікамі праграмы сталі больш за 70 тысяч сем’яў. Адкрыты дэпазіты больш як на 700 мільёнаў долараў. Гэта мера паўплывала станоўча: у выніку прыкладна на трэць вырасла колькасць дзяцей, народжаных у шматдзетных сем’ях.
Выкарыстоўваць грошы можна на паляпшэнне жыллёвых умоў, паслугі ў сферы адукацыі, медыцыны, сацыяльнага абслугоўвання, а таксама на дадатковую пенсію маці. Пры гэтым ёсць умова: сямейным капіталам можна распараджацца, як правіла, пасля паўналецця дзіцяці. Акрамя гэтага, можна выкарыстоўваць капітал датэрмінова, каб атрымаць платныя медпаслугі на ўмовах, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя.
Праграма сямейнага капіталу прызнана паспяховай і яе вырашылі падоўжыць яшчэ на пяць гадоў. З 1 студзеня 2020-га капітал будзе намінаваны ў беларускіх рублях, яго сума складзе 22 з паловай тысячы.
І што асабліва важна, дадаткова пашыраны напрамкі датэрміновага прымянення. Калі сям’я мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, яшчэ да паўналецця дзіцяці можна выкарыстоўваць грошы на будаўніцтва або набыццё жылых дамоў, кватэр, пагашэнне запазычанасці па жыллёвых крэдытах. Таксама члены сям’і могуць выкарыстоўваць гэтыя сродкі на адукацыю і медыцынскія паслугі.
Вопыт іншых краін і наш таксама паказвае, што дэмаграфічную сітуацыю можна выправіць дзякуючы эфектыўнай дзяржаўнай палітыцы.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: