
На грамадскае абмеркаванне вынесены праект Указа Прэзідэнта «Аб дэпазітнай (закладной) сістэме абарачэння спажывецкай упакоўкі». Укараніць новы парадак плануецца ў 2021 годзе. Памер закладу складзе 20 капеек. Гэта закране пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, бляшанкі аб’ёмам ад ста мілілітраў да трох літраў. Закладны кошт упакоўкі не будзе ўключаны ў кошт тавару, яго павінны ўказваць на цэнніку асобна. Такім чынам, з’явіцца эканамічны стымул для спажыўца вярнуць выкарыстаны слоік або бутэльку для далейшай перапрацоўкі.
Падобная сістэма добра працавала ў нас у савецкі час, а потым пра яе забыліся. Таму што кожны вытворца стаў выпускаць уласную шкляную тару, акрамя таго з’явілася пластыкавая ўпакоўка, якую немагчыма было выкарыстоўваць паўторна. Ішоў час, вырасла спажыванне, усё больш алюмінію, шкла і пластыку адпраўлялася на звалку. Заклікі да разумнага спажывання і асобнага збору адходаў не змаглі вырашыць праблему.
Цяпер у нас збіраюць каля 40 працэнтаў тары. А можна збіраць 90 працэнтаў, як паказвае замежны вопыт. Пасля таго, як у Літве ўвялі дэпазітна-закладную сістэму, пластыкавыя бутэлькі перасталі выкідваць. А ў Германіі іх вяртанне даходзіць амаль да 100 працэнтаў! Праўда, заклад за тару там 25 еўрацэнтаў, таму і вынік збору такі высокі. У іншых краінах Еўропы тару можна вярнуць за 10-15 цэнтаў.
Для таго, каб сістэма запрацавала ў нас, патрэбны інвестыцыі. Вялікія сродкі неабходны на закупку абсталявання, устаноўку тараматаў, усяго каля 100 мільёнаў еўра. Аўтамат для тары – дарагая прылада, таму ўстанаўліваць іх будуць у шматлюдных месцах. А што тады рабіць людзям, у якіх няма пункта збору або крамы ў крокавай даступнасці? Таксама неабходна разуменне з боку гандлю. А ў магазінаў свае пытанні: як збіраць упакоўку, дзе яе захоўваць, дзе браць грошы, каб разлічвацца з пакупнікамі?
Закладная сістэма не адзіная навацыя. Паводле ацэнак спецыялістаў, у Беларусі выкарыстоўваецца да 4 млрд поліэтыленавых пакетаў у год. Гэта сур'ёзная экалагічная праблема. Раней мала хто задумваўся пра шкоду. А сёння ўвесь свет кажа пра пластык як пра сапраўднае бедства. Для вытворчасці выкарыстоўваюць неўзнаўляльныя рэсурсы (газ, вугаль і нафту), а перыяд натуральнай утылізацыі складае ад 400 да 1000 гадоў. Пазбавіцца ад выкарыстанага пакета амаль немагчыма. Да нядаўняга часу існавала толькі два шляхі вырашэння праблемы: пахаванне і спальванне. Але, як высветлілася, і адзін, і другі наносяць непапраўную шкоду навакольнаму асяроддзю. Закапаныя ў зямлю і выкінутыя на сметнік мяшкі перашкаджаюць узбагачэнню глебы кіслародам, а пры іх спальванні выдзяляецца вуглякіслы газ і шэраг іншых атрутных рэчываў.
Паўсюдная і бясплатная раздача пакетаў прывяла да вялізнага росту іх спажывання. Калі сітуацыя стала крытычнай, урады розных краін свету пачалі пошук альтэрнатыўных рашэнняў. Прапаноўваліся самыя розныя варыянты: ад увядзення новых падаткаў да поўнай забароны поліэтыленавай упакоўкі.
Яшчэ ў 1994 годзе Данія стала першай краінай, якая ўвяла падатак на пластыкавыя пакеты. І цяпер кожны жыхар краіны спажывае ў год усяго 4 поліэтыленавыя пакеты. Гэта не значыць, што датчане абыходзяцца зусім без пластыку. Яны не купляюць аднаразовыя пакеты-майкі, з якімі мы прывыклі ісці з крамы, а потым выкідваць. Першай краінай у Еўропе, дзе былі забаронены пластыкавыя пакеты, што не раскладаюцца, стала Італія. Крамы павінны прапаноўваць пакупнікам толькі сумкі з тканіны, пакеты з паперы або з матэрыялаў, якія паддаюцца перапрацоўцы.
Статыстыка паказвае, у тых краінах, дзе выкарыстанне пакетаў не рэгулюецца, вельмі хутка расце іх спажыванне. І наадварот, усё больш краін уводзяць забароны на вытворчасць, імпарт або продаж пластыкавых пакетаў. Самыя сур’ёзныя пакаранні ў Танзаніі – штраф $2000 або год турмы.
Што з міжнароднага вопыту можна выкарыстаць у Беларусі эфектыўна і бязбольна? Урад разглядае стымулы для паскоранага пераходу на папяровую ўпакоўку. Ёсць прапановы абмежаваць выкарыстанне аднаразовага посуду ў грамадскім харчаванні, арганізаваць выпуск папяровых пакетаў. Такім чынам, павінна паэтапна знізіцца выкарыстанне поліэтыленавай упакоўкі, адбудзецца яе замяшчэнне на больш экалагічную.
Таксама прапануецца абавязаць гандаль рэкамендаваць пакупнікам шматразовыя сумкі замест пакетаў, устанавіць забарону бясплатнай раздачы ў рознічным гандлі поліэтыленавых пакетаў. Цяпер гэтыя пакеты тэарэтычна бясплатныя, яны ўключаныя ў гандлёвую надбаўку. Калі чалавек убачыць цану на пакет, ён задумаецца, ці варта яго набываць. Асобныя групы тавараў можна пакаваць у бясплатную абгортачную паперу. Праблемай спецыялісты лічаць і тое, што ў Беларусі адсутнічае паняцце біяраскладальнай упакоўкі. Трэба замацаваць патрабаванні да такіх матэрыялаў, каб мы разумелі, у якіх умовах яны могуць раскладацца, вызначыць патрабаванні па ідэнтыфікацыі гэтай упакоўкі, каб яна была зразумелай і людзі маглі яе выбраць. А далей самае важнае: паважаць новыя правілы і навучыцца іх выконваць.