Падзяліцца:
«Паралелі. Хутка, смачна і карысна». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
27 лютага 2019
«Паралелі. Хутка, смачна і карысна». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) Ужо шэсць гадоў кожны квартал праводзіцца тыдзень беларускай кухні, зараз ідзе чарговы, дзевятнаццаты такі тыдзень. Па традыцыі, рэстараны і кафэ наведвальнікам прапануюць пяць страў. Прычым, меню і цэны ўсюды аднолькавыя, нягледзячы на катэгорыю ўстановы. Арганізатары паставілі мэту – не толькі далучыць беларусаў да нацыянальнай кухні, але і ўзняць тэму культуры харчавання. Сапраўды, пра дранікі і іншыя стравы мы за гэтыя гады даведаліся шмат. Але харчавацца правільна, фарміраваць рацыён, адрозніваць карысныя прадукты ад нездаровых, прызнаемся, навучыліся не ўсе. Разам з тым, у Беларусі лішняя маса цела ў кожнага чацвёртага. Прычым, праблемы пачынаюцца ў дзіцячым узросце. Для сучаснага чалавека велізарная праблема – недахоп часу. Гэта адбіваецца і на харчаванні. Фастфуд эканоміць час, але не прыносіць карысць здароўю. У перакладзе з англійскай «фастфуд» – ежа хуткага прыгатавання, якую звычайна гатуюць з высокакаларыйных прадуктаў простым і хуткім спосабам – смажаць на патэльні або ў фрыцюры. З-за гэтага нават дыетычны прадукт становіцца шкодным. Фактычна любы бутэрброд – гэта фастфуд. Але звычайна пад гэта вызначэнне падпадаюць піца, гамбургеры і чызбургеры, смажаная бульба, шаўрма, чабурэкі, пюрэ хуткага прыгатавання, чыпсы і сухарыкі. Першыя гамбургеры з’явіліся ў ЗША сто гадоў таму і каштавалі пяць цэнтаў. Менавіта нізкая цана прыцягнула масавага пакупніка, і гэта ежа стала неверагодна папулярнай у Амерыцы. Людзі сталі задумвацца, у чым жа падвох, калі гамбургер так мала каштуе. Тады гандляры дадумаліся плаціць спецыяльна нанятым людзям, якія ў белых халатах, пад выглядам урачоў, у гадзіну пік наведвалі закусачныя. Сумненні адпалі, і папулярнасць такіх забягалавак пабіла ўсе магчымыя рэкорды. Акрамя таго, гэта індустрыя прымушае людзей з’ядаць больш, чым трэба. Рэстараны хуткага харчавання даўно выкарыстоўваюць такі фокус: падаюць ежу, якую не трэба доўга пражоўваць. Такім чынам, людзі менш насычаюцца і больш з’ядаюць. Вучоныя высветлілі, што значна складаней адмовіцца, калі вам прапануюць штосьці напрамую. І калі супрацоўнікі рэстаранаў прапануюць узяць яшчэ нешта, дзевяць з дзесяці наведвальнікаў згаджаюцца. Не забываем таксама, што ў стравах хуткага прыгатавання шмат солі і харчовых стымулятараў, створаных хімічным спосабам. Інакш такая ежа будзе здавацца нясмачнай. Паказальны сумны прыклад Акіяніі. У гэтым рэгіёне жывуць самыя поўныя людзі ў свеце. На некаторых астравах людзей з лішняй масай больш за 90 працэнтаў! Рэзкі рост атлусцення ў нацый паўднёвай часткі астравоў Ціхага акіяна ў значнай ступені звязваюць з масавым імпартам танных, апрацаваных прадуктаў з ЗША, замест больш лёгкіх традыцыйных, такіх як бананы, какосы і рыба. Спажыванне нездаровай ежы з высокай каларыйнасцю, адсутнасць фізічнай актыўнасці, пераяданне, харчовая рэклама і стрэсы павялічваюць колькасць тоўстых людзей у свеце. Усё часцей нават маладыя людзі пакутуюць ад ішэмічнай хваробы сэрца, высокага крывянога ціску, інсультаў і дыябету. У Вялікабрытаніі ў выніку атлусцення памірае больш людзей, чым у любой іншай краіне Еўропы. Праблему заўважылі. Міністэрства аховы здароўя распрацавала праграму, якая прадугледжвае зніжэнне ўтрымання цукру ў ласунках на 20% да 2020 года. А, напрыклад, лонданская сетка грамадскага транспарту забараніла рэкламаваць нездаровую ежу. Новыя правілы тычацца прадуктаў з высокім утрыманнем тлушчу, солі і цукру. Шкоднасць ежы будзе ацэньвацца ў балах. Прычым, балы будуць прысвойвацца асобным прадуктам, а не кампаніям. Так, сеткі хуткага харчавання змогуць рэкламаваць у метро свае салаты, а не газіраваныя напоі. Пад забарону падпадае рэклама, у якую шкодныя прадукты трапілі выпадкова. Напрыклад, турыстычная кампанія не зможа размясціць білборд, на якім паказаны людзі з хот-догамі. Стагоддзі таму, калі фарміраваліся нацыянальныя кухні народаў свету, людзі мелі няяснае ўяўленне пра карысную і здаровую ежу. За нямецкай кухняй замацавалася рэпутацыя цяжкай, тлустай і занадта каларыйнай. Баварскія сасіскі і сардэлькі, смажаная ў фрыцюры грудзінка, традыцыйны густы суп, здольны замяніць абед з дзвюх страў. У Чэхіі папулярнае меню са свіной рулькі і знакамітага піва дапаўняюць тлустае мяса і соўсы, сала, хлеб, бульба, а таксама бліны, сасіскі і халадзец. Да нашай кухні таксама ёсць заўвагі. Адзначаюць вялікую колькасць страў з бульбы, тое, што дранікі падаюць разам з тлустымі малочнымі і мяснымі прадуктамі. Але варта падкрэсліць, што бульбы ўжо не ядуць у нас столькі, як раней. І сама кухня не вінаватая ў тым, як стравы падаюць і ядуць. Гэта таксама навука, якую многія з нас толькі пачынаюць асвойваць.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: