
На святы людзі робяць падарункі, загадваюць жаданні, зычаць сваім блізкім здароўя, шчасця і выканання ўсіх мар. А мары можна разумець як справы, якія трэба паспець зрабіць калі не ў новым годзе, то на працягу жыцця. Напрыклад, аб’ездзіць ўвесь свет, вывучыць новыя мовы, асвоіць незнаёмую прафесію. Пракаціцца на паветраным шары і верталёце, пабываць у круізе, узняцца на Эверэст, скочыць з парашутам, прабегчы марафон, убачыць сонечнае зацьменне і паўночнае ззянне. Пажыць у розныя поры года ў розных краінах, заначаваць у стозе сена і запусціць паветранага змея, наведаць пустыню і паплаваць з дэльфінамі. Заняцца ўласным бізнесам і дабіцца фінансавай незалежнасці.
А хто не марыць пра дасканаласць духоўную і фізічную? Дасягнуць сваёй ідэальнай масы цела, асвоіць розныя віды спорту і музычныя інструменты, навучыцца танцаваць і пісаць вершы, вязаць і смачна гатаваць, перамагчы ўласныя страхі. Прачытаць усе кнігі, якія хочацца, убачыць карціны, якія падабаюцца. Зняць уласны фільм, прыняць удзел у тэлешоу і, нарэшце, выйграць у латарэю. А яшчэ пасадзіць дрэва, пабудаваць дом мары, вырасціць сына і дачку.
Але і гэта не ўсё. Так хочацца зрабіць нешта добрае іншым людзям. Дапамагчы тым, хто мае патрэбу. Сказаць бацькам, што вы іх любіце. Памірыцца з усімі, з кім калісьці пасварыліся. Закахацца і схадзіць на самае рамантычнае спатканне. Змяніць свет да лепшага!
Успомнілася адно даследаванне па матэрыялах лістоў беларусаў Дзеду Марозу. Аказалася, не так шмат людзей думаюць пра штосьці вялікае і дарагое, напрыклад, кватэру, дачу ці машыну. Шмат хто хацеў атрымаць падарунак, які сімвалізуе свята і паляпшае настрой. Гэта навагоднія цацкі, кнігі, наборы цукерак. Беларусы мараць пра модныя гаджэты, прадметы інтэр’ера, касметыку. Але таксама нямала пажаданняў нематэрыяльных падарункаў. Многім не хапае любімага чалавека, сапраўднага сябра, які заўсёды зразумее і падтрымае. Маладыя людзі мараць паступіць ва ўніверсітэт, пабудаваць кар’еру, стварыць сям’ю. Вельмі шмат хто просіць не для сябе, а для іншых, каб споўніліся мары сваякоў, сяброў і блізкіх. Адна дзяўчынка напісала: “Дзед Мароз, падары, калі ласка, латарэйныя білеты для маёй мамы, таму што яна, як дзіця, верыць у цуда і ўвесь час іх купляе”.
Напэўна, усе людзі падобныя, нават калі жывуць у розных краінах. Усе мараць пра шчасце для сябе і сваіх блізкіх. У Італіі святы чакаюць, перш за ўсё, як магчымасць сабрацца ўсёй сям’ёй. Як і ў нас, дзецям дораць цацкі, дарослым кнігі, адзенне, што-небудзь смачнае. З нематэрыяльных пажаданняў на першым месцы – здароўе, на другім – мець працу. А яшчэ ў італьянцаў прынята вешаць на ёлку запіскі з пажаданнямі. Я зазірнуў пад гарадскую ёлку ў Рыме і ўбачыў шмат запісак на блізкіх мовах: рускай, польскай, украінскай. Як правіла, жадалі хутчэй пабачыцца са сваёй сям’ёй. Стала зразумела, што пісалі не турысты, а людзі, якія паехалі на заробкі, але затрымаліся надоўга.
Многія пакаленні амерыканцаў мараць пра краіну, дзе жыццё кожнага чалавека будзе лепш і багацей, дзе ў кожнага будзе магчымасць атрымаць тое, што ён заслугоўвае. У жыхароў ЗША спыталі: што можна лічыць увасабленнем “амерыканскай мары” сёння? Высветлілася, што большасць лічаць вельмі важным камфортны ўзровень жыцця пасля выхаду на пенсію, на другім месцы паспяховую кар’еру, на трэцім – стварэнне сям’і. Таксама амерыканцаў хвалюе наяўнасць уласнага жылля і дыплома.
Пра мары спыталі і расіян. Пра грошы ўспаміналі, як без гэтага? Але калі адным трэба “выйграць мільён долараў”, то іншым важна “мець дастаткова грошай на харчаванне і на неабходныя пакупкі”. Пры гэтым людзей старэйшага ўзросту фінансавае пытанне турбуе ў меншай ступені. У асноўным пра грошы мараць маладыя. Мары многіх расіян звязаны з будучыняй дзяцей і ўнукаў, ім хочацца “бачыць іх шчаслівымі, уладкаванымі”. І вядома жадаюць здароўя сабе і блізкім, “каб не хварэлі бацькі”, “каб усе былі жывыя і здаровыя”. А вось вандраваць, доўга жыць, але пры гэтым “не вельмі хутка састарэць” мараць усяго некалькі працэнтаў жыхароў Расіі.
Наогул мары маюць уласцівасць збывацца. Таму да іх трэба ставіцца сур’ёзна. А яшчэ мара павінна быць не вельмі дасягальнай. Тады яна дапамагае рухацца наперад.