
У 1897 годзе насельніцтва Мінска складала каля 90 тысяч чалавек, ужо тады гэта быў найбуйнейшы беларускі горад. Раней нядоўгі час яго апярэджваў толькі Віцебск. Адбіліся цяжкія наступствы вайны 1812 года. А ў ХХ стагоддзі насельніцтва беларускай сталіцы вырасла шматразова. У 1959 годзе ў горадзе было больш за паўмільёна жыхароў. Мільённы мінчанін нарадзіўся 25 студзеня 1972 года. У архівах захавалася відэа пра тое, як малога выпісвалі з раддома. Яго бацькі – рабочыя фабрыкі імя Крупскай. Кажуць, што на ролю мільённага мінчаніна “прэтэндавалі” 50 нованароджаных. Выбіралі з сям’і рабочых, у якіх не было сваёй кватэры. У 80-я гады адзначаўся бум нараджальнасці. Акрамя таго, працягваўся прыток у гарады сельскага насельніцтва. І ў 1985 годзе Мінск ужо святкаваў нараджэнне свайго паўтарамільённага жыхара.
Дынаміку росту сталіцы дакладна зафіксавалі перапісы насельніцтва, якія праводзяцца раз у дзесяць гадоў. Інтрыга апошняй кампаніі – наколькі Мінск наблізіўся да мяжы ў два мільёны жыхароў? Па прагнозах, да круглай лічбы не хапае ўсяго некалькі тысяч чалавек.
Перапіс называюць маментальным здымкам, які адлюструе партрэт краіны ў зададзены час: 0 гадзін 4 кастрычніка 2019 года. Але “праяўляць” гэты здымак будуць яшчэ доўга. Спатрэбяцца месяцы, каб сістэматызаваць звесткі пра колькасць жыхароў у краіне і іх склад, стварыць карціну па рэгіёнах і па кожным населеным пункце.
На тэрыторыі Беларусі перапісы насельніцтва праводзіліся 10 разоў. Па даных першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва 1897 года, у сучасных межах рэспублікі пражывала 6 мільёнаў 700 тысяч чалавек, з іх 87 працэнтаў жылі ў вёсцы, і адпаведна 13 у гарадах. Зараз гэта прапорцыя перакулілася. Доля гарадскога насельніцтва складае 78 працэнтаў, сельскага – 22. Будзе цікава даведацца, ці аслабла тэндэнцыя да пераезду людзей у гарады?
Праводзіць перапіс насельніцтва кожныя дзесяць гадоў – гэта абавязацельства, якое бяруць на сябе краіны свету. Атрыманыя звесткі выкарыстоўваюцца не толькі ў інтарэсах дзяржавы, але і перасылаюцца ў міжнародныя арганізацыі. Такім чынам, вынікі перапісу насельніцтва Беларусі 2019 года ўвойдуць у гісторыю краіны і стануць часткай сусветнага перапісу насельніцтва.
У свеце ў асноўным практыкуюцца традыцыйныя перапісы, калі перапісчыкі ходзяць па дамах і прапануюць запоўніць папяровую анкету. Ёсць краіны – іх няшмат, – якія выкарыстоўваюць выключна рэгістры, гэта інфармацыйныя рэсурсы, дзе ёсць адказы на патрэбныя пытанні, таму перапісваць жыхароў няма неабходнасці. У Беларусі такія базы даных таксама ўлічваюцца, але ёсць пытанні, на якія дасць адказ толькі перапіс. Усё больш краін праводзяць камбінаваны перапіс з прадастаўленнем магчымасці запоўніць перапісныя лісты праз інтэрнэт. У Беларусі такім правам скарысталіся больш за два мільёны чалавек. Ці можна ў будучым перайсці на выключна электронны перапіс? Адказ – катэгарычнае “не”! Ёсць няўдалы вопыт Новай Зеландыі, дзе такі эксперымент праваліўся. Перапіс быў сарваны, а яго арганізатара адправілі ў адстаўку.
Верагодна, было б карысна падчас перапісу задаць некалькі дадатковых пытанняў, высветліць меркаванне насельніцтва па розных аспектах нашага жыцця. Але аказваецца, што перапіс несумяшчальны з апытаннямі грамадскай думкі. Гэта не рэферэндум, тут не можа быць ніякай палітыкі. Інакш Арганізацыя Аб’яднаных Нацый вынікі такога перапісу не прызнае.
Перапісныя лісты ў розных краінах вельмі падобныя. Разам з тым, ёсць свае нацыянальныя асаблівасці і традыцыі. У Польшчы забараняецца пытацца пра веравызнанне, палітычныя погляды, даходы альбо стан здароўя. Пры гэтым кожны паляк абавязаны даць поўныя і праўдзівыя адказы, а за адмову прадаставіць інфармацыю пагражае штраф. У Італіі асобны блок пытанняў прысвечаны мігрантам, даследуецца склад іх сем’яў, узровень адукацыі, умовы пражывання, прычыны пераезду на жыхарства. У ЗША, згодна з Канстытуцыяй, па выніках перапісу ажыццяўляецца пераразмеркаванне месцаў у Палаце прадстаўнікоў Кангрэса. А ў Савецкім Саюзе матэрыялы перапісу шырока выкарыстоўваліся пры складанні пяцігадовых планаў развіцця народнай гаспадаркі.
Ва ўсім свеце эксперты аднадушныя: выгады, якія можна атрымаць ад перапісу насельніцтва, значна перавышаюць выдаткі на яго правядзенне. Засталося паспяхова завяршыць гэту кампанію і дачакацца вынікаў.