
Кожны год Арганізацыя Аб’яднаных Нацый рыхтуе Сусветны даклад аб шчасці; чарговае даследаванне паказала, што самымі шчаслівымі аказаліся фіны, і, наадварот, самымі нешчаслівымі – жыхары маленькай афрыканскай краіны Бурундзі. Беларусам кожны год адводзяць пазіцыю ў сярэдзіне спіса ў кампаніі даволі развітых краін.
Як жа вымяраюць шчасце? Для гэтага вывелі вельмі спрэчную формулу. Гэта сума такіх паказчыкаў, як працягласць жыцця, узровень цэн, сацыяльнай падтрымкі, удзел у дабрачыннасці, свабода выбіраць свой шлях у жыцці.
Дзесьці ставяцца да гэтага рэйтынга вельмі сур’ёзна, напрыклад, у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Краіна займае 21-е месца ў Сусветным дакладзе аб шчасці і нацэліліся на тое, каб узначаліць спіс. Шчасце стала адной з мэт нацыянальнай палітыкі. Там нават створана міністэрства па пытаннях шчасця і дабрабыту, а ў Дубаі ёсць вуліца Шчасця.
Там ставяцца да шчасця не як да абстрактнага паняцця, а ацэньваюць яго як важны эканамічны паказчык. Аказваецца, шчаслівыя людзі больш паспяховыя на 50 працэнтаў. А значыць, яны на палову больш прадукцыйныя і знаходзяць сэнс у сваёй працы. Абсалютная большасць такіх людзей разумеюць, што працуюць не дарма, прысвячаючы жыццё сваёй прафесіі або развіццю бізнесу.
У Эміратах вырашылі, што міністрам шчасця павінна стаць жанчына не старэйшая за 22 гады. Гэта патлумачылі тым, што краіна з маладым насельніцтвам, а значыць, патрэбны такі ж малады чалавек са свежым поглядам і нестандартнымі падыходамі. Задача міністра – стварэнне асяроддзя, у якім кожны будзе адчуваць сябе ўпэўнена і камфортна. У абавязкі ўваходзіць пастаянны маніторынг задаволенасці насельніцтва сваім жыццём. Міністр працуе над адукацыйнымі і спартыўнымі праграмамі, іміджавымі праектамі, стварэннем пазітыўнай атмасферы ў дзяржаўных кампаніях і прыватным сектары.
У дакладзе ААН Данія пастаянна ўваходзіць у тройку самых шчаслівых краін. Тут няма міністэрства шчасця, затое ў Капенгагене працуе Інстытут даследавання шчасця. Цікава, да якіх высноў прыйшлі яго супрацоўнікі?
Здавалася б, падстаў для радасці ў датчан нават менш, чым у іншых еўрапейцаў. Клімат не курортны, зімой цямнее рана, цэны высокія, падаткі астранамічныя, працаваць даводзіцца шмат. Аднак у датчан ёсць тое, што адрознівае іх ад жыхароў іншых краін: жыццёвая філасофія, якая складаецца з некалькіх няхітрых правіл.
Зрабіце свой дом і працоўнае месца ўтульнымі. Датчане аддаюць перавагу светлым адценням, шмат увагі надаюць мяккаму асвятленню, часта выкарыстоўваюць свечкі, любяць упрыгожваць дом прыемнымі дэталямі. Мяккія падушкі, карціны, паліцы з любімымі кнігамі, керамічны посуд – гэтыя дробязі ствараюць утульнасць і камфорт. Датчане аддаюць перавагу натуральным матэрыялам, да якіх прыемна дакрануцца, – дрэву, воўне, лёну і гліне. Яны ўпэўнены, што ва ўтульнае месца хочацца прыходзіць, і вы адразу адчуеце сябе больш шчаслівымі.
Трэба запрашаць гасцей. Зносіны ў сацыяльных сетках ніколі не заменяць рэальныя. Калі хтосьці кладзе руку вам на плячо, узнікае асаблівае пачуццё радасці і спакою. Толькі з блізкімі людзьмі можна расслабіцца і пабыць сабой. А тэлефоны і іншыя гаджэты на гэты час лепш адключаць.
Таксама важна навучыцца смачна гатаваць, умець радаваць сябе і нават адступаць ненадоўга ад прынцыпаў здаровага харчавання. Выбраць рэцэпт, пайсці на рынак і купіць прадукты, запрасіць да гатавання іншых членаў сям’і, а потым усім разам атрымліваць асалоду ад вячэры. У кубку гарбаты можы быць больш радасці, чым у шампанскім, у настольных гульнях – чым у камп’ютарных.
Датчане любяць смачна паесці, але тлустых толькі невялікі працэнт насельніцтва. Сакрэт заключаецца ў актыўным ладзе жыцця. І гэта не доўгія трэніроўкі ў фітнес-клубе. Гэта рух, які прыносіць задавальненне, пераважна на свежым паветры. Сямейныя прагулкі, скандынаўская хадзьба, веласіпедныя паездкі.
Жыццё не можа абмяжоўвацца толькі працай і сямейнымі клопатамі. Вельмі важна, каб было захапленне, творчы занятак, які прыносіць задавальненне. Прыгажосць навакольнага свету, смех дзяцей, усмешкі блізкіх, спакойны вечар дома з любімым чалавекам ці з добрай кнігай – менавіта гэтыя моманты складаюць шчасце жыцця. І трэба ўмець шанаваць іх, а не матэрыяльныя даброты.