Падзяліцца:
«Паралелі. Самы важны экзамен». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
18 чэрвеня 2019
«Паралелі. Самы важны экзамен». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) Кожны год першая палова лета – хвалюючая пара для дзясяткаў тысяч абітурыентаў і іх шматлікіх груп падтрымкі: бацькоў, сваякоў, сяброў, настаўнікаў. Можна, вядома, спрачацца. Але думаю, што раней паступленне было больш складаным. Цяпер трэба здаць хаця б тры тэсты і затым выбраць спецыяльнасць, на якую атрыманых балаў будзе дастаткова для залічэння калі не на бюджэтную, то платную форму. А раней платнага навучання не існавала, абітурыентаў было больш, а набіралі студэнтаў менш. І нельга было перакінуць дакументы ў іншы ўніверсітэт. Калі атрымаў невысокую адзнаку хаця б па адным прадмеце, шанцы паступіць у гэтым годзе рэзка зніжаліся. Распавядалі шмат гісторый, калі маладыя людзі на шляху да мары, напрыклад, каб стаць урачом, спрабавалі паступіць па сем-дзесяць гадоў запар. Каб стаць журналістам, трэба было вызначыцца з выбарам за пару гадоў да заканчэння школы. За гэты час супрацоўнічаць з газетамі і часопісамі, збіраць публікацыі, атрымаць рэкамендацыі. Без гэтага дакументы ва ўніверсітэт не прымалі. Увесь чэрвень праходзілі школьныя выпускныя іспыты. Іх было сем ці восем. Даводзілася цягнуць білеты, абараняць рэфераты, пісаць сачыненні і дыктоўкі, вучыць на памяць дзясяткі вершаў і ўрыўкаў з раманаў, такіх, як «Война и мир». У ліпені марафон працягваўся ва ўніверсітэце. Спачатку пісалі творчае сачыненне, за якое выстаўлялі адзнакі, як за змест, так і за пісьменнасць. Потым было сачыненне па літаратуры. Калі медалісты за гэтыя работы атрымлівалі вышэйшыя адзнакі, яны станавіліся студэнтамі. Інакш даводзілася здаваць яшчэ тры ці чатыры экзамены. Мне заўсёды было цікава, а як атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў іншых краінах, што галоўнае пры паступленні: веды або грошы, якія студэнт гатовы плаціць? Адназначнага адказу няма. Таму што ўсюды свае правілы і традыцыі. Кітаец па прозвішчы Кан 19 разоў спрабаваў здаць дзяржаўны экзамен гаокао. Сёлета 72-гадовы зборшчык металалому зрабіў апошнюю спробу, але таксама безпаспяховую. У Кітаі агульнадзяржаўны ўступны экзамен гаокао ўяўляе сабой складаныя тэсты. Іх здаюць выпускнікі сярэдніх школ, каб у далейшым паступіць у ВНУ. Экзамен лічыцца настолькі сур’ёзным, што вызначае ўсё далейшае жыццё чалавека. Правал на экзамене практычна гарантуе пажыццёвую працу на нізкіх пасадах. Напружанне абітурыентаў настолькі вялікае, што на экзаменацыйных пунктах заўсёды дзяжураць урачы. Некаторыя бацькі просяць багоў дапамагчы іх дзецям і для гэтага ў ноч перад іспытам ў двары школы спальваюць ахвярныя грошы. У краіне зрабілі больш жорсткімі правілы здачы гаокао. Цяпер за спісванне або жульніцтва з дапамогай мабільных прылад абітурыент можа атрымаць турэмны тэрмін да сямі гадоў. У Германіі выразныя правілы паступлення. Для гэтага неабходна атрымаць дыплом, які выдаецца па выніках вучобы ў школе. Каб атрымаць яго, важна здаць экзамены па чатырох асноўных прадметах. Калі дыплом на руках, здаваць дадатковыя экзамены ў ВНУ не трэба. Не ўсе нямецкія ўніверсітэты задаволены такой сістэмай паступлення. Некаторыя лічаць, што адзіны дыплом не адлюстроўвае ўзровень ведаў, і просяць зацвердзіць асобныя уступныя экзамены. І найбольш прэстыжныя навучальныя ўстановы ўвялі ўласныя іспыты. У Расіі ў 2001 годзе ў некаторых рэгіёнах упершыню праведзены адзіны дзяржаўны экзамен. Пасля ён стаў абавязковым на ўсёй тэрыторыі краіны. Гэта адначасова выпускны экзамен са школы і ўступны ў ВНУ. З моманту ўвядзення спрэчкі аб мэтазгоднасці іспыту не сціхаюць. Вельмі часта навучэнцы атрымліваюць адзнакі ніжэйшыя за тыя, якія ім звычайна выстаўлялі ў школе на ўроках. Акрамя таго, навучанне ў старшых класах зводзіцца да падрыхтоўкі да адзінага іспыту, а гэта перашкаджае атрымліваць глыбокія веды. Іншыя лічаць, што адзіны экзамен стварае роўныя магчымасці, напрыклад, падрыхтаваныя абітурыенты з правінцыі могуць паступіць у сталічныя ВНУ. Для французскіх студэнтаў самы важны экзамен на ступень бакалаўра. Гэта аналаг расійскага адзінага іспыту. Поспех забяспечвае гарантаванае паступленне ва ўсе ўніверсітэты краіны. Застанецца толькі напісаць заяву аб жаданні вучыцца. У Ізраілі для паступлення ў вышэйшую навучальную ўстанову неабходна здаць псіхаметрычны ўступны іспыт. Ён уяўляе сабой тэсты па трох накірунках: слоўнае мысленне, колькаснае мысленне (ацэньвае матэматычныя здольнасці) і англійскую мову. А ў ЗША няма адзіных патрабаванняў да абітурыентаў, як і планавага прыёму i выпуску спецыялістаў. Кожная ВНУ набірае студэнтаў па сваім меркаванні. Адны ўніверсітэты шляхам конкурсных экзаменаў, іншыя праводзяць гутарку, а ў трэція патрэбны толькі дыплом аб атрыманні сярэдняй адукацыі. Важную ролю пры паступленні граюць ускосныя фактары: удзел у школьных алімпіядах, спаборніцтвах і фестывалях. Вельмі часта амерыканцы падаюць дакументы ў некалькі ўніверсітэтаў, а пасля выбіраюць той, што найбольш падыходзіць. Застаецца пажадаць абітурыентам паспяхова здаць уступныя экзамены. Але самае галоўнае – не памыліцца з выбарам спецыяльнасці, атрымаць тую прафесію, пра якую марыце.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: