Падзяліцца:
«Паралелі. Што такое веланоміка?» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
21 Мая 2019
«Паралелі. Што такое веланоміка?» Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) Калі глядзіш старыя фільмы, разумееш, як хутка змяняецца свет: калісьці вуліцы, запоўненыя веласіпедамі, былі тыповай ілюстрацыяй в’етнамскіх і кітайскіх гарадоў, а цяпер Ханой і Пекін выглядаюць зусім па-іншаму. Веласіпед становіцца перажыткам. Азіяцкія сталіцы задыхаюцца ад смогу, на вуліцах пробкі з аўтамабіляў і нават мотатранспарту. А ў Капенгагене і Амстэрдаме зусім іншая карціна. Тут гаспадар дарог – веласіпед. У Еўрасаюзе падлічылі, што выгады ад выкарыстання двухколавага транспарту складаюць паўтрыльёна еўра ў год, гэта больш за 1000 еўра на кожнага жыхара. Адкуль бяруцца гэтыя лічбы? З’явіўся нават новы тэрмін «веланоміка», альбо веласіпедная эканоміка, якая адлюстроўвае эканамічную выгаду ад выкарыстання ровара. Гэта здаровы лад жыцця, меншая колькасць зваротаў да медыкаў, зніжэнне транспартных выдаткаў, аварыйнасці, парніковых газаў і іншага негатыўнага ўздзеяння на экалогію. Найважнейшы аспект – стварэнне працоўных месцаў. У Еўрасаюзе лічаць, што дзякуючы веларуху за год ствараецца больш як паўмільёна працоўных месцаў, у асноўным у сферы турызму, прычым гэта больш, чым у традыцыйных галінах прамысловасці. А вось прыклад амерыканскай веланомікі. Аказваецца, у Нью-Ёрку, калі на вуліцы ёсць велапаркоўка, даходнасць кампаній, якія размешчаны па суседстве, вырастае ў разы. Людзі не пралятаюць міма на сваіх аўтамабілях, а заходзяць у музеі, кафэ і крамы. Гараджан на вуліцы становіцца больш, і яны ахвотна трацяць свае грошы. Гандаль працвітае. У Фінляндыі на адзін еўра інвестыцый у веларух вяртаецца восем еўра ў якасці прыбытку! Ровар змяняе імідж гарадоў і свядомасць людзей. Там школьнікам прапанавалі намаляваць навакольны свет. І аказалася, тыя, хто ходзіць пешшу або ездзіць на веласіпедзе, малявалі яркія дамы, дрэвы і кветкі. А дзеці, якіх возяць у школу на машыне, малявалі тое, што звычайна бачаць з акна аўтамабіля: шэрыя дарогі і цёмныя будынкі. Але дазвольце, Фінляндыя – паўночная краіна, колькі там доўжыцца веласезон? Аказваецца, круглы год. Нават у мястэчках побач з Паўночным палярным кругам жыхары ездзяць на веласіпедзе ў школу і на працу, калі на вуліцы мінус 30! Яшчэ нядаўна было цяжка ўявіць, што і ў нас веласіпед можа стаць не альтэрнатыўным, а паўнапраўным гарадскім транспартам. Але сітуацыя мяняецца, а самае галоўнае, мяняецца стаўленне людзей. У Мінску каля 1% паездак адбываецца на веласіпедзе. У мінулым годзе веларух у сталіцы прынёс выгаду ў 18 мільёнаў долараў. Мэта стратэгічнага плана дзеянняў па развіцці веласіпеднага руху – павялічыць удвая колькасць паездак і падвоіць гэту выгаду да 2020 года. Калі будзе 2% паездак па горадзе, а столькі пасажыраў перавозіць мінскі трамвай, то колькасць актыўных веласіпедыстаў можа скласці 200 тысяч. Іншая справы, што веласіпед у большай ступені – гэта адпачынак, прагулка, захапленне. Толькі 15% паездак замяшчаюць перамяшчэнне на асабістым аўтамабілі. Паездкі на веласіпедзе становяцца больш зручнымі, аднак гэта ўсё роўна язда з перашкодамі, паколькі элементы інфраструктуры пакуль не звязаны паміж сабой. Эксперты падлічылі: каб не парушыць правілы дарожнага руху, веласіпедыст на шляху з дома на працу павінен спешыцца 27 разоў! Ці ёсць праціўнікі ў веларуху? Іх дастаткова, і ў гэтых людзей свае аргументы. Веласіпедысты знішчаюць нафтавую і аўтамабільную прамысловасць. Яны не купляюць новыя аўтамабілі, не бяруць на гэта крэдыты, не запраўляюцца бензінам. Не карыстаюцца паслугамі рамонтных майстэрняў і аўтамыек. Не страхуюць «грамадзянскую адказнасць». Не карыстаюцца платнымі стаянкамі. Мала таго, у іх няма праблем з лішняй масай цела і наогул яны ўсе здаровыя, а значыць, не ходзяць да ўрачоў і не трацяць грошы на лекі. Веласіпедыст – гэта сапраўднае бедства для эканомікі! Вядома, усё можна перавесці у жарт, аднак яшчэ застаецца вельмі шмат стэрэатыпаў. Бо асабісты аўтамабіль – гэта мара! І не важна, што трэба плаціць за яго абслугоўванне, губляць час у пробках і ў пошуках паркоўкі. І навошта круціць педалі, калі так зручна ехаць на сваёй машыне з кандыцыянерам і любімай музыкай. І разам з тым, гэтых дзіўных людзей, якія аддаюць перавагу ровару, становіцца ўсё больш і больш.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: