Падзяліцца:
«Паралелі. Збегчы з вялікага горада». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
5 Ліпеня 2019
«Паралелі. Збегчы з вялікага горада». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) Для многіх лета – доўгачаканы адпачынак. Калі верыць апытанням, кожны трэці марыць правесці яго на дачы. Гэта свабода ад горада, ад руціны, ад этыкету, стылю адзення. Для жыхароў краін СНД дача – і загарадны дом, і агарод, і месца для рэлаксу. Дача – гэта наша ўнікальная з’ява. Слова перайшло ў іншыя мовы з рускай без перакладу, як, напрыклад, «sputnik» і «perestroika». Кожную пятніцу выстройваюцца чэргі з машын на выезд з горада. А паласа, якая вядзе ў горад, наадварот, свабодная. Жаданне з’ехаць на прыроду, на дачу, у вёску хаця б на выхадныя, верагодна, звязана з нашымі каранямі. Бо ва ўсе часы большасць беларусаў былі сельскімі жыхарамі. Белстат прааналізаваў вынікі перапісаў насельніцтва, пачынаючы з 1897 года. Аказалася, што ў канцы ХІХ стагоддзя ў Мінску жыла 91 тысяча чалавек, з іх 10 тысяч у прыгарадзе. Наступны маштабны перапіс адбыўся ў снежні 1926-га. Тады ў нашай сталіцы было 128 тысяч жыхароў. Паўмільённы рубеж быў зафіксаваны па выніках перапісу 1959 года. Мільённы жыхар Мінска нарадзіўся 25 студзеня 1972 года. Сям’я хлопчыка атрымала кватэру, а на кніжку паклалі 500 рублёў, якія мільённы мінчанін мог зняць у дзень свайго паўналецця. У 1985 з’явіўся на свет паўтарамільённы жыхар сталіцы. А цяпер горад ушчыльную падышоў да мяжы ў 2 мільёны жыхароў. Больш дакладны адказ дасць перапіс насельніцтва, які пройдзе ў кастрычніку. Даныя добра паказваюць, як расло насельніцтва гарадоў і адначасова скарачалася колькасць сельскіх жыхароў. Пералом ва ўрбанізацыі адбыўся ў 1976 годзе, калі колькасць гарадскога насельніцтва перавысіла колькасць сельскага. Магчыма, правінцыяльны рытм жыцця больш гуманны. Далей ад праблем, іншыя хуткасці, нізкапавярховыя дамы са сваімі кветнікамі і агародамі. Але многія не хочуць ціхага шчасця, мараць перабрацца ў сталіцу, бліжэй да заводскіх труб, жыць у кватэры на высокім паверсе. Ці магчымы зваротны працэс? Я б сказаў адназначна «не», калі б не з’ездзіў у знаёмую вёску. Там амаль не засталося пастаянных жыхароў, даўно закрылася крама, а дамы немагчыма было прадаць нават за бясцэнак – не было пакупнікоў. А цяпер усё змянілася. У хатах гарыць святло, засаджаны агароды. Людзі сталі вяртацца ў бацькоўскія дамы, якія пакінулі шмат гадоў таму. Вядома, у асноўным пенсіянеры. На сваю малую радзіму прыязджаюць ранняй вясной пасадзіць агарод, праводзяць лета, а потым застаюцца да зімы. Жаданне з’ехаць на лета з горада аб’ядноўвае нас з жыхарамі іншых краін, якія стаміліся ад урбанізацыі. Імператар Старажытнага Рыма Актавіян Аўгуст у 18 годзе да нараджэння Хрыстова загадаў заснаваць для рымскіх грамадзян штогадовы адпачынак – канікулы. Паколькі яны прыпадалі на месяц, названы ў яго гонар, то іх сталі называць «ферагоста» ці «жнівеньскія вакацыі». Мяняліся часы, мяняліся норавы, але традыцыя трывала ўвайшла ў побыт італьянцаў, і яны няўхільна выконваюць яе стагоддзямі. Пік «жнівеньскіх вакацый» прыпадае на 15-е жніўня, калі ўся Італія замірае. Нават тыя, хто працягвае працаваць у гэты спякотны летні месяц, закрываюць свае канторы, майстэрні, крамы і з’язджаюць з горада. Бязлюдныя вуліцы, зачыненыя вітрыны – такую карціну можна ўбачыць паўсюдна. Больш за палову жыхароў Апенінскага паўвострава (40 з 60 мільёнаў), адначасова адпраўляюцца з буйных гарадоў на прыроду. У трохмільённым Рыме, напрыклад, застаецца толькі мільён карэнных жыхароў. А паколькі вялікая колькасць італьянцаў адпраўляецца ў адпачынак на сваім аўтамабілі, то пробкі на выезд з горада могуць расцягнуцца на дзясяткі кіламетраў. Многія кожны год адпраўляцца ў адны і тыя ж месцы, сумяшчаюць адпачынак на прыродзе з наведваннем родных і блізкіх. Жыхары Японіі таксама едуць з гарадоў на канікулы адначасова. Гэты перыяд завецца «залаты тыдзень». У пачатку мая да дзяржаўных свят дадаюцца выхадныя, атрымліваецца паўнавартасны адпачынак, які сёлета працягваўся дзесяць дзён. Гэта час, калі не варта ехаць у Японію. «Залаты тыдзень» – гэта самыя дарагія білеты, перапоўненыя гасцініцы, чэргі ў рэстаранах. Але майскія канікулы – выключэнне з агульнага правіла ў краіне працаголікаў. Замест 18 адпускных дзён, японцы выкарыстоўваюць толькі 8. Кожны шосты работнік наогул не бярэ ніводнага дня адпачынку. Людзі нібыта адчуваюць віну за тое, што не працуюць. Таму ў Японіі прапанавалі на заканадаўчым узроўні абавязаць людзей браць водпуск хаця б на пяць дзён у год. Два тыдні – сярэдні адпачынак у ЗША, але ўзяць іх за адзін раз рэдка каму ўдаецца. Амерыканцы навучыліся адпачываць патрошку. Звычайныя выхадныя часам плануюць, як паўнавартасныя канікулы. Акрамя фастфуду, тыповай рысай Амерыкі становіцца фаст-адпачынак. Гэта, напрыклад, злятаць на мора на адну ноч ці паехаць на прыроду на тры гадзіны, правёўшы шэсць гадзін за рулём. Не дзіўна, што пры такім рытме кожны пяты амерыканец мае хранічнае недасыпанне. Але ёсць прынцып, якога прытрымліваюцца 98 працэнтаў сямейных амерыканцаў: на адпачынак ехаць усёй сям’ёй, уключаючы нават хатніх гадаванцаў. Нягледзячы на культурныя адрозненні і фінансавыя магчымасці, у людзей агульнае жаданне: быць бліжэй да прыроды. І каб яго ажыццявіць, не трэба шмат грошай. У нас тысячы азёр і рэк, нацыянальныя паркі, сялянскія сядзібы ў маляўнічых кутках. І, у рэшце рэшт, любімая дача, якая заўсёды выручае.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: