Падзяліцца:
«Паралелі. Зрабіць свет лепшым». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
17 снежня 2018
«Паралелі. Зрабіць свет лепшым». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё) У Амерыцы ў канцы XIX стагоддзя казачна багатыя людзі лічылі сваім абавязкам заснаваць новы ўніверсітэт, які атрымліваў у рэшце рэшт імя заснавальніка. Так ствараліся традыцыі дабрачыннасці, а багацеі ўпісвалі сваё імя ў гісторыю. У наш час дабрачыннасць усё больш становіцца ананімнай. Людзі не афішуюць свае добрыя справы. А вось мільярдэры, якія паспелі зарабіць усе грошы свету, наадварот, аддаюць перавагу публічнай дабрачыннасці. Спадзяюся, не столькі дзеля славы, а каб паказаць прыклад іншым. Адзін з самых багатых людзей свету Біл Гейтс лічыць, што велізарнае багацце ідзе нага ў нагу з вялікай адказнасцю, абавязацельствамі падзяліцца з грамадствам і забяспечыць найлепшае размеркаванне гэтых сродкаў тым, хто ў іх мае патрэбу. У 2010 годзе 38 амерыканскіх мільярдэраў падпісалі абавязацельства аддаць не менш за палову свайго багацця на дабрачыннасць. З ініцыятывай пад назвай “Клятва дарэння” выступіў вядомы інвестар Уорэн Бафет. Сярод тых, хто падпісаў ініцыятыву – заснавальнік карпарацыі Microsoft Біл Гейтс, кінарэжысёр Джордж Лукас і мэр Нью-Ёрка Майкл Блумберг. Неўзабаве да гэтай клятвы далучыліся Марк Цукерберг і Дасцін Москавіц, заснавальнікі найбуйнейшай у свеце сацыяльнай сеткі Facebook. Да канца 2018 года каля 200 найбольш багатых людзей з 22 краін далучыліся да гэтай ініцыятывы. Да 2022 года агульная сума ахвяраванняў можа дасягнуць 600 мільярдаў долараў. “Клятва дарэння” – гэта маральнае абавязацельства, яна не мае юрыдычнага або абавязковага статусу. Мільярдэры могуць аддаць палову маёмасці пры жыцці, а могуць завяшчаць грошы дабрачынным арганізацыям. Кожны донар сам выбірае накірункі, якія ён хоча фінансаваць. Звычайна сродкі ідуць на адукацыю і ахову здароўя, абарону навакольнага асяроддзя, падтрымку навукі і культуры. Міжнародны фонд “Charities Aid Foundation” штогод складае сусветны рэйтынг дабрачыннасці. У ім згадваецца і наша краіна. Адзначаецца, што ў Беларусі на працягу года ахвяравалі грошы больш як 20 працэнтаў насельніцтва. Кожны чацвёрты беларус аказваў дапамогу незнаёмцам. Кожны пяты займаўся валанцёрствам. Лідарам апошняга рэйтынгу стала Інданезія. Гэтая краіна абышла М’янму, якая займала першае месца некалькі гадоў запар. Больш за 90 працэнтаў насельніцтва М’янмы займаюцца дабрачыннасцю ў той ці іншай форме. Тут прынята рэгулярна рабіць ахвяраванні, часцей за ўсё невялікія сумы перадаюць будысцкім манахам. Жыхары Расіі расходуюць на дабрачыннасць да двух з паловай мільярдаў долараў за год. Гэта сума параўнальная з выдаткамі федэральнага бюджэту на ахову здароўя. Прычым найбуйнейшыя нафтагазавыя кампаніі – не самыя шчодрыя дарыльшчыкі. Асноўную частку ахвяраванняў робяць звычайныя людзі. У сусветным рэйтынгу не выяўлена прамой залежнасці паміж узроўнем дабрабыту насельніцтва і ўзроўнем дабрачыннасці. Іншымі словамі, нельга сцвярджаць, што багатыя людзі ахвяруюць больш, чым людзі з сярэднім і нізкім дастаткам. Так, напрыклад, у Топ-20 рэйтынгу толькі некалькі краін, з “Вялікай дваццаткі” (G20), у якую ўваходзяць найбуйнейшыя эканомікі свету. Як разумеюць дабрачыннасць і на што гатовы ахвяраваць жыхары Беларусі? Вынікі даследавання прадставіў Беларускі Чырвоны Крыж. У нас вялікая колькасць гуманітарных і дабрачынных арганізацый, якія дапамагаюць дзяржаве вырашаць важныя сацыяльныя праблемы. Усё больш людзей свядома становяцца валанцёрамі. Расце колькасць сацыяльных праектаў. Пад дабрачыннасцю ў Беларусі разумеюць практычна любую бязвыплатную дапамогу. Большасць вырашае ахвяраваць напрамую людзям, якія маюць патрэбу, меншая частка – праз дабрачынныя і грамадскія арганізацыі. Бізнес дапамагае ў аднолькавай ступені як людзям напрамую, так і праз дабрачынныя структуры. Асноўны від ахвяраванняў – грошы. Прадстаўнікі бізнесу назвалі галоўны матыў удзелу ў дабрачыннасці: зрабіць свет лепшым. Малы і сярэдні бізнэс за адзін раз ахвяруе каля 700 рублёў. А грамадзяне Беларусі, якія ўдзельнічаюць у дабрачыннасці, расходуюць на гэта ў сярэднім 78 рублёў за год. Але не за адзін раз. У сярэднім – пяць ахвяраванняў на працягу года. Самы зручны спосаб перадаваць грошы, на думку людзей, асабіста ў рукі. Але чамусьці арганізацыі гэты метад збору ахвяраванняў амаль не выкарыстоўваюць. І насельніцтва, і бізнес называюць аднолькавую ўмову, пры якой будуць ахвяраваць яшчэ больш – калі стануць больш зарабляць. Адна з нашых традыцый – на Каляды і Новы год рабіць падарункі. А найбольш вядомая і масавая дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” праходзіць сёлета 28-мы раз. І гэта выдатная нагода для новых добрых спраў.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: