
У ХХІ стагоддзі ў чалавецтва з’явілася яшчэ адна агульная каштоўнасць – захаванне і паляпшэнне якасці навакольнага асяроддзя. Аналітыкі называюць гэта стагоддзе інфармацыйна-экалагічным. Паўсюдна расце колькасць людзей з экалагічнай свядомасцю, павышаецца экалагічная культура і нават на выбарах у розных краінах эколагі атрымліваюць стабільную падтрымку. Апытанні грамадскай думкі таксама паказваюць, што праблемы навакольнага асяроддзя не застаюцца без увагі грамадскасці.
Сёння, у Сусветны дзень навакольнага асяроддзя, эколагі ўсяго свету звяртаюць увагу на адну з галоўных праблем – забруджванне паветра. «Прыйшоў час рашучых дзеянняў», – заявіў Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш і звярнуўся да ўрадаў з заклікам: «Нам патрэбна «зялёная», а не «шэрая» эканоміка. Неабходна ўвесці падатак на забруджванне, адмовіцца ад субсідзіравання выкапнёвага паліва і спыніць будаўніцтва новых вугальных электрастанцый».
90 працэнтаў насельніцтва свету дыхаюць забруджаным паветрам. Ад наступстваў кожны год паміраюць 7 мільёнаў чалавек, гэта прычына мноства цяжкіх захворванняў. Таму важна, каб усе краіны выконвалі свае абавязацельствы па абароне навакольнага асяроддзя, сачылі за якасцю паветра і яго ўздзеяннем на здароўе людзей, вызначалі крыніцы забруджвання, публікавалі рэкамендацыі, устанаўлівалі нормы і стандарты, мелі план дзеянняў на мясцовым, нацыянальным і рэгіянальным узроўнях.
Убачыць чыстае неба ў Пекіне – вялікая ўдача. Сталіца Кітая ўжо шмат гадоў у турыстаў выклікае асацыяцыю з людзьмі ў масках і смогам. Канцэнтрацыя шкодных часціц у паветры ў разы вышэй за дапушчальныя сусветныя стандарты. Здаецца, што паветра можна ўбачыць і нават памацаць. Гэта не туман, а смог. Сярэднестатыстычны кітаец з-за смогу жыве на тры гады менш, чым мог бы, а жыхар Пекіна – на шэсць. Смог уплывае на органы дыхання, прыводзіць да дэпрэсіі, выклікае дыябет.
Ачышчальнік паветра тут такая ж звычайная рэч, як у нас дома чайнік. У многіх на смартфонах – праграмы, якія адсочваюць якасць паветра. У любой краме – ахоўныя маскі. Звычайныя белыя, антыбактэрыяльныя, каляровыя для дзяцей, з рэспіратарам, з актываваным вугалем. Але самыя папулярныя зараз – шэрыя, лічыцца, што гэта стыльна і практычна, бо белыя таксама хутка стануць шэрымі.
«Абарончая вайна за блакітныя нябёсы» – так кітайцы назвалі трохгадовы экалагічны план. Сёлета на яго вырашана вылучыць амаль дзевяць мільярдаў долараў. Гэта на трэць больш, чым летась. Кітайскі эканамічны цуд прынёс вялікі прыбытак. Але частку гэтых грошай краіна ўзяла ў пазыку ў прыроды. Зараз прыходзіцца аддаваць. Бо ад эканамічнага цуду да экалагічнага бедства адзін крок.
Горад Нью-Дэлі, мегаполіс з насельніцтвам у 20 мільёнаў чалавек, апошнія гады займае лідзіруючыя месцы ў рэйтынгу самых брудных гарадоў свету. Паветра ў індыйскай сталіцы стала настолькі небяспечным, што эксперты асцерагаюцца за здароўе мясцовых жыхароў і ў выпадку пагаршэння сітуацыі просяць па магчымасці не пакідаць дамы. Паветра ў горадзе перанасычана небяспечнымі цвёрдымі часціцамі, якія могуць пранікаць у арганізм чалавека і пашкоджваць тканкі лёгкіх.
Смог у Нью-Дэлі бывае настолькі шчыльным, што бачнасць у цэнтры горада не перавышае некалькіх метраў. У такія дні на вуліцу людзі выходзяць у спецыяльных масках, якія дазваляюць хоць трохі зберагчы лёгкія і дыхальныя шляхі.
Многія гараджане пакутуюць ад астмы і іншых захворванняў сістэмы дыхання. Перыядычна, калі забруджванне паветра вырастае да пікавых значэнняў, улады прымаюць рашэнне аб прыпыненні заняткаў у школах, уводзяць часовыя забароны на будаўнічыя работы і выкарыстанне прыватнага транспарту ў межах горада. Нягледзячы на гэта, штогод у Індыі ад атрутнага смогу паміраюць каля мільёна чалавека, а Нью-Дэлі працягвае ўпэўнена ўтрымліваць статус горада з горшай экалогіяй у свеце.
Пасля такіх параўнанняў здаецца, што ў Мінску паветра добрае нават у прамысловых раёнах і на цэнтральных аўтамагістралях. Але варта ад’ехаць ад горада, як адразу разумееш, наколькі лягчэй і прыемней дыхаць. Якасць паветра ў нашых гарадах напрамую звязваюць з ростам аўтапарку. І вырашыць праблему можна, толькі калі людзі атрымаюць паўнавартасную альтэрнатыву аўтамабілю. Пакуль жа толькі адзін працэнт ўсіх паездак адбываецца на веласіпедах. Перспектывы развіцця электратранспарту вялікія, але іх яшчэ цяжка ацаніць. Аднак ёсць адчуванне, што мы на парозе вялікіх змен. Бо нездарма кажуць, што мы атрымалі зямлю не ў спадчыну ад бацькоў, а ўзялі яе ў доўг у нашых дзяцей.